Арсень Ліс. Gloria victis!

У кнізе сабраны выбраныя артыкулы, нарысы пра людзей, якія распрацоўвалі беларускую нацыянальную канцэпцыю — Аляксандра Уласава, Браніслава Тарашкевіча, Аркадзя Смоліча, Тамаша Грыба. Асобныя публікацыі прысвечаны беларускім пісьменнікам, мастакам, вучоным.

«Гэта кніга аб нашай знішчанай інтэлігенцыі, трагедыі нашай нацыі», — адзначае аўтар.

Максім Багдановіч. Я хацеў бы спаткацца з Вамі...

У зборнік увайшлі літаратурна-публіцыстычныя артыкулы пра мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча, а таксама матэрыялы, прысвечаныя асобам, якія ішлі па жыцці поруч з паэтам.

Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая. Нясвіж і Радзівілы.

Былое старажытнае паселішча на беразе ракі Уша ў пачатку XVI стагоддзя стала галоўнай рэзідэнцыяй слыннай сям'і, цэнтрам культуры Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага, другім горадам у дзяржаве пасля Вільні. Гісторыі горада Нясвіжа і легендарнага роду Радзівілаў цесна з'яднаны паміж сабою. Аб усім гэтым распавядаецца ў кнізе, якая вытрымала тры перавыданні.

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588.

Гэтая кніга — фактычна першая спроба ўзнаўлення на сучаснай беларускай мове тэкстаў Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года — выдатнага, агульнаеўрапейскага помніка прававой культуры і юрыдычнай думкі перыяду Адраджэння.

Наталля Гардзіенка. Беларусы ў Вялікабрытаніі.

Аўтар разглядае гісторыю беларуска-брытанскіх кантактаў, перадумовы прыезду беларусаў у гэтую краіну ў 1940-я, працэс стварэння і дзейнасць нацыянальных арганізацый розных напрамкаў.

Гэта сапраўдная энцыклапедыя беларускага жыцця ў Вялікабрытаніі. У канцы кнігі змешчаны даведнік па беларускіх мясцінах у гэтай краіне.

Джэймс Джойс. Уліс. Частка 1.

Найвядомейшы раман ірландскага пісьменніка, які пісаўся «плынню свядомасці» на працягу больш як сямі гадоў, друкаваўся часткамі ў амэрыканскім часопісе «The Little Review». Цалкам выдадзены быў у Францыі ў 1922. Упершыню па-беларуску ў перакладзе Яна Максімюка твор з’явіўся ў 1993 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0