Па ініцыятыве пракуратуры Гомельскай вобласці ўпершыню прайшла экскурсія чыноўнікаў у СІЗА‑3.

Як паведаміў старшы пракурор аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Гомельскай вобласці Вячаслаў Сталовіч, мэтай мерапрыемства была прафілактыка карупцыйных злачынстваў. На экскурсію былі запрошаны дзевяць прадстаўнікоў кадравага рэзерву райвыканкамаў і раённых адміністрацый Гомеля — начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў.

«Размова тут не ідзе аб запалохванні.

У барацьбе з карупцыяй важныя прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленне карупцыйных праяў, — сказаў Сталовіч.

— Сярод насельніцтва неабходна сфарміраваць устойлівую непрыязную атмасферу да карупцыйных праяў. Кіраўніцтва пракуратуры вобласці і Генеральнай пракуратуры мяркуе, што менавіта такім чынам — з прыцягненнем кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія на свае вочы ўбачаць наступствы ўчыненых злачынстваў, можна дасягнуць вырашэння такіх задач. Гэтыя чыноўнікі, як ніхто іншы, змогуць на месцах ствараць гэтую антыкарупцыйную атмасферу».

Паводле слоў пракурора, чыноўнікі былі ўражаны, да якіх наступстваў прыводзяць учыненыя злачынствы. Экскурсантам была дадзена магчымасць паразмаўляць з былымі кіраўнікамі, якія асуджаны і адбываюць пакаранне ў СІЗА за карупцыйныя злачынствы. «Асуджаныя, канешне, не ішлі на кантакт, але нават іх настрой і выгляд служаць красамоўным доказам таго, што яны шкадуюць аб учыненым злачынстве. А гэта, у сваю чаргу, адбілася на эмацыянальным уражанні прысутных людзей. І гэтыя ўражанні яны змогуць данесці да сваіх калег, падначаленых», — пракаментаваў Сталовіч.

Пракуратура вобласці плануе прадоўжыць такую практыку і запрасіць у СІЗА кіраўнікоў прадпрыемстваў і дзяржустаноў.

За студзень—сакавік 2010 года ў вобласці выяўлены 192 карупцыйныя злачынствы, што на 41% больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года. Калі раней найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў выяўлялася ў сферы будаўніцтва, то цяпер першую пазіцыю займае прамысловасць (31 злачынства), затым ідзе гандаль (25). На трэцім месцы — будаўніцтва і сельская гаспадарка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?