Майстар афарызму, у Беларусі ён прыклаў руку да ўмацавання аўтарытарызму.

У Маскве ў ноч на 3 лістапада на 73-м годзе жыцця памёр спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта РФ па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД, былы кіраўнік урада Расеі Віктар Чарнамырдзін.

Смерць напаткала яго ў сераду каля 4-й раніцы. У апошні час ён моцна хварэў.

Віктар Сцяпанавіч Чарнамырдзін з 1992 да 1998 узначальваў урад Расеі. З 2001 да 2009 Чарнамырдзін быў паслом Расіі ва Украіне.

Чарнамырдзін нарадзіўся 9 красавіка 1938 года ў вёсцы Чорны Астрог Арэнбургскай вобласці. Пачынаў працу на Орскім нафтаперапрацоўчым заводзе рабочым. У 28 гадоў скончыў Куйбышаўскі індустрыяльны інстытут па спецыяльнасці «інжынер-тэхнолаг». А ўжо ў 1973 годзе стаў дырэктарам Арэнбургскага газаперапрацоўчага завода.

У 1985 годзе быў прызначаны міністрам газавай прамысловасці СССР. У 1989–1992 гады быў старшынём праўлення дзяржаўнага газавага канцэрна «Газпром». Ва ўмовах рынкавай эканомікі значэнне «Газпрома» рэзка ўзрасло проці савецкага часу, і гэта стала пляцоўкай для палітычнага старту Чарнамырдзіна.

Для Беларусі ён вылучыўся тым, што ўдзельнічаў у місіі 1996 года, якая легітымізавала аўтарытарны канстытуцыйны пераварот, здзейснены Аляксандрам Лукашэнкам.

Аднак у памяці Чарнамырдзін безумоўна застанецца не гэтым, а як майстар афарызму і аматар пажартаваць.

Вось ягоныя выказванні, з якіх пацяшаліся людзі ў розных краінах:

«У харызме трэба нарадзіцца!»

«Я далёкі ад думкі…»

«У мяне прыблізна два сыны».

«Мы з вамі так будзем жыць, што нашы дзеці і ўнукі зайздросціць стануць».

«Маё жыццё прайшла ў атмасферы нафты і газу».

«Паспяваеце вы заўважыць прыгожых жанчын?» — «Паспяваю. Але толькі заўважыць. Нічога больш. Пра што горка шкадую».

«Прынцыпы, якія былі прынцыповыя, былі непрынцыповыя».

«Вы думаеце, што мне далёка проста. Мне далёка не проста».

«На жаль, мёртвымі душамі выглядаюць некаторыя нашы калектыўныя члены».

«Цяпер гісторыкі спрабуюць паднесці, што ў тысяча пяцьсот якімсьці годзе штосьці там было. Ды не было нічога! Усё гэта інтрыгі!»

«Хацелі як лепш, а выйшла, як заўсёды».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?