Старшыня аргкамітэту Мінскага форуму Райнер Лінднер 2 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў журналістам, што яму цікава, як будуць адрознівацца ацэнкі вынікаў выбараў назіральных місій АБСЕ і СНД.

Пры гэтым ён пажадаў, каб спрашчэнне візавага рэжыму для грамадзян Беларусі не ставілася ў прамую залежнасць ад вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. «Спрашчэнне візавага рэжыму трэба праводзіць у інтарэсах простых грамадзян. Выбаршчык не мае прамога ўплыву на тое, як праводзяцца выбары», — сказаў Лінднер.

Віцебскі журналіст задаў Лінднеру пытанне, ці ёсць сэнс траціць грошы, калі Германія выдзяляе вялікія сумы на дабрачыннасць у Беларусі, але да месцаў прызначэння гэтыя сродкі не заўсёды даходзяць. Лінднер адказаў, што ў Германіі шмат грошай выдзяляецца няправільна, але ў знешняй палітыцы дзяржавы вялікая ўвага надаецца падтрымцы грамадзянскай супольнасці.

Паводле меркавання старшыні Мінскага форуму, Беларусі неабходна стварэнне інавацыйных кластараў, прамысловых паркаў, новых зон індустрыялізацыі, а таксама мадэрнізацыя ўжо існуючага тэхнапарку. Такія праекты спецыяліст плануе прапаноўваць на Мінскім форуме, які пачнецца 3 лістапада. «Нямецкі бізнес зацікаўлены ў гэтым», — адзначыў ён.

Лінднер падкрэсліў, што ў параўнанні з 1997 годам, калі быў праведзены першы Мінскі форум, у Беларусі фундаментальна змяніўся склад СМІ, але свабоды прэсы ў нашай краіне няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?