Год на Кобрыншчыне дзейнічае італьянская аграфірма. Яна паўстала на месцы адной з самых адсталых гаспадарак рэгіёна. У суседнім Пружанскім раёне другі год спрабуюць атайбавацца кітайскія раслінаводы. Для Беларусі — выгода ці экзотыка

Італьянцы выбралі Залессе.

Італьянцы выбралі Залессе.

Уладзімір Марчук і Аліва Дыега.

Уладзімір Марчук і Аліва Дыега.

Кіраўніцтва «Бісола Габрыэле Фарм» арандуе памяшканне ў былой калгаснай канторы.

Кіраўніцтва «Бісола Габрыэле Фарм» арандуе памяшканне ў былой калгаснай канторы.

Генералісімус Сувораў, як напамін пра італьянскі паход.

Генералісімус Сувораў, як напамін пра італьянскі паход.

Побач з канторай мясцовы ДК з шыкоўнымі фрэскамі на фасадзе.

Побач з канторай мясцовы ДК з шыкоўнымі фрэскамі на фасадзе.

Італьянцы прывезлі з сабой заходнюю тэхніку.

Італьянцы прывезлі з сабой заходнюю тэхніку.

Італьянскі тэрмінатар.

Італьянскі тэрмінатар.

Кітайцы атайбавліся ў Шчарчове, былым вайсковым гарадку.

Кітайцы атайбавліся ў Шчарчове, былым вайсковым гарадку.

Кітайская салата — ці не адзінае, што ў гэтым годзе дала ўраджай.

Кітайская салата — ці не адзінае, што ў гэтым годзе дала ўраджай.

Размовы з кітайцамі не ўдаліся.

Размовы з кітайцамі не ўдаліся.

У гэтым бур'яне пагінулі таматы.

У гэтым бур'яне пагінулі таматы.

У меліярацыйным канале плаваюць кайстры ад пестыцыдаў.

У меліярацыйным канале плаваюць кайстры ад пестыцыдаў.

Разбураныя парнікі нагадваюць парэшткі дагістарычных жывёлінаў.

Разбураныя парнікі нагадваюць парэшткі дагістарычных жывёлінаў.

Склады «СінБелАгра» месцяцца на тэрыторыі былой в/ч.

Склады «СінБелАгра» месцяцца на тэрыторыі былой в/ч.

Ураджай вязуць у сховішча.

Ураджай вязуць у сховішча.

Некалі гэты ўчастак пільна ахоўвалі, цяпер тут скрозь дзіры ў «калючцы».

Некалі гэты ўчастак пільна ахоўвалі, цяпер тут скрозь дзіры ў «калючцы».

Гурбы морквы ляжаць прооста на падлозе.

Гурбы морквы ляжаць прооста на падлозе.

Першапачаткова я задумаў зрабіць рэпартаж пра так званы «кітайскі калгас» у вёсцы Шчарчова на Пружаншчыне, дзе другое запар кітайскае прадпрыемства спрабуе вырошчваць гародніну. Па інфармацыю звярнуўся да свайго сябра, які жыве ў тых мясцінах. «Кітайцы? Ведаю, быў у іх колькі разоў. А я ж сам у італьянцаў працую, у Кобрынскім раёне. Прыязджай — пакажу і раскажу, як яны тут працуюць». Чаму б не? Калега бярэ відэакамеру, і мы выпраўляемся ў падарожжа. Першым пунктам нашага маршруту стала вёска Залессе, што ў лічаных кіламетрах ад леташняй сталіцы Дажынак.

«А што вы хацелі ўбачыць — партрэт Берлусконі?»

Залессе сустракае прыдарожным крыжам і шыльдай, з якой вынікае, што першая згадка пра паселішча датуецца 1563 годам. Здымаем на відэа шыльду, бурты цукровых буракоў наўзбоч дарогі. У гэты момант міма нас колькі разоў праязджае навюткі джып. Спыняецца нарэшце. Кіроўца і пасажыр неславянскай знешнасці, у запыленай рабочай вопратцы, на ламанай расійскай мове пытаюць, што мы робім. Пры слове «журналісты» насцярожанасць на іх тварах саступае месца шырокім усмешкам. Нас запрашаюць у кантору і абяцаюць распавесці пра ўсё!

