Бажэна Ярэміч. Тут і далей фота з сацыяльных сетак

Бажэна Ярэміч. Тут і далей фота з сацыяльных сетак

Трагедыя ў сям'і і сіндром выдатніцы

Бажэна нарадзілася ў 1999-м годзе ў Гародні ў простай рабочай сям’і. Яе маці Ірэна апошнім часам працавала дворнікам. Бацька Віктар — станочнік дрэваапрацоўчых станкоў. Па інфармацыі «Белпола», у яго была судзімасць за крадзеж. За гэта Віктар Ярэміч атрымаў два гады выпраўленчых прац.

Бацькі Ярэміч

Бацькі Ярэміч

Бажэна выхоўвалася ў сям’і адна да трагедыі, якая здарылася ў яе дзядзькі. З розніцай у два гады ён памер ад запалення лёгкіх, а яго жонка — ад анкалогіі. У выніку бацькі Бажэны аформілі апеку над Гражынай — пляменніцай, якая стала другой дачкой.

Поўны склад сям'і

Поўны склад сям'і

Сям’я Ярэміч — каталіцкая, набожная, таму Бажэна з дзяцінства была прывучаная наведваць касцёл. Бацькі самі не мелі вышэйшай адукацыі, але заклалі ў галаву Бажэны важнасць навучання, што, сярод іншага, справакавала сіндром выдатніцы. Пра яго казала і сама Бажэна, і тое пацвярджаецца шматлікімі дыпломамі, падзякамі, з'яўленнем на дошках гонару, музычнай школай па класе фортэпіяна, сярэднім 9.5-бальным атэстатам выпускніцы школы №3 і чырвоным дыпломам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Бажэна ў касцёле

Бажэна ў касцёле

Дарэчы, на выбар факультэта ў пэўным сэнсе паўплывалі бацькі дзяўчыны. Сама яна натхнялася Мэрылін Манро і думала, што будзе актрысай, але з цягам часу пасля прагляду крымінальных фільмаў захацела стаць пракурорам. Бацька ж з маці настаялі на больш універсальным юрыдычным факультэце — спецыяльнасці «правазнаўства».

Атрыманнем дыплома справа не скончылася — дзяўчына працягнула пагружэнне ў юрыспрыдэнцыю ў магістратуры і аспірантуры. Што цікава, сфера яе навуковых інтарэсаў досыць актуальная на сёння — гісторыя дзяржавы і права замежных краін, міжнародныя ўзброеныя канфлікты і гуманітарнае права.

Дзяўчына публічна радуецца кожнаму атрыманаму дыплому і падзякам. Адна з яе галоўных матывацый у такіх адзнаках — парадаваць бацькоў

Дзяўчына публічна радуецца кожнаму атрыманаму дыплому і падзякам. Адна з яе галоўных матывацый у такіх адзнаках — парадаваць бацькоў

Ярэміч паспела папрацаваць на сваім факультэце выкладчыкам-стажорам, а таксама юрысконсультам у мэблева-будаўнічай кампаніі «ЗОВ-Профіль».

«Сапраўдных сяброў у яе нібыта не было»

Знаёмыя з дзяўчынай кажуць, што хоць яна і ўдзельнічала ва ўсіх магчымых конкурсах, была вядучай мерапрыемстваў — як у школе, так і ў студэнцкі час, — асабліва блізка да сябе яна нікога не падпускала.

«Яна хоць і была як бы з усімі, заўсёды ў натоўпе, сапраўдных сяброў у яе нібыта не было. Яна ўсіх трымала на дыстанцыі», — кажуць знаёмыя.

Гэта пацвярджаецца і словамі самой Бажэны ў адным з інтэрв’ю: «У мяне найлепшая сяброўка — гэта мама. Яшчэ ў нашу банду ўваходзяць мая цётка і настаўніца малодшых класаў».

Свой вольны час Бажэна лічыць за лепшае праводзіць таксама з сям’ёй.

Падчас выбараў у Мінскі гарадскі савет дэпутатаў, куды Бажэна вылучалася ад партыі «Белая Русь», стала вядома, што яна выхоўвае сына. Пры гэтым яго існаванне, як і існаванне яго бацькі, нідзе раней не афішавалася.

Ралявая мадэль — Марыя Васілевіч

Бажэна будавала сваю кар’еру ў Гародні і з’язджаць адтуль не планавала. Лёсавызначальным для яе стаў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў яе альма-матар у 2018 годзе. Як адну з актывістак яе запрасілі на агульнастудэнцкую сустрэчу з ім. Пасля яна трапіла на экскурсію ў Палац Незалежнасці і на балі ў сталіцы.

Сама Ярэміч сваім сацыяльным ліфтам называе БРСМ, але менавіта пасля сустрэч з Лукашэнка яе кар’ера актыўна пайшла ўгару адразу па некалькіх кірунках — палітычным і прафесійным.

Першая сустрэча Лукашэнкі і Ярэміч. Бажэна — злева ў чырвоным

Першая сустрэча Лукашэнкі і Ярэміч. Бажэна — злева ў чырвоным

16 сакавіка 2021 года Лукашэнка сваім указам уключыў Бажэну і яшчэ 35 чалавек у Канстытуцыйную камісію, якая распрацоўвала змены ў Канстытуцыю.

Ярэміч павінна была стаць «голасам ад моладзі». Асноўнае, што прасоўвала ў галоўны закон краіны маладая юрыстка — захаванне гістарычнай памяці і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.

Міхаіл Мясніковіч і Бажэна Ярэміч адразу за Лукашэнкам у прэзідыуме Усебеларускага народнага сходу. Усімі сваімі з’яўленнямі сярод чыноўнікаў ці ў дзяржаўных СМІ Бажэна таксама адразу хваліцца ў сацыяльных сетках. Пасля УНС яе, была справа, узламалі ў інстаграме, і дзяўчына на нейкі час зрабіла старонку прыватнай. Але цяпер зноў транслюе свае дзяржаўныя дасягненні на масавую аўдыторыю.

Міхаіл Мясніковіч і Бажэна Ярэміч адразу за Лукашэнкам у прэзідыуме Усебеларускага народнага сходу. Усімі сваімі з’яўленнямі сярод чыноўнікаў ці ў дзяржаўных СМІ Бажэна таксама адразу хваліцца ў сацыяльных сетках. Пасля УНС яе, была справа, узламалі ў інстаграме, і дзяўчына на нейкі час зрабіла старонку прыватнай. Але цяпер зноў транслюе свае дзяржаўныя дасягненні на масавую аўдыторыю.

У тым жа годзе яна нечакана стала кіраўніцай Нацыянальнай школы прыгажосці. Сама Бажэна казала, што ўзначаліць школу ёй прапанавалі дзяржаўныя органы, якія курыруюць установу.

Бажэна з Наталляй Качанавай

Бажэна з Наталляй Качанавай

Прызначэнне 22-гадовай дзяўчыны з Гародні на такую пазіцыю ў многіх будучых калег выклікала пытанні: «чаму яна?». На той момант да сферы прыгажосці дзяўчына хоць і мела дачыненне, але эпізадычна — як удзельніца ў конкурсах прыгажосці.

Так, яна спрабавала сябе ў кастынгу «Міс Беларусь — 2020». Бажэна тады расказвала журы, што яе ралявой мадэллю з’яўляецца Марыя Васілевіч (Міс Беларусь — 2018, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў. — «НН») і што сама яна марыць пра карону, але баіцца, што не самы высокі рост, 170 сантыметраў, не дасць ёй перамагчы. Пра гэта, праўда, ніхто так і не даведаўся: праз кавід галоўную прыгажуню краіны ў тым годзе не выбіралі.

Уласны кіроўца і піяніна ў працоўным кабінеце

Яшчэ ў 2020 годзе, працуючы юрыстам у фірме і маючы стыпендыю, Бажэна зарабляла каля 448 даляраў на месяц (такія лічбы мы атрымалі на аснове даных у базе ФСАН, звесткі з якой прадаставіў«Белпол»).

З пераездам у сталіцу стаўкі, відавочна, выраслі. Як мінімум таму, што дзяўчыне адразу прапанавалі арэнднае жытло і ўласнага кіроўцу, які штодзень прывозіць яе на працу ў Нацыянальную школу прыгажосці.

Першае, што зрабіла Ярэміч на новым месцы — адрадзіла конкурс «Міс Мінск». Сярод яго журы ў 2023 годзе засвяціўся Дзмітрый Баскаў, а на фінал ацэнкі прыгажунь, канечне ж, не мог не завітаць Лукашэнка, для якога конкурсы прыгажосці — уласны кастынг на свежую кроў у шэрагі світы.

Ярэміч з Баскавым

Ярэміч з Баскавым

Новая кіраўніца, сама будучы актывісткай БРСМ, вырашыла, што і школе прыгажосці без гэтага нікуды: у ліпені 2021 года яны падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве з першым сакратаром ЦК БРСМ Аляксандрам Лук'янавым.

Глабальнай жа задачай для дырэктаркі стала стварэнне сеткі філіялаў школы прыгажосці ў рэгіёнах. Такія ўжо сапраўды з’явіліся, напрыклад, у мястэчку Воранава (у гэтым раёне Бажэна праводзіла ўсе свае летнія канікулы ў бабулі) і ў Наваполацку. Пакуль міжнароднае супрацоўніцтва галоўным чынам наладжваецца з Кітаем і Расіяй, відаць, прыйдзецца і далей пашыраць дзейнасць школы хаця б такім чынам — у межах Беларусі.

На фоне сваіх задач Ярэміч, па яе словах, расслабляецца граннем на піяніна: яна паставіла яго ў сваім кабінеце.

«Наш прэзідэнт — моцны лідар, і альтэрнатывы яму я не бачу»

З прыходам новай кіраўніцы школа стала яшчэ больш злівацца з ідэалагічнымі задачамі. Для самой Бажэны гэта натуральныя рэчы.

«Я заўсёды падтрымлівала палітыку, што праводзіцца ў нашай краіне, наш прэзідэнт — моцны лідар, і альтэрнатывы яму я не бачу. Ён вельмі добра разбіраецца ў шмат якіх сферах і прымае ўзважаныя рашэнні ў любой, нават самай складанай сітуацыі. Апазіцыйныя СМІ клічуць нас «ябацькамі…» Так, я нашым прэзідэнтам захапляюся», — казала дзяўчына.

Сваю любоў яна праяўляе не толькі на словах, а ў нашэнні мерчу з цытатамі Лукашэнкі. Гадаванкі школы прыгажосці прэзентавалі яго пад соусам «беларускі брэнд» у павільёне Беларусі ў Маскве.

Нацыянальная школа прыгажосці эпохі Ярэміч паспела запэцкацца ў тэме з ПВК «Вагнер». Кіраўніцтва сумесна з МУС прывозіла мадэлек на баявыя трэніроўкі па ўжыванні агнястрэльнай зброі. І вучыліся яны ў «прафесійна падрыхтаваных вайскоўцаў спецпадраздзяленняў унутраных войскаў». Пры гэтым на адным з вайскоўцаў тады заўважылі эмблему «Вагнера».

Усё гэта яшчэ раз даказвае, што нават калі ты за ўсё добрае (сама Бажэна ва ўсіх інтэрв’ю паўтарае, што галоўная мэта яе жыцця — прынесці карысць радзіме), то ў сённяшняй палітычнай сістэме гэта, на жаль, немагчыма. Калі ты займаеш кіруючую пасаду нават у, здавалася б, непалітычнай сферы прыгажосці, яна так ці інакш набывае прысмак дыктатуры.

Чытайце таксама:

Чытайце таксама:

Як Азаронак стаў такім? Новыя факты з біяграфіі самага адданага Лукашэнку прапагандыста

Хто такі Андрэй Аляксандраў — прапагандыст АНТ, які стажыраваўся ў «Жоўтых злівах» і ездзіць на затрыманні

Як прапагандыст Ігар Тур стаў любімчыкам Лукашэнкі і колькі зарабіў у 2020-м

Клас
19
Панылы сорам
111
Ха-ха
20
Ого
12
Сумна
23
Абуральна
89