Кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў 29 лістапада сустрэўся ў Швецыі з міністрам замежных спраў краіны Карлам Більтам.

Гутарка доўжылася больш за гадзіну. Някляеў расказаў міністру аб тым, якія магчымасці ўлада можа выкарыстаць для таго, каб паўплываць на ход выбараў. Асаблівую ўвагу ён надаў працэсу датэрміновага галасавання, калі найбольш верагодныя маніпуляцыі, скіраваныя на атрыманне неабходнага дзейнаму прэзідэнту выніку.

Кандыдат «падкрэсліў асаблівую важнасць таго, каб заходнія назіральнікі разумелі, як менавіта працэс фальсіфікацыі з высокай доляй верагоднасці будзе адбывацца». У выпадку сумленнага падліку галасоў, лічыць кандыдат, абавязкова павінен быць другі тур.

Някляеў падкрэсліў, што пасля 5 снежня ўсе, акрамя Лукашэнкі, кандыдаты не будуць мець магчымасці выступаць перад выбаршчыкамі праз электронныя СМІ. Радыё і тэлебачанне «будуць весці прапаганду толькі аднаго кандыдата». Гэта створыць «няроўныя ўмовы для сапернікаў».

Більт запэўніў Някляева ў тым, што і скандынаўскіх, і іншых еўрапейскіх палітыкаў непакоіць гэты момант.

У працэсе выбараў асабліва важна, адзначыў Більт, каб усе кандыдаты мелі роўную магчымасць выступаць на працягу тыдня, калі ідзе актыўнае датэрміновае галасаванне. Магчымасць доступу кандыдатаў да электронных СМІ будзе ўлічвацца пры ацэнцы выбараў, сказаў дыпламат.

Някляеў заявіў, што яго каманда мае намер дабівацца роўных умоў для ўсіх кандыдатаў у СМІ. Штаб падрыхтаваў і накіраваў у ЦВК адпаведнае патрабаванне, цяпер Някляеў чакае яго разгляду. Пра гэта праінфармаванае і БДІПЧ АБСЕ.

«Калі галасы будуць падлічаныя сумленна, ні ўладзе, ні Лукашэнку „Плошча“ як грамадзянская акцыя нічым не пашкодзіць. У гэтым выпадку „Плошча“ будзе толькі сведчаннем пазіцыі грамадства, якое непакоіцца за будучыню краіны і жадае падкрэсліць сваю актыўнасць. У адваротным выпадку, калі вынікі галасавання будуць відавочна скажоныя, „Плошча“ з’явіцца мірным пратэстам супраць фальсіфікацыі», — заявіў Някляеў.

Ён нагадаў шведскаму палітыку аб тым, што, калі Захад заплюшчыць вочы на ўсе парушэнні, якія дапускае на гэтых выбарах афіцыйны Мінск, гэта пацягне за сабой «несумніўную небяспеку — не толькі для сітуацыі ў нашай краіне». Калі Еўропа будзе дамаўляцца з афіцыйным Мінскам за спіной дэмакратычнай грамадскасці, гэта развяжа рукі Лукашэнку пасля выбараў, заявіў кандыдат. Більт запэўніў Някляева ў тым, што «на сёння ніякіх дамоўленасцяў паміж Еўропай (у тым ліку Швецыяй) і Лукашэнкам не існуе».

На сустрэчы двух палітыкаў былі абмеркаваныя праграмы, якія прадугледжваюць магчымасць дапамогі актывістам апазіцыі, якія ў выніку «паслявыбарных» рэпрэсій страцяць працу або месца вучобы на радзіме.

Някляеў таксама заявіў, што было б добра, калі б еўрапейскія і шведскія парламентарыі сапраўды змаглі б, як і абяцалі, прыехаць у Мінск 19 снежня. Кандыдат папрасіў Більта і іншых палітыкаў Швецыі «прыехаць у Беларусь і паглядзець, як усё будзе адбывацца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?