Кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч у сваім відэазвароце заклікаў ваеннаслужачых прытрымлівацца прысягі і «фіксаваць факты злачынства і асоб, якія яго ўчынялі». Відэазварот быў перададзены агенцтву БелаПАН кіраўніком выбарчага штаба кандыдата Сяргеем Марцалевым.

«Я звяртаюся да вас не як кандыдат у прэзідэнты, а як афіцэр, як падпалкоўнік запасу, які добра разумее вашу сітуацыю», — заявіў Статкевіч у пачатку звароту.

«Улада рыхтуецца ўцягнуць вас у свае небяспечныя гульні, зрабіць саўдзельнікамі сваіх злачынстваў. Адзін чалавек спрабуе пераканаць вас, што ён галоўнакамандуючы, што ён прэзідэнт і мае права аддаваць любыя загады. Гэта не так. Гэта права ён страціў у 1999 годзе [афіцыйны тэрмін заканчэння прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, без уліку вынікаў рэферэндуму 1996 года, калі адлік прэзідэнцкіх тэрмінаў пачаўся нанава. — БелаПАН.], а потым, пайшоўшы на выбары, сфальсіфікаваў іх. Ён цяпер — былы галоўнакамандуючы і былы прэзідэнт», — заявіў Статкевіч.

 svaboda.org

svaboda.org

Палітык звярнуўся да афіцэраў сілавых структур з заклікам успомніць, што ў 1999 годзе былі «выкрадзеныя, закатаваныя і забітыя Віктар Ганчар, Юрый Захаранка». «Афіцэры і салдаты, якія выканалі гэты злачынны загад, — яны аказаліся крайнімі. Хтосьці з іх пасаджаны на 20 гадоў у турму. Хтосьці знік, напэўна, назаўсёды. Хтосьці спрабуе хадзіць сярод нас з аховай. Але гэта ахова не ад нас: гэта ахова ад тых, хто даваў яму каманду забіваць сведак.
Вы не думайце, што ўлада ў чымсьці арыгінальная. У нас у краіне адпачывае былы прэзідэнт Бакіеў. Ён таксама аддаў каманду ваеннаслужачым страляць, і яны стралялі. Яны выканалі загад, і яны думалі, што яны дзейнічаюць паводле статута. А цяпер іх асудзілі. Асудзілі і вельмі жорстка пакаралі. А ён тут, адпачывае. Або вось яшчэ прыклад: суседняя Польшча. Спецназ атрымлівае загад страляць у шахцёраў. І ён гэты загад выконвае. І нядаўна іх судзілі — праз 20 з чымсьці гадоў. Яны таксама жорстка пакараны. Дагэтуль у Чылі сядзяць 500 афіцэраў за тое, што яны выконвалі загады Піначэта. Пераварот у Чылі, я нагадаю, адбыўся ў 1973 годзе. Піначэт памёр у цёплай пасцелі. А яны дагэтуль сядзяць», — падкрэсліў Статкевіч.
«Часам дастаткова, каб захаваць гонар і вернасць прысязе, проста выконваць законы.
Напрыклад, датэрміновае галасаванне. Сяржанты і афіцэры міліцыі ахоўваюць скрыні. На вашых вачах будзе ўчыняцца злачынства. Гэта ўжо было ў 2008 годзе. Але з шасці з паловай тысяч участкаў і адпаведнай колькасці сяржантаў і афіцэраў міліцыі толькі адзін падпалкоўнік знайшоўся, падпалкоўнік Казлоў, які зрабіў паводле закону: спрабаваў праінфармаваць аб злачынстве. Зрабіце тое самае! Урэшце зафіксуйце факт злачынства і асоб, якія яго ўчынялі», — заклікаў Статкевіч.

«І, нарэшце, 19 снежня. Тысячы грамадзян Беларусі, вашых суседзяў, знаёмых, магчыма нават сяброў, выйдуць на плошчу ў Мінску. Калі яны даведаюцца, што выбары зноў сфальсіфікаваны, яны будуць пратэставаць. А ўлада зноў закрыецца вамі. Падумайце, у якой сітуацыі вы можаце апынуцца. Захавайце свой гонар. Не дайце ўцягнуць вас у злачынствы. Служыце, як вы прысягалі, Канстытуцыі і народу», — заявіў кандыдат у прэзідэнты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?