Каця Лысёнак, фота з архіва

Каця Лысёнак, фота з архіва

Каця Лысёнак, каля 20 гадоў жыве за мяжой

Мае адносіны з беларускай мовай і Беларуссю можна падзяліць на тры перыяды ў маім жыцці: 0-16 гадоў, 17-30 гадоў і 30+ (цяпер мне 37). 

Я жыла ў Паставах да 16 гадоў, дзе я праводзіла ўсе выходныя, школьныя канікулы і леты ў вёсцы Дуброва з маімі дзедам і бабуляй. Мае дзед і бабуля размаўлялі толькі па-беларуску, але шмат ужывалі польскіх і літоўскіх выразаў.

Дома, у Паставах, мы гаварылі трасянкай. Кнігі ўжо ўсё больш былі па-руску, часопісы/газеты недзе 50/50. А вось у школу мяне аддалі ў рускамоўны клас. Беларуская мова была пару гадзін на тыдзень.

У 16 гадоў я з’ехала па школьным абмене ў ЗША, дзе амаль год гаварыла толькі па-ангельску. Але ўпарта ўсім тлумачыла, што я з Беларусі. Ніякіх глыбокіх прычын у гэтым не было — проста камбінацыя маёй упартасці і геаграфічнай нудоты.

Пасля вяртання ў Беларусь пачаўся мой другі перыяд стаўлення да беларускай мовы і Беларусі. Гады, калі я бегла ў свет ад свайго мінулага, бо рвалася выбіцца ў людзі, стаць незалежнай, фінансава паспяховай. Заставацца ў Беларусі падавалася фіяска. 

Я вучылася ў Клайпедзе ў міжнародным асяроддзі на ангельскай. Была ўражаная любоўю літоўцаў да сваёй гісторыі, культуры і мовы. Першыя часы я вельмі дзівілася з традыцыйнай літоўскай ежы, культуры піва, літоўскай эстрады, кіно і кніг. І мне было дзіўна: людзі ў сваёй краіне гаварылі на сваёй мове. А што, так можна было? 

І другі момант: я назірала за іншымі студэнтамі з Украіны, Расеі і іншых краін, якія разам святкавалі свае нацыянальныя святы, спявалі песні і гатавалі ежу. А беларусы, хоць нас было і нямала, не мелі свайго ўласнага цэнтра гравітацыі, разам не збіраліся. Я зайздросціла і, напэўна, упершыню пачала задаваць сабе пытанні: чаму так?

Але студэнцкае жыццё ляцела, вучоба, пошук першай працы, першыя каханні — ніякай глыбокай рэфлексіі не адбывалася. І маёй асноўнай мовай камунікацыі, навучання і працы стала ангельская, а дома — руская.

Пасля ўніверсітэта, калі я пачала працаваць у Вільні ў міжнароднай кампаніі, мае калегі літоўцы з расейскімі каранямі пачалі кпіць з майго беларускага акцэнту і слоў накшталт «шуфлядка». Напэўна, упершыню ў маім жыццё я востра адчула сваю «беларускаць», якой я раней не заўважала. Напрыклад, я не магла вымавіць літару — щ, толькі «шч», рукавы я закасвала, а рэчы складала ў шуфлядку. 

Прайшоў час, памерлі мае дзядуля з бабуляй, а я пераехала ў Дублін. Пасля майго знаёмства з ірландскай гісторыяй брытанскай акупацыі было цяжка не заўважыць шмат паралеляў з беларускай гісторыяй — каланіяльнае мінулае і сучасныя вынікі накшталт моўнай палітыкі.

Шмат пакаленняў ірландцаў выязджалі з краіны праз палітычныя і эканамічныя прычыны. Але яны не гублялі сваю «ірландскасць».

Я пабачыла, з якой павагай і любоўю людзі ставяцца да свайго мінулага, каранёў, іх цяперашняе месца жыхарства ніякім чынам не замінае ім быць ірландцамі і трымаць сувязь са сваёй краінай. Можна жыць, працаваць, падарожнічаць, пераняць вопыт, каб потым яго прывезці дадому. Тады я ўпершыню пачала марыць пра вяртанне ў Беларусь, каб жыць і працаваць. 

У 30 гадоў я ўпершыню паглыбілася ў значэнне нашых каранёў і нашай гісторыі, пазнанне і прыняцце сябе, а таксама свайго ўнікальнага досведу. Упершыню задала сабе пытанне: як я хачу будаваць свае адносіны з Беларуссю ў сваім жыцці? 

Пачала ўдзельнічаць у розных беларускіх адукацыйных праектах, супрацоўнічаць з беларускімі школамі і настаўнікамі, падтрымліваць беларускія дабрачынныя ініцыятывы, збіраць грошы для беларускіх праектаў, будаваць сувязі з беларускай дыяспарай. Пазнаёмілася з натхняльнымі беларускамі ў сваім жыцці, якія сваім уласным прыкладам дапамаглі мне больш ясна артыкуляваць мае ўласныя думкі і намаганні. 

Ліза Ветрава стала першым беларускамоўным акаўнтам, які крышталізаваў мой наступны крок — пераход на беларускую мову. Беларуская мова стала маім выратаваннем, калі менталачка зляцела да чарцей праз усе геапалітычныя навіны за апошнія 3-4 гады. 

