Былы дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па водных відах спорту Мінспорту і турызму Марыя Крышталь абвешчаная ў міжнародны вышук.

Нагадаем, што крымінальная справа ў дачыненні да Марыі Крышталь, якая была таксама дзяржаўным трэнерам нацыянальных камандаў па скачках у ваду і сінхронным плаванні Міністэрства спорту і турызму, была распачатая ў сакавіку гэтага года. Нагодай паслужыла інфармацыя пра тое, што ў 2007 годзе, знаходзячыся ў складзе дэлегацыі нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце свету па водных відах спорту, які праходзіў у Аўстраліі, трэнер выкрала 60 тысяч даляраў. Яна нібыта склала падробленыя дакументы пра выдаткі зборнай і атрымала ад арганізатараў спаборніцтваў наяўныя грошы, якія і прысвоіла.

Падчас расследавання высветлілася, што

ў практыцы вядомага трэнера гэта быў не адзінкавы выпадак.
Так, улетку 2005 года падчас правядзення 11-га чэмпіянату свету па водных відах спорту, які праходзіў у Манрэалі (Канада), жанчына таксама склала падробленыя дакументы на транспартныя выдаткі зборнай і атрымала ад прадстаўнікоў Міжнароднай федэрацыі плавання 6 тысяч даляраў, якія таксама прысвоіла.

Дакладную колькасць такіх выпадкаў следства пакуль высвятляе. Сама ж трэнер яшчэ ў сакавіку пакінула краіну і знікла з вачэй, падобна, і не збіраючыся вяртацца. Менавіта таму Марыя Крышталь была абвешчаная ў міжнародны вышук па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па. ч.3 і ч.4 арт.210 Крымінальнага кодэкса Беларусі (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?