daylife.com

daylife.com

Аляксандр Лукашэнка адмовіўся сустракацца з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым, які прыбыў у Мінск 22 лістапада.

Афіцыйная мэта прыезду расійскага міністра — удзел у супольным пасяджэнні калегіі міністэрстваў замежных спраў дзвюх краін. Аднак эксперты лічаць візіт Лаўрова «апошнім папярэджаннем Масквы» беларускаму лідэру, які «знаходзіцца ў куражы ад кантактаў з ЕС», піша інфармаваная расейская газета «Коммерсант».

Асаблівае значэнне візіту кіраўніка МЗС РФ надае тое, што ён адбываецца менш чым за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Газета цытуе кіраўніка прэс-службы беларускага прэзідэнта Паўла Лёгкага, які заявіў, што «сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з міністрам замежных спраў РФ не прадугледжана». Рашэнне беларускага лідэра праігнараваць візіт кіраўніка МЗС РФ выглядае дэманстратыўным жэстам, бо да гэтага часу Лукашэнка заўсёды сустракаўся нават з расійскімі губернатарамі, калі яны праязджалі праз Мінск.

Не дапамагло і тое, што Сяргей Лаўроў яшчэ да прыезду ў Мінск абвясціў, што, у адрозненне ад сваіх заходніх калегаў, з лідарамі беларускай апазіцыі сустракацца не будзе.

А літаральна

за некалькі гадзін да прыезду Лаўрова Лукашэнка адклаў падпісанне дакумента аб ужыцці рэгіянальнай групоўкі войскаў, у якую намінальна ўваходзяць сілы Беларусі і заходніх акругаў Расіі.

«Вядома ж, мы будзем выконваць свае функцыі, але мы іх зможам выконваць толькі пры падтрымцы РФ, хоць бы узбраеннем», — сказаў Лукашэнка. «Гэта не падыход, — лічыць ён, — калі нам часам прапаноўваюць купляць ўзбраенне за свой кошт, ды яшчэ, як яны (Расія) ўмеюць гаварыць, па рынкавых цэнах». Па словах Лукашэнкі, Расея зацікаўленая ў тым, каб беларуская армія была ў парадку, таму «трэба дапамагаць».

Паводле яго слоў, «рашэнне аб прымяненні рэгіянальнай групоўкі войскаў — гэта сур’ёзнае рашэнне, і яно павінна прымацца ў рамках вышэйшай дзяржрады» [гэта значыць, на сустрэчы з Мядзведзевым і Пуціным]. «Ніякія дакументы ў працоўным парадку я падпісваць не буду. Так і перадайце міністру абароны і прэзідэнту Расійскай Федэрацыі», — заявіў Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што «ёсць ВДР, вось яна збярэцца, мы разгледзім гэты план».

«Коммерсант» звязвае такую лінію паводзін Мінска ў дачыненні да Масквы з нядаўнімі візітамі ў Беларусь кіраўнікоў МЗС Германіі і Польшчы Гіда Вестэрвеле і Радаслава Сікорскага, а таксама прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайце.
Еўрапейскія міністры паабяцалі Мінску фінансавую дапамогу ў выпадку правядзення сумленных прэзідэнцкіх выбараў, а кіраўніца Літвы заявіла, што працяг праўлення Лукашэнка з’яўляецца гарантыяй стабільнасці Беларусі, а таксама таго, што гэтая краіна «не ператворыцца ў Расею». Натхнёны гэтымі жэстамі прэзідэнт палічыў спрыяльным момант для ўзмацнення жорсткасці падыходу да Расеі, адзначае «Коммерсант».

Газета, аднак, папярэджвае, што такія паводзіны можа «выйсці бокам Лукашэнку, які знаходзіцца ў куражы ад кантактаў з прадстаўнікамі ЕС». Паводле іх словаў, візіт Сяргея Лаўрова — гэта «апошняе расійскае папярэджанне Мінску». Эксперты мяркуюць, што, калі Мінск працягне антырасійскія эскапады, то ў новым годзе сутыкнецца з самай сапраўднай гандлёвай вайной.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?