У Беларусі плануецца стварыць школу для фермераў, зацікаўленых у вядзенні арганічнай сельскай гаспадаркі.

Аб гэтым паведаміў праграмны дырэктар установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў» Яўген Лабанаў 2 лістапада на прэзентацыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, праект па стварэнні школы распрацаваны сумесна з міжнароднай арганізацыяй «Кааліцыя «Чыстая Балтыка» (Соаlition Clean Baltic). Ён атрымаў ухваленне Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і цяпер праходзіць рэгістрацыю ў дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Кіравання спраў прэзідэнта.

Як сказаў Лабанаў,

школа будзе праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы для фермераў, зацікаўленых у вядзенні арганічнай сельскай гаспадаркі
(яны прадугледжваюць найперш адмову ад выкарыстання ў земляробстве хімічных рэчываў — пестыцыдаў і гербіцыдаў). Акрамя таго, плануецца ствараць і распаўсюджваць адукацыйныя матэрыялы па тэме, якія грунтуюцца на вопыце краін, дзе развіта арганічная сельская гаспадарка, такіх, напрыклад, як Польшча, Швецыя, Германія, Грузія.

Спецыяліст адзначыў, што на сёння арганічнай сельскай гаспадаркай у Беларусі займаюцца адзінкі: дзіцячы цэнтр «Надзея» на Вілейскім вадасховішчы і некалькі прыватных фермераў. Пры гэтым ніводная арганізацыя не мае сертыфікатаў на вядзенне арганічнай сельскай гаспадаркі па міжнародных працэдурах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?