Адзін з лідэраў маладзёжнай арганізацыі Партыі БНФ «Моладзь БНФ», ваеннаслужачы Франак Вячорка зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Мазырскага раённага савета па 25‑й Мазырскай станцыйнай выбарчай акрузе.

Пра гэта паведаміў яго бацька, член Сойма Партыі БНФ Вінцук Вячорка, які, у сваю чаргу, з’яўляецца кандыдатам у дэпутаты Мінскага гарадскога савета.

Паводле яго слоў, з пяці прадстаўнікоў апазіцыі, якія балатаваліся ў райсавет, зарэгістраваныя два: Франак Вячорка і член АГП Сяргей Лапуста.

Сапернікам Вячоркі з’яўляецца дырэктар спартыўна‑аздараўленчага горналыжнага комплексу «Мазыр» Сяргей Каробкін. У Лапусты таксама ёсць апанент. У астатніх акругах раёна выбары пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове.

«У сувязі з рэгістрацыяй кандыдатам у дэпутаты Франаку павінны даць адпачынак», — зазначыў Вячорка‑старэйшы.

Франак Вячорка праходзіў комплексны медыцынскі агляд на прадмет прыгоднасці да далейшага праходжання службы ў арміі. Ён знаходзіўся ў 432‑м ваенна‑медыцынскім клінічным цэнтры ў Мінску, куды быў дастаўлены 25 лютага з воінскай часці № 48694 у Мазыры. 19 сакавіка Вячорку прывезлі назад у часць і змясцілі ў медпункт. Ён вызвалены ад выканання службовых абавязкаў. Салдат‑кандыдат чакае рашэння ўрачэбнай камісіі.

Выбары ў мясцовыя саветы пройдуць 25 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?