Да ўзыходу сонца заставалася яшчэ з паўгадзіны. На ўсялякі выпадак фотаапаратура была напагатове — не таму, што раптам магло адбыцца што‑небудзь нечаканае, а каб з першымі промнямі пачаць фотаздымку. Але гэтае раптам не прымусіла сябе доўга чакаць.

Знянацку, як па камандзе, сарваліся птушкі. Ну вось табе і ток, падумалася ўслед абарванай песні. Што магло напалохаць цецерукоў, стала зразумела літаральна хвілінай пазней: з балотнага лесу ў наш бок трусцой беглі два ваўкі. Першым, метраў за семдзясят спыніўся самец. Разглядаючы яго мокрую ад ранішняй расы поўсць, я «клацнуў» затворам некалькі кадраў — на ўсялякі выпадак.

Воўк не звярнуў на шчаўчкі фотаапарата аніякай увагі, наадварот, драпежнік углядаўся і ўслухоўваўся ў супрацьлеглы ад нас бок, там дзе чарот затуляў балотную рэчку. Збоку ад ваўка, крыху адстаючы, нетаропка падыходзіла моцна палінялая ваўчыха. Воўк ляніва кінуў на яе позірк і на паўсагнутых лапах падаўся ў невялікую лажбінку, схаваўшыся ў ёй з вушамі. Ваўчыха нібыта не магла вырашыць, што ж ёй зрабіць і працягвала стаяць побач з прылеглым самцом. Якраз у гэтае імгненне ў чароце пачулася хлюпанне па вадзе і паказаўся сілуэт лася.

Толькі на секунду даўганогі лось замёр на месцы, але гэтага было дастаткова, каб паспець зрабіць парачку кадраў, і я націснуў на кнопку. Здавалася, ласю было не да гукаў фотакамеры і выгляду нашых шалашоў‑засідак, ён нібыта некуды спяшаўся і, як ні дзіўна, яго шлях быў якраз у напрамку, дзе прытаілася воўчая пара. Метраў праз дзесяць лось стаў як укапаны, было бачна, як на яго холцы ўздыбілася поўсць. Насупраць, за некалькі крокаў, яго свідравалі вочы заклятых ворагаў.

Нечакана лось робіць рэзкі разварот на сто восемдзясят градусаў і, набіраючы хуткасць, стралою ляціць да сцяны чароту, адкуль ён толькі што з’явіўся.

Ваўчыная пара спачатку нібыта збянтэжылася ад гэткай ласінай самаўпэненасці ці нагласці, але рэакцыя драпежнікаў была настолькі імгненнай, што і сотай долі секунды ім хапіла, каб кінуцца ўслед. Я паспяваю зрабіць літаральна два кадры, як пагоня знікае ў чароце.

Некалькі хвілін мы сядзім з калегам у зняменні ад убачанага, не верачы, што сталі сведкамі вялікай таямніцы прыроды. У пачуцці нас прыводзіць лопанне птушыных крылаў: ток аднавіўся. Мы зноў прыціскаем вочы да відэашукальнікаў. Недзе за нашымі спінамі праз смугу туману ўзыходзіць майскае сонца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?