Кіраўнік гарадзенскай вертыкалі Уладзімір Саўчанка звольнены з пасады па ўласным жаданні.
Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, адстаўка старшыні Гарадзенскага аблвыканкама звязаная са станам здароўя Саўчанкі, які папрасіў «перавесці яго на працу з меншым аб’ёмам задач».
Аблвыканкамам будзе пакуль кіраваць першы намеснік Саўчанкі Іван Жук.
Гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут кажа, што чуткам пра сыход Уладзіміра Саўчанкі з пасады кіраўніка вобласці ўжо гадоў пяць. А той кіраваў сабе Гродзеншчынай ад 2001 года, заняўшы пасаду старшыні аблвыканкаму пасля смерці Аляксандра Дубка.
«Такога кіраўніка, як Саўчанка, ужо не будзе. Яго адмыслова сюды прыслалі «навесці парадак», — мяркуе Пачобут.
І прыгадвае зробленае за гады кіраванне Саўчанкам: ліквідацыя незалежнай прэсы — газетаў «Пагоня» і «Біржа інфармацыі», руйнаванне гістарычнага цэнтра каралеўскага гораду, наступ на Саюз палякаў. «Незалежнае грамадства Гродна дакладна шкадаваць не будзе пра ягоны сыход», — падкрэслівае журналіст.
Ён прыгадвае таксама гучную адстаўку начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Генадзя Хацько,
якога знялі з пасады згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі ад 3 лістапада 2009 года з фармулёўкай «у сувязі з здзяйсненнем праступкаў, што дыскрэдытуюць званне супрацоўніка органаў унутраных спраў». «Саўчанка сябраваў з Хацько і, па чутках, да апошняга бараніў яго», — кажа Пачобут.
Мікола Маркевіч, рэдактар зачыненай уладамі газеты «Пагоня», кажа,
што з адстаўкай Уладзіміра Саўчанкі яго родны горад атрымаў шанец.
«Лічу яго вялікім непрафесіяналам, які за час свайго кіравання нанёс велізарную шкоду гораду. Яго сыход расцэньваю як шанец на з’яўленне адэкватнага і разумнага кіраўніка».
***
Саўчанка Уладзімір Ягоравіч
Нарадзіўся 26 лютага 1952 г. у в. Фролаўка Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці інжынер землеўпарадкавання. Кар’еру пачынаў у адным з калгасаў Круглянскага раёну, затым працаваў на пасадзе старшыні Круглянскага райвыканкама і намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама. На Гродзеншчыне пачынаў працу першым намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама, курыраваў пытанні аграпрамысловага комплексу. У сакавіку 2001 г. заняў пасаду старшыні аблвыканкаму пасля смерці Аляксандра Дубка. На пасадзе кіраўніка аблвыканкаму меў вымову за затрымкі заробкаў, а таксама за фальсіфікацыю справаздачных даных па гэтых пытаннях.