Бактэрыі, якія выклікаюць батулізм, могуць знаходзіцца ў тым ліку ў вяленым, вэнджаным і слабасалёным мясе і рыбе. Фота: «Наша Ніва»

Бактэрыі, якія выклікаюць батулізм, могуць знаходзіцца ў тым ліку ў вяленым, вэнджаным і слабасалёным мясе і рыбе. Фота: «Наша Ніва»

Батулізм — гэта вострае інфекцыйнае захворванне, выкліканае таксінам батулізму. Яно выяўляецца ў атручванні наймацнейшай атрутай, якую выпрацоўвае бактэрыя кластрыдыя батулізму.

Гэты мікраарганізм можа апынуцца ў хатніх кансервах, у вэнджанай і вяленай рыбе, у каўбасе і вяндліне. Яд бактэрыі паражае нервовую сістэму чалавека, парушаючы нервова-мышачную дзейнасць, і пры адсутнасці своечасовай медыцынскай дапамогі можа прывесці да смяротнага зыходу.

Добрая навіна ў тым, што небяспекі для навакольных хворы чалавек не ўяўляе.

Як распазнаць

Западозрыць батулізм можна па наступных прыкметах: сухасць у роце, ахрыпласць, гугнявасць, складанасці ў глытанні, вадкі стул, млоснасць і/або ваніты.

Таксама пры атручванні можа парушацца зрок. Напрыклад, перад вачыма з'яўляецца заслона або ў вачах дваіцца. Парушаецца таксама міміка (адбываецца парэз нерва твару), становіцца цяжка дыхаць. Пры моцнай інтаксікацыі чалавека можа нават паралізаваць.

Калі на працягу трох сутак пасля ўжывання вэнджаніны, кансерваў або хатніх нарыхтовак з'явіліся нейкія з гэтых прыкмет, трэба тэрмінова звярнуцца да доктара.

Небяспечныя прадукты

Бактэрыі, якія выклікаюць батулізм, могуць знаходзіцца ў хатніх агароднінных кансервах, у часнаку і цыбулі ў алеі, у салёных і марынаваных грыбах, у розных соусах, а таксама ў вяленым, вэнджаным і слабасалёным мясе і рыбе.

Цікава, што ў прадуктах з шчыльнай кансістэнцыяй (каўбаса, вяндліна і да т.п.) батулатаксін можа запасіцца нераўнамерна. Таму бывае так, што заражаную каўбасу паела ўся сям'я, а захварэў хтосьці адзін.

Рэч толькі ў ежы?

Большасць усіх выпадкаў захворвання складае харчовы батулізм. Але таксама сустракаецца дзіцячы і ранавы батулізм.

Першы тып бывае ў дзяцей ва ўзросце да 6 месяцаў, калі яны з ежай праглынаюць не сам таксін, а яго споры. Ён можа ўтрымлівацца ў ягадных і фруктовых пюрэ, мёдзе, варэнне, а таксама ў любых іншых прадуктах, якія не былі тэрмічна апрацаваны. Пасля 6 месяцаў кішачнік дзіцяці, як правіла, здольны абараніць арганізм ад росту спор і бактэрый.

Ранавы батулізм развіваецца, калі батулатаксін наўпрост трапляе ў адкрытую рану.

Сімптомы гэтых тыпаў захворвання такія ж, як і ў харчовага батулізму.

Як лячыць батулізм

Батулізм лечаць толькі ў бальніцы. Для гэтага хвораму прамываюць страўнік, робяць клізму, выклікаюць узмоцненае мачавыпусканне, а таксама абавязкова ўводзяць антыбатуліністычную сыроватку. Як правіла, працягласць лячэння складае мінімум месяц.

Калі хваробу своечасова выявіць і пачаць тэрапію, у тым ліку як мага раней увесці сыроватку, прагноз досыць добры: пасля некалькіх месяцаў чалавек цалкам здаравее.

Ад стомы да смяротнага зыходу

Захворванне небяспечна тым, што яно прыводзіць да слабасці цягліц (людзі скардзяцца на моцную стомленасць, ім становіцца складана рухацца, а часам нават падымаць і трымаць галаву) і да недахопу паветра, з-за таго, што чалавек не можа ўдыхнуць на поўныя грудзі.

Калі батулізм не лячыць, ён можа прывесці да спынення дыхання.

Як не захварэць

Найлепшая прафілактыка батулізму — ужыванне ў ежу кансерваў, каўбас, вэнджаніны і іншых прадуктаў толькі прамысловага падрыхтоўкі.

Калі без хатніх нарыхтовак ніяк не абысціся, то варта прытрымлівацца наступных правілаў:

  • не купляць кансервы з рук і не рабіць закаткі з даўно знятых альбо сапсаваных гародніны, садавіны, ягад і грыбоў;
  • вельмі старанна мыць ад зямлі ягады, садавіну, гародніну і грыбы;
  • падтрымліваць чысціню на кухні;
  • пасля ўлову рыбу трэба як мага хутчэй вытрыбушыць, прамыць пад праточнай вадой і захоўваць у халадзільніку або лядоўні;
  • калі ёсць магчымасць пракіпяціць або прасмажыць кансерваваныя прадукты, варта гэта зрабіць, так як на працягу 20-25 хвілін такой тэрмічнай апрацоўкі батулатаксін руйнуецца;
  • не есці прадукты са слоікаў, якія надзьмуліся (гэта тычыцца і сокаў у тетрапаках).

Чытайце таксама:

Гарадзенец ледзь не памёр ад хатняга леча

Як правільна прыгатаваць хатнія запасы і не атруціцца імі?

Гамяльчук сам навяліў рыбы, з'еў яе і ледзь не памёр

Беларус паеў хатніх марынаваных агуркоў з памідорамі і ледзь не памёр

Клас
20
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
5
Абуральна
1