Аляксандр Лукашэнка зноў не скарыстаўся правам выступіць па радыё ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Згодна з лёсаваннем яму быў прадастаўлены эфірны час на першым канале Беларускага радыё 30 лістапада з 6.10 да 6.40, перад іншым кандыдатам, паэтам Уладзімірам Някляевым.

Замест выступлення пачалася традыцыйная перадача «Раніца з Беларускім радыё», падчас якой непасрэдна перад Някляевым з падтрымкай цяперашняй улады выступіў «паэт і публіцыст» Навум Гальпяровіч.

23 лістапада Лукашэнка не скарыстаўся правам выступіць на радыё, а 26-га — па тэлебачанні.

Лукашэнка традыцыйна не выкарыстоўвае эфірны час, прадастаўлены яму як кандыдату ў прэзідэнты, аднак яго дзейнасць у якасці кіраўніка краіны шырока асвятляецца дзяржаўнымі СМІ.

Падчас агітацыйнага этапу выбарчай кампаніі кожны кандыдат у прэзідэнты можа выступіць двойчы па паўгадзіны на радыё і столькі ж на тэлебачанні (з 22 лістапада па 3 снежня), а таксама ўзяць удзел у тэле- і радыёдэбатах (4 і 5 снежня). Выбары пройдуць 19 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?