Пры Пярцове адбыўся поўны разгром незалежных медыя

Пярцоў стаў міністрам інфармацыі ў красавіку 2021 года. Фармальна менавіта пры ім адбыўся поўны разгром незалежных медыя — былі закрытыя Tut.by, «Наша Ніва», БелаПАН і іншыя СМІ. Быў «нармалізаваны» Анлайнер.

Але застаецца вялікае пытанне, ці абраны рэпрэсіўны курс быў персанальнай ініцыятывай Пярцова.

Рэч у тым, што адначасова з прызначэннем Пярцова на пасаду міністра пайшоў на павышэнне яго папярэднік Ігар Луцкі, які стаў намеснікам па ідэалогіі кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

І калі Пярцоў у першыя дні працы міністрам акуратна казаў, што ў Беларусі заўсёды былі і будуць апазіцыйныя СМІ, Луцкі ўпэўнена перайшоў да тэрору ў адносінах журналістаў і рэдактараў.

Цяпер гісторыя-2021 паўтараецца — міністр інфармацыі пераходзіць у крэсла ў Адміністрацыі прэзідэнта і зможа (прынамсі пры жаданні) уплываць на медыяпрастору. Якія планы ў Пярцова і ці пакінуць яму нейкую свабоду дзеяння, будзе зразумела бліжэйшым часам.

Дзесяць гадоў на чале «Міра» 

Уладзімір і Юлія Пярцовы. Фота з сацыяльных сетак

Уладзімір і Юлія Пярцовы. Фота з сацыяльных сетак

Самы працяглая прыступка ў кар'еры ў Пярцова — дзесяцігадовая праца дырэктарам прадстаўніцтва тэлеканала «Мір» у Беларусі. Ён займаў гэтую няпыльную пасаду з 2010 да 2021, атрымаўшы яе адразу пасля ўдалага шлюбу.

Жонка Пярцова — тэлевядучая Юлія Пярцова, дачка Аляксандра Радзькова. Блізкі да Лукашэнкі чыноўнік быў міністрам адукацыі, працаваў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, а пасля ўзначальваў «Белую Русь».

Пры Пярцове «Мір» не дэманстраваў ніякіх поспехаў. Хоць тэлеканал і трапіў у «сацыяльны спіс», а значыць, быў даступны кожнаму гледачу ў Беларусі, яго рэйтынгі заставаліся мізэрнымі.

Зрэшты, калі на месца Пярцова ў «Мір» прыйшла Вольга Шпілеўская, сітуацыя не змянілася.

Няўдалы досвед у тэлеэфіры

Уладзімір Пярцоў нарадзіўся ў Віцебску ў 1974 годзе. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1990-я ён працаваў у мясцовым Палацы культуры і тэхнікі прафсаюзаў, быў вядучым дыскатэк. Быў сярод стваральнікаў радыёстанцыі «Віцебск». Непрацяглы час працаваў у Расіі, але пасля вярнуўся ў Беларусь.

Пярцоў спрабаваў зрабіць у Мінску кар'еру тэлевядучага, трапіў нават у «Добрай раніцы, Беларусь!», але нешта пайшло не так. Тагачасны кіраўнік БТ Ягор Рыбакоў прызнаваўся, што дуэт Пярцова і Таццяны Сулімавай недастаткова дынамічны для ранішняга эфіру. «У вобразе вядучых прысутнічала нешта, што закалыхвае публіку», — казаў ён.

Пасля Пярцоў узначаліў Гродзенскую абласную тэлерадыёкампанію, пакуль не атрымаў запрашэнне ў «Мір».

Чытайце таксама:

Чытайце таксама:

Галасуе ў «Аднакласніках» у апытаннях пра Украіну, жонка была прадаўцом. Пяць фактаў пра новага міністра эканомікі

Аграном, дэпутат, кіраўнік прафсаюза і памочнік Лукашэнкі. Што вядома пра новага міністра сельскай гаспадаркі

Займаўся боксам, рана ажаніўся. Пяць фактаў пра новага міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі

Клас
6
Панылы сорам
20
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
10