Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

«Пайшла на «завочку», каб працаваць і мець уласны даход»

Оля

Я вучуся ўжо ў другім па ліку ВНУ. Адразу пасля школы паступіла ў МДЛУ на дзённае бясплатнае навучанне, бо вельмі падабалася вывучэнне замежных моў. На момант паступлення ўжо ведала англійскую на ўзроўні В2 і нямецкую на ўзроўні В1. Але вывучэнне моў «углыб» мне не зайшло, стала сумна. І я пайшла адтуль пасля 1-га курса, вырашыўшы гадок папрацаваць і падумаць, чаму навучыцца далей.

Узяла акадэмічны адпачынак і ўладкавалася на працу ў вельмі папулярную цяпер краму касметыкі. Гэта быў незабыўны і прыкольны вопыт. Для сябе я адкрыла, што добра магу ладзіць з людзьмі, умею прадаваць, магу выкруціцца з вельмі канфліктных сітуацый без страт.

Але паступова пастаянная інтэнсіўная праца з людзьмі мне надакучыла, і праз паўгода я сышла адтуль. Адчуўшы раскошу ўласных грошай, я амаль адразу стала шукаць наступную працу. Знайшла ў агенцтве па нерухомасці. Вопыт там не патрабаваўся. Стала агентам па здачы ў арэнду кватэр.

Сама па сабе праца не вельмі спадабалася, зарабляла мала, а вось праца з дакументамі і дамовамі зацікавіла. І я вырашыла падацца ў юрысты. Гэтым летам паступіла ў БДУ на завочнае аддзяленне юрыдычнага факультэта. Вось гэтая вучоба мне ў кайф.

На «завочку» пайшла, каб працягваць працаваць і мець уласны даход. Бацькі мяне цалкам забяспечваюць, але мне падабаецца адчуваць сябе самастойнай і не прасіць грошы на любую дробязь.

Жыву ў кватэры з бацькамі. Раней жыла ў нашай другой кватэры, якая ўжо лічыцца маёй. Але потым вырашыла, што лепш буду з бацькамі, — яны ў мяне ненапружныя, а даход ад здачы кватэры мне спатрэбіцца. Так што мой даход цяпер складае прыкладна 300 даляраў ад здачы кватэры плюс 800 рублёў ад працы адміністратарам у аддзяленні аднаго з банкаў на паўстаўкі.

Зарплату я трачу на сябе ў нуль: на праезд, ежу па-за домам, вопратку і забавы, а даход ад арэнды адкладаю на падарожжа. З буйнымі пакупкамі ў выглядзе ноўтбука дапамагаюць бацькі. І пастаянная наяўнасць добрай ежы ў халадзільніку — таксама іх заслуга.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: 1prof.by

Здымак ілюстрацыйны. Фота: 1prof.by

«Калі заканчваюцца грошы, проста кажу пра гэта маме»

Арына

Вучуся я на платным аддзяленні ў БДУ. Абраная спецыяльнасць, звязаная з інфармацыйнымі тэхналогіямі, ужо не вельмі падабаецца. З некалькімі прадметамі я вельмі цяжка спраўляюся, толькі з дапамогай хлопцаў-аднакурснікаў.

Таму цяпер вырашыла яшчэ пайсці на добрыя курсы маркетолагаў — можа, потым будзе магчымасць працаваць на стыку спецыяльнасцяў. Жыву перманентна альбо сама ў бацькоўскай кватэры, альбо разам з імі ў доме. Фінансамі мяне цалкам забяспечваюць бацькі.

Я не марнатраўца, але і пра тое, ці выпіць кавы ў добрай кавярні, не задумваюся. Магу хадзіць туды хоць кожны дзень. Калі заканчваюцца грошы, проста кажу пра гэта маме.

За месяц на ежу па-за домам, праезд у грамадскім транспарце і на таксі, забавы і касметыку трачу ў сярэднім каля 1000 рублёў. Мама ў мяне арганізаваная, яна вядзе ўсе выдаткі ў праграме, таму кожны месяц відаць, колькі мне далі кішэнных грошай. Адзенне ў гэтую суму не ўваходзіць.

