заявіў 14 снежня ў Гомелі кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч.

У навучальна-метадычным цэнтры, разлічаным на 250 месцаў, сабраліся прыблізна 400 чалавек, многім давялося стаяць у праходах і каля сцэны. Статкевіч прыехаў у Гомель разам з іншым кандыдатам у прэзідэнты Дзмітрыем Усам. Перад прыездам кандыдатаў у зале прайшло выступленне барда Вольгі Цярэшчанкі, якая выканала песні на беларускай мове ўласнага сачынення, а таксама на вершы Сержука Сокалава-Воюша і Ларысы Геніюш.

На сустрэчу з кандыдатамі прыйшлі прадстаўнікі мясцовай «вертыкалі» і БРСМ, якія спрабавалі адцягнуць увагу на сябе, патрабавалі выкласці праграму, шумелі, грукалі нагамі.

«Хамства — яно таксама капіруецца, як і нізкая культура, якая ідзе зверху»,

— пракаментаваў Статкевіч выхадкі эксцэнтрычных дам, якія крычалі і забягалі на сцэну.

Ён паведаміў прысутным, што ўжо сёння назіральнікі фіксуюць масавыя фальсіфікацыі, і зазначыў, што гэта чакалася, бо 99% членаў выбаркамаў — ад дзейнай улады. Паводле слоў Статкевіча, датэрміновае галасаванне — канал для фальсіфікацый. Ён заклікаў гамяльчан галасаваць у дзень выбараў, а таксама ўключыцца ў выбарчы працэс і зарэгістравацца незалежнымі назіральнікамі.

Статкевіч паабяцаў, што 19 снежня ён будзе на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску і не падвядзе тых, хто на яго спадзяецца.

Гамяльчане пыталіся ў Статкевіча аб яго магчымых кантактах з дзяржаўнымі чыноўнікамі, лёсе беларускай мовы, успаміналі зніклых палітыкаў.

Дзмітрый Ус паведаміў аб тым, чаму і як трэба змяніць выбарчае заканадаўства, аб прынцыпах фарміравання ўчастковых камісій.

«Выдатныя ўражанні, цудоўныя людзі, якія прыйшлі самі, а не па разнарадцы, цудоўная сустрэча,

нават страшна за той давер і тыя спадзяванні, якія людзі ўскладаюць на мяне і іншых кандыдатаў, на перамены. У людзей з’яўляецца надзея, пакуль асцярожная. Вельмі важна рэалізаваць гэтую надзею, каб людзі потым не адчувалі, што ім здрадзілі», — заявіў Статкевіч.

Асаблівасцю сустрэчы ён назваў «колькасць прысланых сюды органамі ўлады выбаршчыкаў». «Але гэта не перашкаджае мне. Яны, гэтыя дамы ад адукацыі, якія павінны быць інтэлігентнымі, сваімі крыкамі прыніжаюць сябе», — заявіў палітык.

Кажучы аб мерапрыемстве 19 снежня на Кастрычніцкай плошчы, кандыдат выказаў меркаванне, што трэба «прымусіць уладу пасля гэтага дня лічыцца з беларускім народам — як мінімум, як максімум — у Беларусі з’явіцца больш прыстойная ўлада».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?