Працягваецца эпоха сапраўды рэвалюцыйных пераўтварэнняў у будаўніцтве. Робяцца явай новыя значэнні нарматыўнага супраціўлення цеплаперадачы вонкавых агароджвальных канструкцый жылых і грамадскіх будынкаў: 3,2 м²•°С/Вт — для сцен; 6,0 м² •° С /Вт — для сумешчаных пакрыццяў і перакрыццяў гарышчаў; 1,0 м²•° С /Вт — для запаўнення светлавых праёмаў. У рэспубліцы мае будавацца ўсё больш энергаэфектыўных будынкаў, у якіх удзельны расход цеплавой энергіі на ацяпленне і вентыляцыю не перавышае 40 і 90 кВт x ч/м2 у год — для аб’ектаў вышынёй ад чатырох да дзевяці і ад аднаго да трох паверхаў адпаведна. Ажыццяўляецца пераход Беларусі на еўрапейскія будаўнічыя нормы, ідзе працэс спрашчэння тэхнічных нарматыўных прававых актаў у будаўніцтве. З 1 жніўня 2010 дзейнічае такі асноватворны дакумент, як тэхнічны рэгламент Рэспублікі Беларусь «Будынкі і збудаванні, будаўнічыя матэрыялы і вырабы. Бяспека».

Важная асаблівасць гэтага моманту заключаецца ў тым, што будаўнічыя справы пачынае моцна карэктаваць надвор’е. Надзвычай спякотнае лета 2010-га прымушае і беларусаў моцна задумацца пра тое, як змагацца з перагрэвам будынкаў. Дарэчы, вытворчасць адзінкі холаду разоў у пяць даражэйшая за вытворчасць адзінкі цяпла. Што датычыць Еўрасаюза, то там, паводле другой дырэктывы па энергетычных характарыстыках будынкаў — EPBD II, да 2020 усё новае жыллё мусіць мець блізкі да нуля расход цеплавой энергіі, то бок адпавядаць патрабаванням да пасіўнага дома. Новыя грамадскія будынкі ў краінах Еўрасаюза мусяць зрабіцца пасіўнымі яшчэ раней. Адметная рыса пасіўных дамоў — у іх аднолькава спрыяльны мікраклімат і ў лютыя маразы, і ў спёку. Так што не выключана, што ў хуткім часе названыя ў папярэднім абзацы значэнні супраціўлення цеплаперадачы пададуцца беларусам відавочна недастатковымі.

Што датычыць выставы «Будпрагрэс-2010», то яна цалкам здольная адказаць на многія актуальныя пытанні. Пытанні, звязаныя ў першую чаргу з дасягненнем вельмі неабходнай гармоніі трох «Э»: экалагічнасці, энергаэфектыўнасці і эканамічнасці новых будынкаў і збудаванняў.

Мусіць атрымацца не горш, чым у 2009

Нялішне згадаць «Будпрагрэс-2009». Афіцыйныя лічбы па ім наступныя. Агульная выставачная плошча — 8100 квадратных метраў. Адкрытая выставачная плошча — 3500 квадратных метраў. 400 кампаній-экспанентаў з 14 краін, у тым ліку 339 з Беларусі, 61 з-за мяжы. 26 000 наведвальнікаў-спецыялістаў. Мяркуецца, што выніковыя лічбы па «Будпрагрэсе-2010» будуць, прынамсі, не горшыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?