Цэнтрвыбаркам абнародаваў дэкларацыі аб даходах і маёмасці кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі за 2009 год.

Як вынікае з апублікаванай інфармацыі, даходы намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва склалі 206.400 расійскіх рублёў (20 млн беларускіх), яго жонкі Ларысы — 1 млн. 889 тыс. 500 беларускіх рублёў. У валоданні Кастусёва знаходзіцца жылы дом у вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці агульнай плошчай 67,1 кв. м, у яго жонкі — дзве кватэры ў Магілёве агульнай плошчай 52 і 31 кв. м. У сумеснай уласнасці сямейнай пары знаходзіцца гараж і легкавы аўтамабіль «Лянча Зэта» 1997 года выпуску. Кастусёў і яго жонка таксама валодаюць 58 і 87 чэкамі «Маёмасць».

Дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка задэклараваў даходы ў памеры 94 млн. 539 тыс. 101 рубель. Нерухомай маёмасці і каштоўных папер у яго валоданні няма. Даходы жонкі Галіны Лукашэнкі склалі 15 млн. 999 тыс. 516 рублёў. У яе валоданні знаходзіцца жылы дом у Шклове агульнай плошчай 174 кв. м і палова долі ў праве ўласнасці на жылы дом у вёсцы Вялікі Мяжнік Шклоўскага раёна агульнай плошчай 53,8 кв. м. Акрамя таго, яна валодае 56 акцыямі ААТ «Масларобны завод».

Даход кіраўніка саюза «За мадэрнізацыю» Алеся Міхалевіча задэклараваны ў суме 75 млн. 392 тыс. 700 рублёў, яго жонкі Міланы — 8 млн. 328 тыс. 104 рублі. У сумеснай уласнасці сямейнай пары знаходзіцца палова долі ў кватэры ў Мінску агульнай плошчай 42,8 кв. м, легкавы аўтамабіль «Шкода Феліцыя комбі» 2000 года, а таксама 100% статутнага фонду ПУП па аказанні паслуг «Агенцтва перакладаў і юрыдычных паслуг Міхалевіча». Акрамя таго, жонка кандыдата ў прэзідэнты валодае кватэрай у Мінску агульнай плошчай 37,1 кв. м і адной чацвёртай долі ў кватэры агульнай плошчай 42,8 кв. м.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў задэклараваў 22 млн. 676 тыс. 977 рублёў і 250 еўра, яго жонка Вольга ў 2009 годзе даходаў не мела. У агульнай сумеснай уласнасці кандыдата ў прэзідэнты знаходзіцца кватэра ў Мінску агульнай плошчай 98,6 кв. м, яго жонка валодае сталічнай кватэрай агульнай плошчай 48,4 кв. м. У агульнай сумеснай уласнасці знаходзіцца легкавы аўтамабіль «Фіят Брава» 1997 года выпуску. Някляеў таксама валодае 138 простымі акцыямі ААТ «Прыёрбанк», 74 прывілеяванымі акцыямі ААТ «Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі «Белінвестбанк» і 20 простымі акцыямі ААТ «Парытэтбанк».

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук задэклараваў даход у памеры 6 млн. 930 тыс. 765 рублёў, кватэру ў Мінску агульнай плошчай 60,8 кв. м і 3.280 простых імянных акцый ААТ «Прыёрбанк».

Даход сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага ў 2009 годзе склаў 14 млн. 353 тыс. рублёў, яго жонкі Настассі — 7 млн. 216 тыс. 560 рублёў. У агульнай уласнасці знаходзіцца адна другая долі ў праве ўласнасці на жылы дом у Заслаўі (Мінская вобласць) плошчай 11,2 кв. м і легкавы аўтамабіль «Міцубісі Спэйс-вагон» 1998 года выпуску. Настасся Рымашэўская таксама валодае кватэрай у Мінску агульнай плошчай 33,2 кв. м.

Лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў даходаў у 2009 годзе не меў, а яго жонка Ірына Халіп зарабіла 573 тыс. 50 расійскіх рублёў. Ва ўласнасці кандыдата ў прэзідэнты знаходзіцца жылы дом у вёсцы Мажніца Барысаўскага раёна Мінскай вобласці агульнай плошчай 67,2 кв. м, кватэра ў Мінску агульнай плошчай 44,3 кв. м, гараж у Мінску, аўтамабіль «Опель-Вектра» 1996 года выпуску і 72 чэкі «Маёмасць». Яго жонка валодае кватэрай у Мінску агульнай плошчай 107,9 кв. м. У сумеснай уласнасці знаходзіцца легкавы аўтамабіль «Таёта Кэмры» 2005 года выпуску.

У дэкларацыі лідара аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалая Статкевіча значыцца даход у памеры 8 млн. 199 тыс. 960 рублёў і 71 чэк «Маёмасць».

Эканаміст Віктар Цярэшчанка і яго жонка Наталля даходаў у 2009 годзе не мелі. Кандыдат у прэзідэнты валодае кватэрай у Мінску агульнай плошчай 80,3 кв. м, 75 чэкамі «Маёмасць» і 340 чэкамі «Жыллё», а таксама долямі ў статутных фондах арганізацый з Чэхіі і Польшчы. Сярод маёмасці Наталлі Цярэшчанкі значацца дом і зямельны ўчастак у 0,25 га у вёсцы Вусце Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці агульнай плошчай 96,7 кв. м, а таксама 42,6% долі ў статутным фондзе Беларуска-амерыканскага сумеснага прадпрыемства ТАА «Этык». У сумеснай уласнасці легкавы аўтамабіль «Додж Караван» 2008 года выпуску.

Дырэктар ТДА «Трывіум» Дзмітрый Ус у 2009 годзе меў даход у памеры 38 млн. 741 тыс. 546 рублёў, яго жонка Яўгенія — 5 млн. 789 тыс. 845 рублей. Кандыдат у прэзідэнты валодае жылымі дамамі ў Мінску агульнай плошчай 368,7 і 467,6 кв. м, сямю восьмымі долі ўласнасці ў праве на жылы дом агульнай плошчай 47,9 кв. м у вёсцы Сімоны Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, кватэрай у Мінску агульнай плошчай 89,2 кв. м, двума зямельнымі ўчасткамі ў Мінску па 0,06 га. Таксама ва ўласнасці Уса ёсць легкавы аўтамабіль «Таёта Карола» 2007 года выпуску і 76% долі ў статутным фондзе ТДА «Трывіум».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?