Саакашвілі, які быў прэзідэнтам Грузіі ў 2003—2013 гадах, расказаў, што два разы лётаў у Мінск праз Лондан, каб сустрэцца з Лукашэнкам.

«Пасярэднікам сустрэч выступаў Барыс Беразоўскі [расійскі алігарх і палітык, які памёр у 2013 годзе — НН], які да таго часу асеў у Мінску. Трэці раз, ужо пасля прайграных парламенцкіх выбараў, я паляцеў наўпрост з Тбілісі ў Мінск. Гэта ўсё адбывалася ў 2010 і 2013 гадах. Мы гаварылі пра шмат рэчаў. Дакладней, ён казаў, а я слухаў.

Акрамя гэтага, калі я быў кіраўніком Адэскай вобласці [у 2015-2016 гадах], да мяне разам з міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам прыязджаў Уладзімір Макей, тады беларускі міністр паводзіў сябе як заходні ястраб», — згадаў Саакашвілі.

«Я ўпэўнены, што Макея забіла Масква і гэта было апошнім папярэджаннем Лукашэнку. Я магу пацвердзіць, што падчас майго прэзідэнцтва я асабіста і наш міністр замежных спраў шмат працавалі з Макеем, які, вядома ж, пры падтрымцы Лукашэнкі спрабаваў наладзіць сувязі з Захадам, што ўжо тады выклікала крайнюю непрыязнасць Масквы, там лічылі Макея здраднікам і перабежчыкам», — кажа экс-прэзідэнт Грузіі.

«Я б не хацеў, каб Беларусь прызнала нашы акупаваныя тэрыторыі, і я гэтага дамогся. Некалькі разоў я дамогся вызвалення палітвязняў [пра каго канкрэтна ідзе гаворка, не вядома — «Люстэрка»], асабліва перад уступленнем Беларусі ва Усходняе партнёрства (гэта адбылося ў 2009 годзе). Я пацвярджаю, што шмат разоў абмяркоўваў з заходнімі лідарамі магчымасці вырваць Беларусь з кіпцюроў Расіі», — кажа Саакашвілі.

«Калі я ў першы раз патэлефанаваў Байдэну [калі той быў віцэ-прэзідэнтам] наконт Беларусі, ён катэгарычна адмовіўся пачаць кантакты з Лукашэнкам, і крыху пазней, ужо ў рангу былога прэзідэнта, я быў на інаўгурацыі Парашэнкі [летам 2014 года] і падвёў Лукашэнку за руку да Байдэна [тады палітык быў віцэ-прэзідэнтам ЗША], і яны вельмі цёпла пагутарылі. Там жа быў мой блізкі сябар Джон Маккейн [сенатар ЗША], які вельмі раззлаваўся і на мяне, і на Байдэна за гэты эпізод», — расказаў Саакашвілі.

Чытайце таксама:

«Я меў адносна яго ілюзіі». Былы міністр замежных спраў Літвы згадвае пра Уладзіміра Макея і перапіску з ім у 2020-м

Вера Палякова-Макей: Муж выхоўваў мяне ў спартанскіх умовах

«Калі я папярэджваў Захад пра Пуціна, мяне ігнаравалі як неўраўнаважанага псіха» — Саакашвілі напісаў ліст у The Times

Клас
7
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
5