Кіраўніцтва італьянскай аграфірмы месціцца ў двухпавярховым будынку стандартнай вясковай канторы. Побач і сельсавет, і пошта. У падвале канторы прыватнік адчыніў краму з патрыятычнай назвай «Нашы вытокі». Перад будынкам, як напамін пра італьянскі паход 1799 года — помнік генералісімусу Сувораву. Яго імя ў часы Другой сусветнай вайны насіў мясцовы партызанскі атрад. Фасад дома культуры, які стаіць побач з канторай, упрыгожаны фрэскамі з выявай Францыска Скарыны і сцэнамі з купальскай ночы. Праз дарогу — прыпынак, з якога можна выправіцца на гарадскім аўтобусе ў блізкі Кобрын.

Са сцяны прасторнага і халаднаватага кабінета дырэктара аграфірмы глядзіць партрэтны Лукашэнка. «А што вы хацелі ўбачыць? Партрэт Берлусконі і сцяг Італіі?», — смяецца мой сябар Уладзімір Марчук, які працуе тут намеснікам дырэктара фірмы па вытворчасці. Ён расказвае нам, як і чаму на Кобрыншчыне з’явіліся італьянцы.

4000 гектараў зямлі і 7 мільярдаў пазык

Італьянская аграфірма «Бісола Габрыэле Фарм» паходзіць з Вероны, мае філіялы на радзіме і ў Чэхіі. Займаецца вытворчасцю мяса-малочнай прадукцыі, вырошчваннем садавіны і гародніны. У Беларусі аднайменнае замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю з’явілася ў снежні мінулага года. Чаму менавіта ў нас? Бо беларусы, што працуюць на італьянскіх і чэшскіх палетках фірмы, зарэкамендавалі сябе найлепшым чынам, кажуць у Залессі. У сваёй краіне і ў Чэхіі італьянцы зазналі праблемы з арашэннем. Таму, аб’ездзіўшы ў пошуках прыдатнага месца ўсю Брэсцкую вобласць, абралі СВК «Быстрыца», землі паміж Мухаўцом і Днепра-Бугскім каналам. Нягледзячы на «імклівую» назву, гаспадарка апынулася ў самым хвасце абласнога спісу паказчыкаў. Як вынік, разам з больш як 4000 га зямлі інвестар атрымаў у спадчыну лядашчы парк тэхнікі і 7 мільярдаў рублёў пазык.

Новае сельгаспрадпрыемства не мае пакуль нават фірмовай шыльды. Грошы ідуць на больш важнае — інвестар набывае тэхніку і абсталяванне для арашальнай сістэмы.

Дарэчы, фірма ідзе па пратаптанай землякамі сцежцы: у Івацэвіцкім раёне другі год дзейнічае італьянскае прадпрыемства «Белагракультура». Як і «Бісола Габрыэле Фарм», яно таксама паўстала на базе заняпалай гаспадаркі з «хвастом» пазык у 3 мільярды рублёў.

«Працаваць усюды цяжка»

Пакуль Уладзімір Марчук расказвае нам пра справы аграфірмы, у пакой зазіраюць самыя розныя людзі — ад механізатара да ўчастковага міліцыянта. Пабачыўшы камеру, на секунду губляюцца. Потым прыходзяць італьянцы — дырэктар фірмы ў Беларусі Тыёца Фабрыцыа і яго памочнік Аліва Дыега. «Ці цяжка працаваць у Беларусі?» — пытаем. Італьянцы на хвіліну задумаліся: «Працаваць, калі працаваць па-сапраўднаму, цяжка ўсюды».

Уражвае веронцаў памер іх беларускай фірмы: у Італіі ды Чэхіі іх землі вымяраюцца сотнямі гектараў, а тут цэлыя чатыры тысячы. Італьянцы хутка адаптаваліся да жыцця сярод беларусаў, але па сваіх сем’ях, якія засталіся на радзіме, натуральна, сумуюць. Але на доўгае настальджы ім нестае часу. Дырэктар працуе нароўні з іншымі. «У мяне вопратка чысцейшая, чым у начальніка. Падумаюць, што я тут самы гультай», — смяецца Уладзімір, фатаграфуючыся для прэсы з італьянцамі.

