«Беларусы заслугоўваюць, каб дзверы ў Еўропу для іх заставаліся адчыненымі», — заявіў урад ФРГ у адказе на пісьмовы запыт Партыі зялёных аб сітуацыі ў Беларусі. Адказ нямецкіх уладаў быў апублікаваны на сайце бундэстага 8 верасня.

Улады ФРГ назвалі палітыку Еўрасаюза «Усходняе партнёрства» «прыдатным інструментам для пераадолення ізаляцыі беларускага грамадства ўнутры Еўропы, каб падтрымаць доўгатэрміновую мэту развіцця яго ўпэўненасці і арыентацыі на каштоўнасці ЕС».

У адказе адзначаецца, што беларускія ўлады канструктыўна працуюць у рамках чатырох тэматычных платформ і бяруць удзел у дыскусіях. Аднак па прычыне «сур’ёзных праблем у галіне выканання правоў чалавека і вяршэнства закона» Беларусь застаецца адзінай краінай Усходняга партнёрства, з якой у ЕС юрыдычна не аформлены двухбаковыя адносіны.

Урад ФРГ бачыць цікавасць арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі, у тым ліку апазіцыйных, да працы Форуму грамадзянскай супольнасці палітыкі «Усходняе партнёрства» і яе «актыўна падтрымлівае».

Другая сустрэча ў рамках форуму пройдзе 18–19 лістапада ў Берліне. Нямецкія ўлады спадзяюцца, што Мінск не будзе перашкаджаць удзелу ў ёй прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Разам з тым улады ФРГ раскрытыкавалі выпадкі адмоў у беларускай візе прадстаўнікам НДА Германіі, якія супрацоўнічаюць з апазіцыйнымі структурамі ў Беларусі, паколькі «палітычна матываваныя адмовы не адпавядаюць духу Усходняга партнёрства».

У адказе ўрада ФРГ падкрэсліваецца, што структуры ЕС з пачатку года зрабілі вялікую колькасць заяў, якія крытыкуюць рост негатыўных праяў у галіне дэмакратычных каштоўнасцей і вяршэнства закона.

Нямецкія ўлады выказалі надзею на нармалізацыю адносінаў паміж Беларуссю і ЕС і паўнацэннае членства краіны ў Еўрапейскай палітыцы добрасуседства і Усходнім партнёрстве.

«Беларускае кіраўніцтва ўсведамляе, што ўсімі перавагамі супрацоўніцтва Беларусь зможа скарыстаць пасля важных рэформ. Восенню ЕС вернецца да пытання адносінаў з Беларуссю. ФРГ выступіць за захаванне дыялогу паміж ЕС і Беларуссю на пэўных умовах, а таксама магчымасці шырокага супрацоўніцтва, якое будзе прапанавана пасля выканання пэўных чаканняў», — гаворыцца ў адказе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?