«Падарылі бабуліну кватэру і сказалі: «Далей сам»

Ягор

Я вучуся ў Акадэміі мастацтваў на творчай спецыяльнасці. Стыпендыя — каля 170 рублёў. Бацькі падарылі мне бабуліну кватэру і сказалі, што на гэтым усё, істотна дапамагаць матэрыяльна не будуць, але, пакуль вучуся, магу жыць у іх і не траціцца на ежу. Наогул мой выбар прафесіі яны не ўхвалілі і спадзяваліся, што яшчэ і такім чынам змогуць на мяне паўплываць.

Была думка працягваць жыць з імі, здаваць кватэру і траціць гэтыя даляраў з 250-300. Але потым мы з маёй дзяўчынай вырашылі з'ехацца. Яна, акрамя вучобы ў ВНУ, падзарабляла брывісткай. У выніку наш агульны бюджэт складаў дзве стыпендыі 170 + 140 рублёў і яе дадатковы заробак у раёне 600 рублёў. Мы ўсё гэта выдаткоўвалі на праезд і праядалі.

Я адчуваў сябе няёмка ў гэтай сітуацыі, хоць сябар пераконваў, што жывем жа мы ў маёй кватэры, а гэта таксама нямала. Падпрацоўваць у мяне няма асаблівай магчымасці з-за заняткаў, якія раскіданыя на працягу дня.

Дзяўчыне надакучыла, што яе матэрыяльны ўнёсак істотнейшы на гэтым этапе і што яна не можа траціць больш на сябе. Мы пачалі сварыцца, і яна з'ехала да сваіх бацькоў.

Пакуль жыву на стыпендыю, заязджаю да бацькоў паесці. Улетку планую паспрабаваць працаваць на ўсякіх мерапрыемствах як акцёр. Калі не атрымаецца з дадатковым заробкам, то вярнуся жыць да бацькоў, а кватэру буду здаваць.

«Бабуля штомесяц дае 350 рублёў, дзядуля ўпотай падкідвае яшчэ»

Жана

Я вучуся на 2-м курсе ў БДЭУ, жыву ў кватэры з айчымам і малодшай сястрой. Мама некалькі гадоў таму з'ехала ў іншую краіну да новага мужа.

Жыву я, па сутнасці, аўтаномна ад айчыма, трымаю сваю ежу ў халадзільніку. Стыпендыя ў мяне каля 150 рублёў — нават на штодзённыя выдаткі гэта вельмі мала. Больш-менш нармальна пражыць на яе складана.

У нас выпрацавалася сістэма: бабуля дае мне 350 рублёў на месяц і купляе дадаткова (раз у месяц) усякую зубную пасту, пракладкі, парашок і іншае. Яны з дзядулем здаюць другую кватэру і таму маюць магчымасць мне так дапамагаць.

Праўда, і за выніковы бюджэт у 500 рублёў, бывае, выходжу. Звычайна гэта адбываецца, калі я занадта часта заходжу ў кавярні, купляю нешта з адзення або заходжу ў краму касметыкі «проста паглядзець», а выходжу адтуль без сумы памерам са стыпендыю. Тады я іду да дзядулі, і ён употай ад бабулі ратуе мяне.

Плюс на выхадных я тусуюся, вядома, з сябрамі, а начую ў бабулі з дзядулем: у іх спакойна, смачна, бясплатна… І ёсць адчуванне сапраўднага дома, якога ў мяне было мала з бацькамі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: sibmama.ru

Здымак ілюстрацыйны. Фота: sibmama.ru

«Пражыць месяц на стыпендыю ў мяне атрымалася, але гэта было вельмі сумнае жыццё»

Ілона

Паступіўшы ў каледж, я атрымлівала стыпендыю ў раёне 30 еўра. У першы месяц вучобы я паставіла сабе мэту пражыць на яе і горда адмовілася ад кішэнных грошай ад бацькоў. З улікам таго, што жыву то я з бацькамі, усё атрымалася, але гэта была вельмі сумнае жыццё. З радасцяў — толькі танныя пірожныя і кава з Hotfix. І тое не кожны дзень. А побач больш «грашовыя» сяброўкі, якія пасля заняткаў то ў «Цьеры» — гэта рублёў ад 12 за каву і смакотка, а то і ў «Зерно» — а гэта мінімум 20 рублёў за той жа набор.

