Цягам месяца ўдзельнікі акцыі плануюць прапускаць па ключавой трасе па адным грузавіку ў гадзіну. Для беларускіх транспартных кампаній і польскіх кампаній з беларускім капіталам гэта можа азначаць страты ў сотні мільёнаў еўра. Яны ўжо рыхтуюць петыцыю на адрас польскіх уладаў з патрабаваннем не дапусціць блакавання дарогі.

Цяпер на польска-беларускай мяжы дзейнічае ўсяго адзін пункт пропуску для грузавога транспарту — «Кукурыкі — Казловічы». Ад яго аўтамабілі ідуць па 68-й трасе. Пратэстоўцы маюць намер перакрыць яе перад уездам у аўтамабільны тэрмінал.

Такім чынам, пабудаваць маршрут у аб'езд будзе практычна немагчыма, лічаць перавозчыкі: побач праходзяць дарогі, абмежаваныя для праезду аўтатранспарту агульнай вагой звыш 20 тон.

У заяўцы, накіраванай арганізатарамі акцыі ў Тэрэспальскую ўправу (копія дакумента ёсць у рэдакцыі Most), адзначаецца, што пратэстоўцы маюць намер вывесці на дарогу 10 седлавых цягачоў і 10 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі. Чаканая колькасць удзельнікаў заяўленая вельмі абцякальна — ад 10 чалавек да дзвюх тысяч. Пратэст павінен пачацца а 8-й раніцы 26 лютага і працягнуцца да 31 сакавіка ўключна.

У Польшчы ўзгадненне акцый мае паведамляльны прынцып, але яны не павінны парушаць заканадаўства, у тым ліку забароненае поўнае блакаванне дарог. Гэты момант арганізатары акцыі пастараліся абысці:

у заяўцы пазначана, што ўдзельнікі будуць прапускаць грузавікі па раскладзе, з частатой адна машына ў гадзіну ў кожны бок. Абмежаванні не будуць распаўсюджвацца на транспарт, які перавозіць жывых жывёл, а таксама на праезд супрацоўнікаў памежнай і спецыяльных службаў.

Чаго хочуць удзельнікі акцыі

Такімі дзеяннямі ініцыятары акцыі спрабуюць дамагчыся развязання праблем перавозчыкаў і фермераў.

Па-першае, яны патрабуюць вярнуцца да сістэмы выдачы дазволаў на ўезд у Польшчу для грузавога транспарту на ўкраінскіх і малдаўскіх нумарах.

Па-другое, пратэстоўцы дамагаюцца забароны на рэгістрацыю ў Польшчы транспартных кампаній з украінскім, беларускім і расійскім капіталам. На думку арганізатараў акцыі, гэты бізнэс аказвае негатыўны ўплыў на стан польскіх перавозчыкаў.

Пасля забароны на ўезд у ЕС для беларускіх і расійскіх перавозчыкаў многія транспартныя кампаніі з Беларусі сталі здрабняць бізнес, рэгіструючы даччыныя прадпрыемствы ў Польшчы. Фактычна гэта давала магчымасць аднаму і таму ж перавозчыку везці груз на беларускай фуры да транспартна-лагістычнага цэнтра на польскай мяжы, а ад ТЛЦ і па тэрыторыі Еўропы — ужо на польскай фуры. Мабыць, таму адной з мэтаў акцыі заяўлена звяртанне ўвагі польскіх уладаў на неэфектыўнасць санкцый, накладзеных на Расію і Беларусь.

Па-трэцяе, пратэстоўцы патрабуюць абмежаваць увоз збожжа і плодаагародніннай прадукцыі з Украіны, а таксама адтэрмінаваць увядзенне мер еўрапейскай аграпалітыкі.

«Мы таксама хочам працаваць, і нам таксама есці трэба»

Блакаванне 68-й дарогі будзе пагібельным для беларускіх перавозчыкаў. Прадстаўнікі галіны расказалі Most, што ўжо падрыхтавалі петыцыю ў Тэрэспальскую ўправу з патрабаваннем забяспечыць праезд па трасе ў адпаведнасці з правіламі дарожнага руху.

«Ідзе гаворка не пра мільёны, а пра дзясяткі і сотні мільёнаў еўра стратаў. Тое, што яны заяўляюць, — гэта як мінімум прыпыненне дзейнасці транспартных кампаній, гандлёвых кампаній», — ацэньвае магчымы ўплыў на галіну прадстаўнік адной з арганізацый-перавозчыкаў.

Ён гаворыць, што беларусы не будуць патрабаваць забароны акцыі, але хочуць гарантаваць магчымасць праезду па трасе.

«Могуць на ўзбочыне [пратэставаць], могуць [адну] паласу перакрыць. Гэта іх права. Мы на яго ніякім чынам не ўплываем. Але мы таксама хочам працаваць, і нам таксама есці трэба. Перакрыццё транспартных вузлоў — гэта ўжо перабор», — гаворыць суразмоўца, адзначаючы, што рэальная мэта пратэстоўцаў — «выцясненне транспартных кампаній з замежным капіталам».

Пры гэтым крыніца пазітыўна ацэньвае перспектывы паўплываць на ўлады Тэрэспаля, каб праезд па трасе ўсё ж такі быў забяспечаны. Па-першае, ён спасылаецца на правілы дарожнага руху, якія забараняюць блакаванне. Па-другое, звяртае ўвагу, што больш за месяц прастою ўдарыць не толькі па беларускіх перавозчыках, але і па польскіх мясцовых бюджэтах.

«Гэта закране бюджэты гарадоў Тэрэспаль і Бяла-Падляска і побач змешчаных гарадоў», — мяркуе суразмоўца.

Чытайце таксама:

«Пуцін, навядзі парадак». Польскі фермер прыехаў пратэставаць на мяжу з такой просьбай

Польскія фермеры перакрылі мяжу з Украінай і не прапускаюць нават пасажыраў

Латвія забараніла ўвоз сельгаспрадукцыі з Беларусі і Расіі

Клас
8
Панылы сорам
10
Ха-ха
10
Ого
8
Сумна
2
Абуральна
6