У крамах Гомеля адзначаецца дэфіцыт масла. Прынамсі, 8 верасня ў пяці буйных харчовых магазінах у цэнтры горада (на вуліцах Савецкай і Кірава), якія наведаў карэспандэнт, прадукту ў продажы не было.

Работнікі ўніверсамаў і супермаркетаў не змаглі растлумачыць прычыну дэфіцыту. Паводле іх слоў, масла яны заказваюць, але не ведаюць, чаму яно не пастаўляецца ў поўным аб’ёме.

У аб’яднанні «Гомельмясамалпрам» пацвердзілі, што пэўная праблема з маслам ёсць. Вытворцы Гомельскай вобласці за апошні час павялічылі пастаўкі масла на ўнутраны рынак ў паўтара разу, а колькасць заявак на мясцовых заводах вырасла ў два-тры разы. Перабоі з маслам у аб’яднанні звязалі з тым, што раней у Гомель пастаўлялі прадукцыю такія гандлёвыя маркі, як «Савушкін прадукт», «Бабуліна крынка» і інш. Але цяпер вытворцы іншых абласцей сышлі з малочнага рынку Гомельскай вобласці. У аб’яднанні выказалі меркаванне, што прычына сыходу — эканамічны інтарэс у іншым напрамку, і адзначылі, што, у прыватнасці, у Расійскай Федэрацыі высокі ўзровень цэн на масла.

У «Гомельмясамалпраме» падкрэслілі, што мясцовыя вытворцы не змаглі пакуль закрыць нішу, якая апусцела пасля сыходу іншых пастаўшчыкоў.

Ва ўпраўленні гандлю Гомельскага аблвыканкама заявілі, што ніякага дэфіцыту масла няма, прадукт павінен быць у продажы, а калі і ёсць дзесьці дэфіцыт, то вінаватыя ў гэтым загадчыкі магазінаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?