Фота: uvdgomel / Telegram
Прысуд быў апублікаваны ў Банку судовых рашэнняў.
Беспрацоўны Я. (будзем называць яго Яўген), пабіў у чарзе ў пункце выдачы замоваў інтэрнэт-крамы W. (найхутчэй, «Вайлдберыз», але пацверджання няма — «НН») у Мінску іншага мужчыну А (назавем яго Аляксей).
Яўген прыйшоў у пункт выдачы з сужыцелькай. Пакуль яна забірала пакеты, ён стаяў у тамбуры. Там жа каля дзвярэй чакаў чаргу і Аляксей. Мужчыны не былі знаёмыя, і ніякіх канфліктаў не мелі.
Тым не менш Яўген, праходзячы міма Аляксея, без прычыны штурхануў яго плячом, а пасля яшчэ і нанёс удар галавой. У Аляксея пайшла кроў з носа.
Ён дастаў мабільнік, стаў здымаць крыўдзіцеля на відэа і выклікаў міліцыю.
Вынікам нападу стаў кровападцёк спінкі носу Аляксея. Яўген прынёс прабачэнні пацярпеламу і раскаяўся.
Сілавікі завялі крымінальную справу за хуліганства — частка 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса.
Суд улічыў, што Яўген раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і мае на ўтрыманні двух дзяцей.
У выніку абвінавачанаму Яўгену прысудзілі 240 гадзін грамадскіх работ. З яго таксама спагоняць 22 капейкі на кампенсацыю выдаткаў судовай экспертызы.
Чытайце яшчэ:
У Гомелі вынеслі прысуд мужчыну, які парэзаў нажом цяжарную сяброўку
Журналістаў тэлеканала «Белсат» асудзілі за «хуліганства». Яны рабілі апытанне жыхароў Мінска
Аршанскую пенсіянерку з інваліднасцю асудзілі да калоніі за каментар у «Аднакласніках»