Увогуле, паказваючы характар, месяц я пражыла, а на наступны радасна ўзяла яшчэ 200 рублёў у бацькоў. З гэтым дадаткам хапала і ў кавярынькі часам зайсці, і нешта з касметыкі купіць неабходнае. А ўсе больш буйныя выдаткі: адзенне, паездкі кудысьці — гэта ўжо за дадатковыя грошы бацькоў.

У гэтым годзе мы з бацькамі гасцявалі ў сястры, якая жыве ў мужа ў Італіі. Пасля паездкі я вырашыла: хачу жыць не горш, а для гэтага мне трэба самой зарабляць грошы. Таму летам пасля каледжа я пайшла вучыцца не на дзённае, як планавала першапачаткова, а на завочнае аддзяленне БДЭУ. Цяпер я працую на дзвюх работах: адна — актрысай у тэматычным парку (балазе доўга хадзіла ў тэатральныя гурткі), другая — у дзяржустанове на паўстаўкі.

У суме зарабляю да 3000 рублёў у месяц, у асноўным за кошт парку, дзе яшчэ дапамагаю з вядзеннем акаўнтаў у сацсетках, мантажом відэа, стварэннем сцэнарыяў і ўсім, чым прыйдзецца.

Трачу ў месяц рублёў з 800: 100 даю бацькам на прадукты, каб адчуць свой унёсак у сямейны бюджэт, астатнія 700 — гэта ежа ва ўстановах грамадскага харчавання, праезд, квіткі ў кіно і тэатры, дробныя пакупкі і радасці.

Што засталося — мяняю на валюту і размяркоўваю: адна скрынка — на падарожжа ў еўра, таму што хачу ў Еўропу летам, другая — проста ашчаджанні ў далярах.

«Бацькі ўжо бурчаць, каб знайшоў сабе падпрацоўку»

Багдан

Вучуся ў Польшчы ў платнай ВНУ маркетынгу, ужо на 2-м курсе. Бюджэт за месяц атрымліваецца немаленькі — прыкладна 1300 даляраў. Бацькі ўжо бурчаць, каб знайшоў сабе там падпрацоўку.

ВНУ інтэрнатам забяспечваў толькі на 1-м курсе, яно абыходзілася ў 100 даляраў, жыў у пакоі на дваіх. Цяпер здымаю кватэру (еўрааднушку: студыя + спальня) у сучасным закрытым квартале ў Варшаве за 800 даляраў месяц. Можна было б арандаваць на дваіх, але пасля вопыту жыцця ў інтэрнаце не надта хочацца, пакуль бацькі гатовыя плаціць за асобную.

Плюс 500 даляраў бацькі штомесяц даюць на выдаткі. Выдаткоўваю іх у нуль.

Можна было б і больш ашчаджаць, напрыклад, гатаваць самому, тым больш што гэта не вельмі складана і часта смачней, чым у установах. Але пакуль часцей жыву на паходах у кавярні і дастаўках ежы.

Паспрабаваў працаваць у сетцы танных кавярняў — не спадабалася, вытрымаў 2 тыдні. Абслугоўванне — не мая сфера.

Яшчэ спрабаваў зарабіць усялякімі анлайн-штукамі. Напрыклад, купляў NFT-красоўкі, каб зарабляць крыптавалюту на прабежках і шпацырах і потым выгадна прадаць. Нешта часам зарабляў, але ў выніку сышоў у мінус.

Чытайце таксама:

«Плачу за вучобу, а дзіцяці залікі ставяць за ўдзел у праўладных мітынгах». Беларусы расказалі, што думаюць пра забарону на адукацыю за мяжой

«Скажу пра сціпласць беларусаў — мы былі голыя, а ён не паглядзеў на мае цыцкі». Дзяўчаты — пра нестандартныя спатканні

Расійскі студэнт з дапамогай штучнага інтэлекту знайшоў сабе дзяўчыну. Гісторыя дайшла да прапановы шлюбу

Клас
2
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
5
Абуральна
1