На гэтым тыдні Мінск наведаў ужо другі нямецкі міністр. Спачатку з аднадзённым візітам у сталіцы Беларусі знаходзіўся кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Гіда Вестэрвеле. Цяпер жа на «Мінскі форум» прыляцеў кіраўнік ведамства канцлера ФРГ, Федэральны міністр па асаблівых даручэннях Рональд Пофала.
Ужо палітык меў сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем, а таксама кандыдатамі ў прэзідэнты ад апазіцыі. Пофала далёка не першы раз у Беларусі. Нашай краінай ён займаецца ўжо 15 гадоў. Як кажа сам палітык, за гэты час у яго стала нямала сяброў сярод беларусаў.
Таму сітуацыя ў Беларусі для Пофалы добра вядомая. «Беларусі яшчэ трэба шмат навёрстваць у шляху да прававой дзяржавы», — адзначыў міністр.
Ён засяродзіўся на тым, што афіцыйны Мінск мусіць пайсці на адмену смяротнага пакарання. «Смяротнае пакаранне для нас непрымальнае, яго не павінна быць. Буйнейшая перашкода Беларусі ў шляху да Еўропы — смяротнае пакаранне», — зазначыў Р.Пофала.
Гэтае пытанне было закранутае падчас выступу на «Мінскім форуме», але ніякай рэакцыі ад сп.Макея не было. Палітык адзначае, што для яго смяротнае пакаранне непрымальнае, як у Беларусі, так і ў ЗША.
Пофала адзначае пэўныя зрухі падчас правядзення выбарчай кампаніі. Напрыклад, вольнае збіранне подпісаў. Але ён чакае яшчэ большых крокаў — адсутнасць перашкодаў у рэгістрацыі кандыдатаў, збалансаваны склад выбарчых камісіі, вольнае назіранне на выбарамі.
«Станоўчае развіццё бачым, але нармальных прынцыпаў для свабодных выбараў няма», — зазначыў Р.Пофала.
Міністр адзначыў, што падчас сустрэчы з апазіцыяй не абмяркоўвае пытанне вылучэнне адзінага кандыдата. «Такія прапановы маглі б успрымацца, як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы. Свабодныя выбары — гэта неабавязкова два кандыдаты. Было б неразумна, каб я рэкамендаваў апазіцыі вылучыць адзінага», — сказаў міністр.
Рональд Пофала адзначыў, што збіраецца наведаць Беларусь і налета, каб абмеркаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў.