Юрыстка Крысціна Рыхтэр хутка адзначыць тры гады сваёй працы ў камандзе Святланы Ціханоўскай. Цяпер яна з’яўляецца дарадцай па прававых пытаннях. Да ўласнай эміграцыі з Беларусі Крысціна займалася пытаннямі працаўладкавання моладзі, размеркавання і працоўных правоў.

У камандзе Ціханоўскай Крысціна прыняла прынцыповае рашэнне: публічна размаўляць заўсёды па-беларуску. Наколькі гэта складана ў юрыдычнай сферы?

Недахоп слоў

— Я нарадзілася ў Менску і вучылася ў такой школе, дзе, канешне, былі заняткі беларускай мовы, але як нешта дадатковае. Заўсёды ўсё было расейскамоўнае. У мяне цалкам расейскамоўная сям’я. Таму так атрымалася, што ў мяне было няшмат магчымасцяў атрымаць беларускамоўную адукацыю ці неяк развіваць беларускасць з дзяцінства. 

Бывае, я зайздрошчу сваім калегам ці знаёмым, у якіх бацькі з дзяцінства размаўлялі па-беларуску.

Дзесьці ў 2014—2015 годзе я пазнаёмілася з грамадскім сектарам, прыйшла ў незалежную студэнцкую арганізацыю. І так сталася, што там было шмат людзей, якія размаўлялі па-беларуску. Мая сяброўка, грамадская актывістка Марына Штрахава, заўсёды размаўляла на беларускай мове. Я ў яе нават запытвалася: «А як ты ў жыцці размаўляеш?»

Я тады ўжо працавала юрысткай у арганізацыі, і мне было цяжка ўявіць, як я магу, напрыклад, патэлефанаваць кліентам і пачаць з імі размаўляць па-беларуску. 

Памятаю, што першы час мне было вельмі цяжка размаўляць і ўвогуле ўспрымаць беларускую мову.

Па-першае — цяжка, канешне, псіхалагічна. У мяне прафесія такая, што мой галоўны інструмент — мова. І калі ў цябе не хапае слоў, каб абгрунтаваць сваю пазіцыю, то гэта вельмі складана, стварае псіхалагічныя бар’еры. 

Але самае складанае было тое, што не хапае слоўнікавага запасу, таму што калі ты размаўляеш з чалавекам і заўсёды выкарыстоўваеш адныя і тыя ж словы, то гэта выглядае дастаткова бедна. Ну і проста калі ты пачынаеш размаўляць на мове, якая для цябе, па-шчырасці, не была з дзяцінства асноўнай, гэта псіхалагічная перабудова.

Для ўсіх моў ёсць аднолькавыя парады: я стала шмат чытаць па-беларуску, слухаць. Я не люблю ў адносінах да беларускай мовы слова «прымушала», але я казала сабе, што трэба размаўляць. 

Таксама ў мяне была сяброўка, цалкам з дзяцінства беларускамоўная. І неяк так сталася, што калі мы з ёй размаўлялі — а размаўлялі мы вельмі шмат, яна па-беларуску, я па-расейску — у галаву натуральна паклалася тое, што яна казала. Цяпер я думаю, што менавіта яна, а таксама Марына, мелі вялікі ўплыў на мяне. Калі вакол цябе ёсць асяроддзе і ты амаль штодзённа камунікуеш з чалавекам, які размаўляе па-беларуску, яно натуральней кладзецца. 

Чатыры мовы

Пасля гэтага я частку часу карысталася беларускай, частку расейскай, частку ангельскай мовай. Але не было такога, каб я ў жыцці шмат ужывала беларускую мову.

Я пачала гэта рабіць ужо пасля таго, як з’ехала з Беларусі ў 2021 годзе. Тады гэта сталася натуральна. 

Я разумею, што некаторыя словы гавару ці пішу няправільна, бо граматыка — гэта тое, што трэба сесці і вывучаць. Але гэта не так, як размаўляць на замежнай мове: калі ты перакладаеш на сваю. З беларускай так сталася, што проста бярэш і размаўляеш. 

У маім асяродку ўсё больш і больш людзей, якія ў побытавым жыцці размаўляюць выключна беларускай.

Калі па шчырасці сказаць, то я штодзённа ўжываю чатыры мовы: расейскую, беларускую, ангельскую і польскую. Усе мае мовы цяпер пераблытаныя, няма іх у чыстым выглядзе.

Ваенны фактар 

Калі я стала дарадцай Святланы Ціханоўскай, маё прынцыповае рашэнне было — усе публічныя камунікацыі даваць беларускай. Таму калі маё інтэрв’ю напісана расейскай — хутчэй за ўсё, так зрабіла выданне. 

Я перавяла ўсе свае дэвайсы на беларускую мову, але заўважыла вельмі цікавую рэч: калі ты штосьці хочаш знайсці ў гугле, табе трэба гэта зрабіць па-расейску. Мала інфармацыі на беларускай мове. Бывае, я нешта па праве шукаю на беларускай, — напрыклад, Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Хутчэй мне выдадуць нейкі ўкраінскі рэсурс, бо вельмі падобная мова. 

Канешне, хацелася б цалкам перайсці на беларускую мову ва ўсіх сваіх сферах жыцця, але недахоп інфармацыі вымушае шукаць па-расейску. Гэта азначае, што мы павінны рабіць свае рэсурсы на Вікіпедыі, публікаваць рэцэпты і іншыя свае рэчы, перакладаць заканадаўства на беларускую. 

Ужо пазней прызналася сабе, што стала хутчэй пераходзіць на беларускую з пачаткам вайны, бо мне хацелася ў вачах замежнікаў аддзяліць сябе ад расейцаў. Тут ёсць псіхалагічны фактар: не хацелася быць нейкім чынам дыскрымінаванай з-за расейскай мовы. 

Хаця калі цалкам выключаюць расейскую мову, у мяне як чалавека, які працуе з міжнародным правам, заўсёды ёсць пытанні. Расейская мова ўсё ж такі вельмі распаўсюджаная і з’яўляецца адной з шасці моў ААН. З майго погляду, розныя народы павінны шукаць магчымасці камунікаваць адно з адным на адной мове. 

Сярод маіх сяброў мы таксама першы час (з пачаткам расейскага ўварвання ва Украіну. — Рэд.) больш камунікавалі беларускай. 

Прынцыповая пазіцыя

У Офісе Ціханоўскай ёсць шмат людзей, якія размаўляюць па-беларуску, а ёсць частка, якая размаўляе па-расейску. Заўсёды былі рухі да таго, каб пераходзіць на беларускую.

Святлана Ціханоўская і Крысціна Рыхтэр

Святлана Ціханоўская і Крысціна Рыхтэр. Фота: t.me/tsikhanouskaya

Не памятаю такога, каб хтосьці прыйшоў на планёрку і сказаў: так, з заўтрашняга дня ўсе размаўляем па-беларуску. Калі казаць пра камунікацыйную стратэгію, то, напэўна, у каманды камунікацыі было нейкае абмеркаванне. 

Людзі самі вырашалі для сябе, ці кіраўнікі нейкіх дэпартаментаў казалі: давайце перакладзем усе матэрыялы на беларускую. 

Калі казаць непасрэдна пра мой аддзел, то я прыходзіла і казала: мая прынцыповая пазіцыя — камунікацыя на беларускай, таму любое слова, якое паходзіць ад мяне як прадстаўніцы Офіса, павінна быць на беларускай.

Канешне, бываюць выключэнні. Мы шмат працуем таксама на ангельскай мове, таму ў нас бывае блытаніна. 

Калі казаць пра слоўнікавы запас ці пра граматыку, мне даводзіцца вучыцца дагэтуль. Я разумею, што калі чалавек з дзяцінства не размаўляў на нейкай мове, то каб размаўляць на ўзроўні native, трэба прыкладаць намаганні.

Калі я стала публічна размаўляць па-беларуску, у мяне ўжо было кола сяброў, якім я магу напісаць і спытаць: вось, напрыклад, ёсць «вопыт» і «досвед». У якім выпадку лепш выкарыстоўваць тое ці іншае слова? Гэта не было так, што яны самі прыходзілі і казалі: калі што, да нас звяртайся. Я прасіла: калі не будзе напружваць, я б запытвалася. Людзям было заўсёды прыемна, што я звяртаюся.

Чытайце таксама:

«Хай хто-небудзь ужо нарэшце скажа: трэба вывучаць беларускую як замежную мову»

«Як захаваць беларускасць?» для мяне «Як захаваць любоў да бацькоў?» Былы каліновец расказаў, што дапамагло яму ўсвядоміць сябе

«Для мяне аднолькава важна быць і беларусам, і габрэем, і шведам». Чалавек, які выехаў з Беларусі ў мінулым стагоддзі, расказаў, як і чаму прыйшоў да беларускай мовы пасля 2020-га

Клас
35
Панылы сорам
9
Ха-ха
8
Ого
5
Сумна
12
Абуральна
22