Якія ж вынікі першага сезона «Бісола Габрыэле Фарм» у Беларусі? Пшаніца, піваварны ячмень і кукуруза далі добры ўраджай, нават удалося перавыканаць дзяржаўнае заданне (яно пакуль што распаўсюджваецца і на замежнае прадпрыемства, але часова, кажуць у «Бісола Габрыэле Фарм»). А рапс і цукровікі не ўрадзілі. На прадукцыю італьянцаў ужо прэтэндуюць пакупнікі з Расіі і Украіны.

Адзін «Беларус» сярод «Джон Дзіраў»

На мехдвор ідзём з намеснікам дырэктара Андрэем Парычэўскім. Ён ездзіць на працу з Брэста. Раней у «Быстрыцы» было трохі старой тэхнікі. Новыя гаспадары прыгналі з Італіі з дзясятак трактароў з прычапнымі агрэгатамі, некалькі адзінак спецыяльнай тэхнікі, дажджавальную ўстаноўку. Сярод навюткіх машын у ангары ўзвышаецца савецкі «кіравец». «Пакуль не вызначыліся з ягоным лёсам — ці рамантаваць, ці прадаць», — кажа Андрэй Фёдаравіч. Іншай айчыннай ці «саюзнай» тэхнікі на мехдвары не відно. «А як жа лозунг: «Купляй беларускае»? Не заахвочваюць вас падтрымаць МТЗ?» — цікаўлюся ў намесніка. Той кажа, што аднаго «Беларуса» такі набылі — працуе на малочнай ферме.

Сярод механізатараў-беларусаў завіхаецца чарнявы мужчына ў фірмовым камбінезоне. Італьянец працуе на найбольш складаных агрэгатах. З мясцовымі калегамі, як і яго начальнікі, паразумеўся хутка. Калі нестае словаў, дапамагаюць жэсты.

«Беларусам трэба дыктатар»

Самае цяжкае ў працы на замежным прадпрыемстве — змяніць псіхалогію мясцовых супрацоўнікаў, кажа Марчук. «Мы выгадавалі цэлае пакаленне халяўшчыкаў: людзям далі бясплатную адукацыю, потым працу. Ды яшчэ ў бясплатныя дамы пасялілі. І як іх можна пасля гэтага прымусіць працаваць, калі чалавек можа ўсё кінуць, паехаць у суседнюю гаспадарку і атрымаць там такое самае бясплатнае жытло і працу?»

Са сваёй ініцыятывы італьянцы не звольнілі ніводнага работніка былога СВК. «Усім далі магчымасць працаваць, злосных парушальнікаў дысцыпліны ўгаворвалі да апошняга», — кажа Марчук. Але ўтрымаліся не ўсе. І гэта пры тым, што памер заробкаў у некалі адсталай гаспадарцы скочыў на трэцяе месца ў раёне, а супрацоўнікі займелі рэальны выходны па нядзелях. Сёння ў фірме стала працуе больш за семдзесят чалавек, яшчэ каля трыццаці запрашаюцца сезонна.

«Парадокс, але мне даводзіцца прымушаць сваіх падначаленых зарабляць больш! — дзівіцца Уладзімір. — У нас працуеш болей — адпаведна маеш вышэйшы заробак».

І ўсё ж сітуацыя пакрысе змяняецца. У гаспадарку актыўна пацягнулася моладзь, нават з Кобрына едуць. Марчук дзеліцца назіраннем: у вёсках, дзе створаныя чалавечыя ўмовы працы і за яе няблага плацяць, жыццё віруе.

Другая кітайская спроба

Дзякуючы кітайцам, вёска Шчарчова на Пружаншчыне не выходзіць з-пад увагі СМІ: за гэты час тут ужо другая кітайская кампанія спрабуе займацца вырошчваннем агародніны. Летась газеты пісалі пра фірму «Шэнян», якая арандавала на гэтыя мэты зямлю ў Шчарчоўскім сельсавеце, а таксама пра амбітныя планы збудаваць пад Пружанамі комплекс з некалькіх сотняў цяпліц. Скончылася тая гісторыя тым, што кітайцы з «Шэняна», падманутыя сваім інвестарам, не мелі грошай нават на квіток і рушылі пешшу ў Мінск шукаць праўды.

