Незвычайны пасажыр прыляцеў сёння ў Нацыянальны аэрапорт Мінск рэйсам В2 1950 з Калінінграда. Упершыню самалётам «Белавія» дастаўлена ільвяня.

Ільвяняці ўсяго 10 месяцаў. Яго перавозілі ў клетцы ў багажным адсеку самалёта. Для таго каб клетка змясцілася, кампанія-перавозчык спецыяльна накіравала на гэты рэйс самалёт з вялікім аб’ёмам грузавога адсека — CRJ-200, а ў самім адсеку падтрымлівалася камфортная для жывёлы тэмпература — дзесяць градусаў цяпла.

Як адзначылі ў «Белавія», сярод жывёл, якія карыстаюцца разам са сваімі гаспадарамі паслугамі авіятранспарту, лідзіруюць кошкі і сабакі. Нагадалі ў кампаніі выпадкі, калі ляталі тхары і малпы, але самым запамінальным быў пералёт у Баку з двума кракадзіламі ў 2009 годзе.

Доўгія хвасты кракадзілаў давялося закруціць, інакш яны не змясціліся б у багажны адсек.

А тым часам ільвяня чакае яшчэ адно падарожжа. На гэты раз сухапутнае. Сёння грузавым мікрааўтобусам яго даставяць на новае месца жыхарства — у Віцебскі заапарк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?