3 лістапада ў Мінску распачала працу аглядная місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ).

Эксперты прабудуць у Беларусі да 16 лістапада.

Як паведамілі ў прадстаўніцтве МВФ у Мінску, гэта штогадовая місія, мэты якой заключаюцца ў аглядзе эканамічнай палітыкі за папярэдні год і абмеркаванні з уладамі палітыкі на будучы год і сярэднетэрміновую перспектыву.

Бакі абмяркуюць пытанні грашова-крэдытнай, падаткова-бюджэтнай палітыкі і палітыкі валютнага курсу. Акрамя таго, будуць разгледжаныя пытанні структурных пераўтварэнняў і планы ўладаў адносна структурных пераўтварэнняў на найбліжэйшыя тры-пяць гадоў.

Пры гэтым у прадстаўніцтве МВФ адзначаюць, што пытанне аб новай праграме крэдытавання stand-by у межах працы місіі абмяркоўваць не плануецца.

Нагадаем, у 2009 — 2010 Беларусь атрымала пяць траншаў крэдыту МВФ па праграме stand-by. Агульная сума сродкаў, выдзеленых фондам у рамках стабілізацыйнай праграмы, склала каля 3,46 млрд даляраў.

У Нацыянальным банку заяўляюць, што праграма stand-by адыграла «адну з ключавых роляў у стабілізацыі эканомікі Беларусі ў 2009 — пачатку 2010 года, дазволіла падтрымаць стабільнасць на валютным рынку, забяспечыць вялікую ўстойлівасць фінансавай сістэмы, падтрымаць упэўненасць інвестараў і хатніх гаспадарак».

З просьбай аб прадстаўленні новага крэдыту ў межах праграмы stand-by кіраўніцтва Беларусі да МВФ пакуль не звярталася. Аднак эксперты лічаць, што ўлады ўжо ў першым квартале 2011 могуць аднавіць перамовы з МВФ аб прадстаўленні чарговага крэдыту — да гэтага іх вымусіць нарастальная макраэканамічная нестабільнасць.

«Патрэба ў рэалізацыі новай праграмы відавочная», — перакананы эканаміст Сяргей Чалы.

Беларусь, адзначае ён, так і не дасягнула асноўнай мэты першай праграмы з МВФ — макрастабілізацыі.

«Наадварот, безадказнай палітыкай за апошні год мы дасягнулі яшчэ вялікіх дысбалансаў. Замест таго каб пашыраць калідор і выходзіць на свабоднае ўсталяванне курсу рубля, мы зноў вярнуліся да фіксаванага курсу. І калі патэнцыял дэвальвацыі 2009 года назапашваўся з другой паловы 2006, то 

патэнцыял наступнай дэвальвацыі мы назапасілі фактычна за адзін год»,
 — падкрэслівае эксперт.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?