Цягнікі з кітайскімі цяпліцамі, пра якія гаварыў пасол Беларусі ў Кітаі Анатоль Тозік, да нас дагэтуль не патрапілі.

У гэтым годзе тую ж зямлю ў Шчарчове арандавала новая кампанія — «СінБелАгра». Займацца вырашылі таксама гароднінай. Гэтым разам прыехалі паўтара дзясятка кітайцаў — у разы менш, чым летась. Ім дапамагаюць беларусы. Па вясковых мерках кітайцы плацяць шчодра: каля 30 тысяч рублёў за працадзень.

«У іх сёлета атрымаўся неблагі ўраджай салаты і морквы, а вось памідоры пагнілі. Былі праблемы з пустазеллем — такога кітайцы яшчэ не бачылі. Дапамог Інстытут аховы раслін», — расказаў Уладзімір Марчук, які цікавіцца «канкурэнтамі» ды часам заязджае ў Шчарчова.

Яшчэ ў Залессі нам распавялі, што летась прадукцыя першай кітайскай фірмы не прайшла хімічнага кантролю. Нібыта ў пагоні за хуткім і багатым ураджаем кітайцы не пашкадавалі ўгнаенняў і пестыцыдаў. Мы вырашылі пабачыць «кітайскі» калгас на свае вочы.

«Мая твая не панімай»

Да Шчарчова вядзе вузкая дарога, на якую трэба збочваць з прамой, як страла, трасы Брэст — Пружаны. Кітайскія палеткі пачынаюцца яшчэ да вёскі: з паўдзясятка чалавек нетаропка працавалі пасярод поля, засаджанага нечым падобным да капусты (кітайскай салатай, як высветлілася пазней). Пайшлі знаёміцца. І дзівімся на кітайскія цяпліцы: на ўскрайку поля стаіць каркас парніка, зроблены… з сасновых бярвенняў. На суседнім полі, за палявой дарогай і меліярацыйнай канавай, бялеюць парэшткі іншай будаванкі. Падобна да шкілета гіганцкай дагістарычнай істоты.

Кітайцы пры нашым набліжэнні ўстаюць і пачынаюць нешта выкрыкваць. Іх шасцёра, у руках нажы. Робіцца ніякавата. Яны не разумеюць ні рускай, ні англійскай ці робяць выгляд, што «мая твая не панімай». Не дабіўшыся толку, сыходзім, каб агледзець палеткі.

Кавалак зямлі, аддадзены кітайцам, падзелены меліярацыйнымі каналамі на чатыры ўчасткі. Зразумець, што вырошчвалася на трох бязлюдных, цяжка. На адным, парослым па пояс пустазеллем, адшукаліся шэрагі ўчарнелых раслінаў, падобных да таматаў.

Падыходзім да канала. На беразе ляжыць выкарыстаная ёмістасць ад гербіцыдаў са жменяй белых гранулаў на дне. Яшчэ адна кайстра проста ў вадзе. Такое водзіцца і за беларускімі гаспадаркамі, але вялізныя штрафы ад прыродаахоўных ведамстваў прымушаюць рабіць гэта не так нахабна.

Прычыны разбурэння парніка, які здалёк нагадваў дыназаўра, робяцца зразумелымі на месцы: элементы каркаса, зробленыя з палімерных трубак, мацаваліся… капронавым шпагатам. Што тут вырошчвалася, і ці вырошчвалася ўвогуле, мы так і не высветлілі.

Ураджай за калючым дротам

На полі з’яўляецца трактар, на яго пачынаюць грузіць салату. Кіруемся туды, адкуль трактар прыехаў. Кажуць, што недзе там месціцца кантора «СінБелАгра». Дарогу падказваюць салатныя лісты.

