Большасць прэтэндэнтаў ад апазіцыі на ўдзел у чарговых выбарах прэзідэнта Беларусі мала вядомыя ў Еўрапарламенце,

заявіў у інтэрв’ю «Еўрарадыё» старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю Яцак Пратасевіч.

Паводле яго слоў,

«раней у Еўрапарламенце былі пазнавальныя два імя: Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін».

«Першы — былы кандыдат ад аб’яднанай апазіцыі і лаўрэат прэміі Еўрапарламента імя Сахарава. Другі — вядомы сваёй мужнай пазіцыяй і доўгім зняволеннем, ён таксама быў кандыдатам на прэмію Сахарава ў 2008 годзе», — сказаў еўрапарламентарый.

«Большасць цяперашніх кандыдатаў,

калі не сказаць усе з іх, хутчэй, невядомыя. Вынікі выбараў пакажуць, ці нехта з іх у стане атрымаць значную падтрымку грамадзян і стаць больш пазнавальным у Еўрасаюзе і Еўрапарламенце», — заявіў Пратасевіч.

Пры гэтым ён адзначыў, што «некаторыя з кандыдатаў вядомыя ў пэўных палітычных групах. Напрыклад, Яраслаў Раманчук — у групе кансерватараў, па запрашэнні якой ён нядаўна прыязджаў у Еўрапарламент».

На пытанне, як у Еўрапарламенце паставіліся да рашэння лідара руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча не ўдзельнічаць у гэтай прэзідэнцкай кампаніі, старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю адказаў: «Ён праінфармаваў нас у лісце пра прычыны свайго рашэння. Галоўная з іх — вельмі малы, калі ён увогуле ёсць, шанец на правядзенне ў краіне свабодных і справядлівых выбараў. Я магу зразумець гэта — калі адсутнічаюць магчымасці для справядлівага і адкрытага выбарчага працэсу, то гэта не сапраўдная палітычная барацьба, а нешта кшталту гульні. Іншыя прадстаўнікі апазіцыі абралі іншы падыход. Якая стратэгія падаецца лепшай — будзе бачна бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?