У аўторак прайшоў фінал онлайн-дэбатаў кандыдатаў на прэзыдэнта на партале tut.by. На гэтыя дэбаты запрашалі ўсіх кандыдатаў, але Аляксандар Лукашэнка і Андрэй Саньнікаў адмовіліся ад удзелу. У папярэдніх трох раўндах найбольш галасоў карыстальнікаў інтэрнэт-парталу набралі Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі і Мікола Статкевіч. Яны ўтрох і выйшлі ў фінал. Усе яны ў часе дэбатаў выступілі з адозвамі да выбарцаў.

Віталь Рымашэўскі: «Рэвалюцыя не патрэбная. Каб зьмяніць гэтую ўладу, дастаткова проста перастаць іх карміць. І яны, як п’яўка, да якой перастае паступаць кроў, адпадуць зь цела беларускага народа. Таму наша з вамі задача-максымум — арганізацыя нацыянальнага страйку. Я заклікаю ўсіх прыйсьці на Плошчу. Ад вас залежыць, ці зьменіцца ўлада ў гэтай краіне».

Выбарчы кодэкс забараняе за пяць дзён да даты галасаваньня публікаваць вынікі сацапытаньняў, зьвязаных з выбарамі, інтэрнэт-карыстальнікі не змаглі галасаваць у фінале дэбатаў на партале tut.by, і таму віртуальны пераможца беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў выяўлены ня быў. Але самі ўдзельнікі дэбатаў засталіся задаволенымі.

Гаворыць адзін з фіналістаў, Яраслаў Раманчук: «Калі б так было і на тэлебачаньні, то было б значна лепш, таму што там былі пытаньні ад гледачоў, слухачоў. Вельмі добры вядучы, які працуе як журналіст, а не як прапагандыст. Так што гэты фармат мне падабаецца значна больш, чым той, які прапанавалі ўлады на БТ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?