Трапляем на тэрыторыю гаражоў былой вайсковай часці. Тут пануе запусценне. Праз акно кантрольна-тэхнічнага пункта заўважаем разасланы ложак. На падваконні — пакункі таблетак з іерогліфамі, зубачысткі, кітайскія гумовыя боты і пляшка ад гарэлкі «Беларусь сінявокая».

Сляды з салаты вядуць нас да ангараў. Над галавой шумяць хвоі. Пад адной з іх знаходзім чарговую кайстру ад «хіміі». Даходзім да падвойнай агароджы з калючага дроту. За дротам — ангары з ураджаем. Пратаптаная сцежка кіруе да дзірак у «калючцы» — у рост чалавека.

У боксах дзе-нідзе няма дзвярэй. Проста на зямлі, насыпам, у некалькі гурбаў зваленая морква. Частка ўраджаю запакаваная ў сеткі і накрытая цэлафанам. Пасярод ангара — патухлае кастрышча. На парозе ляжаць звялыя грыбы, пакусаныя яблыкі і морквіна. За боксамі ў некалькі шэрагаў бялеюць знаёмыя ўжо «дыназаўры».

Шукаем кіраўніцтва. На парозе адной з былых казармаў сустракаем мужчын. Яны працуюць не з кітайцамі, але побач — на адным з прадпрыемстваў, адчыненых на тэрыторыі былой вайсковай часці. Тут дзейнічаюць невялікая мэблевая фабрыка і швейнае прадпрыемства, што вырабляе спецвопратку і абутак. Выпраўка і манера гаварыць выдаюць у дзядзьках іх магчымае вайсковае мінулае: многія з адстаўнікоў знайшлі тут працу пасля расфарміравання часці. Яны падказваюць нам дарогу да кітайцаў. Кантора замежнікаў знаходзіцца ў былой салдацкай чайной.

Каб мы так працавалі, як кітайцы…

Але і тут няўдача! Дзверы зачыненыя з сярэдзіны, у памяшканні нехта грукае, але на нас ніяк не рэагуе. На падлозе аднаго з пакояў стаяць вагі, на іх — ці то капуста, ці то салата.

Ідзём у вёску, каб распытаць у мясцовых пра суседства з іншай культурай і побытам.

«Каб мы так працавалі, як кітайцы, то даўно б жылі, як у раі», — кажа немалады мужчына. Ён характарызуе замежнікаў як надзвычай працавітых і згадвае пра высокія заробкі, якія ў кітайцаў можа атрымаць кожны ахвочы. Побач спыняюцца «Жыгулі», з іх выходзіць мужчына, які прадстаўляецца старшынёй сельсавета. Не адразу пагаджаецца гаварыць пра кітайцаў. Потым усё ж кажа, што кітайцы ўжо згортваюцца, збіраюць рэшту ўраджаю. І дадае, што ў наступным годзе яны зноў будуць вырошчваць гародніну. Старшыня расказвае нам пра новыя прадпрыемствы на тэрыторыі былой часці, паўтараючы пачутае ў Залессі: жыццё ў сучаснай вёсцы трымаецца пры наяўнасці працы, інфраструктуры і магчымасці нармальна адпачыць. Шчарчова, на яго думку, гэтым крытэрам адпавядае.

«Нам яны не перашкаджаюць, працуюць сабе і нашым даюць зарабіць», — расказвае дзядзька, што выйшаў з крамы. Сам ён на кітайцаў не працаваў, але чуў, што заробкі ў іх прыстойныя.

Наведванне «кітайскага калгаса» ў Шчарчове пакінула падвойныя ўражанні. З аднаго боку, часцей за ўсё мясцовыя выказваюцца пра кітайцаў прыхільна-нейтральна: і працавітыя, і не лезуць у справы аўтахтонаў, і зарабіць даюць. З іншага боку, не многія з тутэйшых спяшаюцца на працу ў «СінБелАгра».

Хочацца памыліцца, але ўбачанае за гэты кароткі адрэзак часу стварае адчуванне пэўнай імітацыі. А можа, гэта толькі пачатак? Кітайцы абяцалі вярнуцца…

Артыкул быў надрукаваны ў часопісе «Абажур» №5 (87) 2010 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?