Сёння ініцыятыўныя групы завяршаюць збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў на выбары прэзідэнта Беларусі, якія пройдуць 19 снежня. Пра збор неабходных для рэгістрацыі кандыдатаў 100 тыс. подпісаў заявілі 11 ініцыятыўных груп:

дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі;

лідэра кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева;

намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука;

лідэра кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава;

эканаміста Віктара Цярэшчанкі;

кіраўніка саюза «За мадэрнізацыю» Алеся Міхалевіча;

лідэра аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалая Статкевіча;

намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва;

дырэктара ТДА «Трывіум» Дзмітрыя Уса;

індывідуальнага прадпрымальніка з Віцебска Уладзіміра Правальскага;

сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталя Рымашэўскага.

Збіраюць таксама подпісы ініцыятыўныя групы загадчыка лабараторыі абсталявання ядзерных энергетычных установак Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» НАНБ Івана Кулікова, першага намесніка старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Юрыя Глушакова і беспрацоўнага Сяргея Іванова.

Сёння да канца дня ініцыятыўныя групы павінны перадаць падпісныя лісты ў раённыя, гарадскія, раённыя ў гарадах выбарчыя камісіі. У дзесяцідзённы тэрмін камісіі будуць правяраць іх дакладнасць.

Не пазней за 13 лістапада ў Цэнтральную камісію павінны быць перададзены пратаколы выбарчых камісій аб вызначэнні колькасці выбаршчыкаў, якія паставілі подпісы ў падтрымку прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.

Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты пройдзе з 14 па 23 лістапада.

Як паведамілі ў Цэнтрвыбаркаме, хутчэй за ўсё, усе кандыдаты пройдуць рэгістрацыю ў адзін дзень, што забяспечыць ім роўныя часовыя рамкі правядзення агітацыйнай кампаніі.

Па прагнозах аналітыкаў, ЦВК зарэгіструе некалькі кандыдатаў у прэзідэнты.

Напрыклад, як лічыць палітолаг Валерый Карбалевіч, будуць зарэгістраваныя шэсць-восем кандыдатаў. «Улады бачаць, што ў апазіцыі няма адзінага кандыдата, вакол якога былі б сканцэнтраваны ўсе фінансавыя і чалавечыя рэсурсы. Яны разумеюць, што яго з’яўленне за пакінуты час малаверагодна, што сама ідэя яго вызначэння растворыцца на фоне амбіцый шматлікіх прэтэндэнтаў. Сярод мноства апазіцыйных кандыдатаў фігура Лукашэнка будзе, па меншай меры, вылучацца», — адзначае эксперт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?