Літва з 1 сакавіка закрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю («Лаварышкі — Катлоўка» і «Райгарад — Прывалка»). На двух пакінутых адкрытымі КПП («Меднікі — Каменны Лог» і «Салечнікі — Беняконі») улады забаранілі рух пешаходаў і веласіпедыстаў.

Беларусь — Літва — Беларусь: «Дальнабойнікі сталі набівацца ў аўтобусы»

«Штотыдзень езджу на працу ў Літву праз «Каменны Лог — Меднікі». Ніякай розніцы на гэты момант у графіку руху рэйсавых аўтобусаў няма, ездзяць сапраўды гэтак жа, як і ездзілі. І ў Літву, і ў Беларусь тыповае спазненне 30-60 хвілін ад раскладу, што ў цэлым звычайная сітуацыя.

Адзіная праблема, непасрэдна звязаная з закрыццём пераходаў і забаронай веласіпедыстаў — дальнабойнікі. Раней яны ездзілі на роварах праз мяжу, гэта было хутка, а галоўнае — бясплатна. Цяпер многія едуць аўтобусамі.

Напрыклад, у гэты панядзелак, 4 сакавіка, аўтобус на Вільню быў забіты на 100%, як на Новы год. Такога ніколі не было. Хоць у пятніцу 8 сакавіка рэйс на Мінск, напрыклад, быў даволі свабодны, траціна месцаў пуставала.

Звычайна вялікія затрымкі ўзнікаюць, калі ў аўтобусе ёсць украінскія пасажыры. Яны часта ездзяць туды-сюды паміж Літвой і Беларуссю, а іх заўсёды водзяць на допыты і ўвесь аўтобус потым сядзіць ды чакае, калі іх адпусцяць. А чакаць даводзіцца часам вельмі доўга.

Напрыклад, 8 сакавіка чакалі каля 40 хвілін з улікам таго, што ўкраінцы пайшлі на праверку першымі. Заўважыў, што без украінскіх пасажыраў усё праходзіць хутка.

Акрамя таго, пры паездках у Літву могуць узнікнуць затрымкі з-за мікрааўтобусаў з малдаўскімі нумарамі. Іх Літва чамусьці прапускае па аўтобусным канале (у Беларусі яны едуць па чырвоным канале, не замінаючы рэйсавым аўтобусам). Яны ўвесь час ездзяць набітыя людзьмі і рэчамі, і іх потым вельмі доўга правяраюць.

Таксама ёсць грашовая праблема — [па назіраннях суразмоўцы] кожны месяц перавозчыкі падымаюць цэны на квіткі на 10%. Калі ў снежні я плаціў за квіток у адзін бок 95 рублёў, то цяпер 125 рублёў. А ў некаторых перавозчыкаў цана вырасла да 140 рублёў.

З улікам таго, што ні курс валют, ні цэны паліва моцна не мяняліся, гэта проста адкрытае рабаванне».

Літва — Беларусь: «Абедзве мяжы прайшлі без праблем»

«Ехаў з бацькамі з Вільні ў Мінск на аўтобусе ў сераду 6 сакавіка, выезд быў у 10:30. Абедзве мяжы прайшлі без праблем. На літоўскай прастаялі 30 хвілін, на беларускай — 1 гадзіну 15 хвілін. Перад намі на беларускай мяжы быў адзін аўтобус, але і той вельмі хутка з'ехаў. Праверка дакументаў таксама прайшла хутка. У мяне быў літоўскі ДНЖ, у бацькоў французскія візы. Пытанняў наконт дакументаў не было. У Мінск прыехалі паводле раскладу».

«Бацькі ехалі 6 сакавіка з Літвы ў Беларусь на аўтобусе «Мінкстранса» (у іх шэнгенскія візы). Праходжанне мяжы заняло больш за 4 гадзіны. На літоўскай мяжы прастаялі 1,5 гадзіны, на беларускай — яшчэ 3 гадзіны. З Вільні выехалі своечасова, прыехалі на 2,5 гадзіны пазней, чым па раскладзе».

Варшава — Беларусь: «Мяжа заняла 4 гадзіны»

«Ехала з Варшавы ў Беларусь у аўторак 5 сакавіка ранішнім аўтобусам. Кіроўцы сказалі, што па шляху ў Варшаву праходжанне мяжы заняло 8,5 гадзін. У кірунку Беларусі мяжа заняла 4 гадзіны. Чэргаў для аўтобусаў не было. Легкавых стаяла шмат з польскага боку».

Чытайце таксама:

Грузавікоў шмат, легкавых мала. Што адбываецца на межах Беларусі праз тыдзень пасля закрыцця двух пунктаў пропуску

Вялікая колькасць грузавікоў і легкавікоў стаіць на выезд з Беларусі ў заходнім напрамку

На мяжы з Польшчай зноў пачалі збірацца вялікія чэргі з аўтобусаў

Чарга грузавікоў з Беларусі ў Польшчу павялічылася за суткі ў чатыры разы

Клас
5
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
10