Другі год я паволі пераходжу на беларускую мову. Выдаліла ўсе рускамоўныя каналы і замяніла іх на беларускія ва ўсіх сацсетках, «падсела» на беларускія аўдыёкнігі (за мінулы год праслухала 12 кніг і нават атрымала ліст ад самой Ганны Севярынец!).

Далучылася да размоўнага клуба, займаюся з рэпетытаркай, перакладаю свае выступы з ангельскай на беларускую, вяду свае беларускія праекты па-беларуску (са скрыпам і трасянкай, але як інакш?). Наступны крок — пераходжу на беларускую ў сваім прафесійным асяроддзі з кліентамі, партнёрамі. 

На гэты момант маю наступны расклад: ангельская займае 60% майго часу, руская — 20-30%, беларуская — 10-20% (планую павялічыць да 30-35%). 

Хачу перайсці на беларускую з мужам (ён літовец, але моцна мяне падтрымлівае). Страшней за ўсё перайсці з бацькамі на паўнавартасную беларускую, але і гэта абавязкова адбудзецца, мо гэта будзе рэзалюцыяй на 2025? 

Усім раю:

Беларусь — гэта мая сям’я, мой дом, мая гісторыя, маё дзяцінства, мая мова, мая культура. І яно так было, ёсць і будзе заўсёды. Маё геаграфічнае знаходжанне на гэта ніяк не ўплывае. Быць беларускай можна ў любой краіне свету. 

Аляксей Уласаў, пераехаў у Германію больш за 20 гадоў таму

Я вырас у 80-90-я ў Мінску, у Сляпянцы. Усё маё асяроддзе, без выключэння, было рускамоўным. Беларуская мова для мяне была замежнай, я пачаў вучыць яе ў другім класе, а скончыў калі кінуў інстытут. Шчыра кажучы, выдыхнуў з палёгкай, таму што не бачыў сэнсу вучыць мёртвую мову. Гучыць правакацыйна, але такое ў мяне было на той момант успрыманне.

Аляксей Уласаў, фота з асабістага архіва

Аляксей Уласаў, фота з асабістага архіва

Адзіныя два чалавекі, якія гаварылі па-беларуску — гэта выкладчык геаграфіі ў Ліцэі БДУ (што ўспрымалася абсалютна нармальна, таму што ну лічыць чалавек гэта важным, чаму не, мне не складана) і дзяўчынка-аднагрупніца ў лінгвістычным, якая перайшла на беларускую ў знак пратэсту супраць палітычнай сітуацыі ў краіне.

Я ад'язджаў з Беларусі будучы даволі азлобленым. У маёй Сляпянцы жыць было небяспечна ў тыя часы, для мяне як доўгавалосага падлетка ў дзевяностыя і пагатоў. Заробкі ва ўсёй сям'і былі мізэрныя. Дзяржава — вораг ва ўсіх яго праявах.

З'ехаўшы, адзін раз з'ездзіў у госці, тут жа перажыў парачку непрыемных сутыкненняў з гапатой проста на Нямізе, з палёгкай з'ехаў і больш не вяртаўся.

Я хоць і казаў, што родам з Беларусі, але ў душы больш ідэнтыфікаваў сябе з немцамі. Нямецкая мова давалася мне вельмі лёгка, менталітэт адпавядаў майму. Сяброў я знайшоў лёгка і хутка, што яшчэ трэба для шчасця?

У 2020 годзе я на секундачку паверыў у магчымы поспех. У апошнія месяцы перад выбарамі іх вынік на карысць Ціханоўскай здаваўся мне не тое каб прадвызначаным, але вельмі магчымым. Я яшчэ падлеткам хадзіў на мітынгі і дэманстрацыі супраць Лукашэнкі, калі яны яшчэ насілі масавы характар. Мая жонка і мая сястра ездзілі ў Беларусь рэгулярна і распавядалі, як змяніліся перш за ўсё людзі, якая выдатная ў краіне моладзь, якія ў краіны маглі б быць перспектывы. І ў 20 годзе мне здавалася — ну ўсё, сыдзі ты ўжо па-добраму, бо ўсё да гэтага ідзе.

Тым жудаснейшымі былі падзеі пасля 9 жніўня. За лічаныя дні Беларусь дубінкамі загналі назад у пячорныя часы і выразна далі зразумець, што больш яе адтуль не выпусцяць. Мы рабілі што маглі, але ў асноўным гэта звялося да ахвяраванняў.

Я памятаю, што ў тыя дні забіраў дзіця з лагера, дзе ён быў адрэзаны ад навін. І, пераказваючы яму апошнія навіны, я напалохаў яго тым, што нечакана заплакаў. Калі дзіця ў паніцы спыталася, што здарылася, я адказаў, што можа — мо-о-ожа быць — дваццаціпяцігадовая эра кіравання Лукашэнкі можа прыйсці да канца на днях, што вызваліць мільёны чалавек. Але, на жаль, не атрымалася.

У мяне нямецкае грамадзянства, і я даўно ўжо лічыў сябе немцам з беларускімі каранямі, але пасля 2020 года перакваліфікаваўся ў беларуса, які даўно жыве ў Германіі. Калі я ўбачыў, колькі чалавек выходзілі на пратэсты, я зразумеў, што хоць там і па-ранейшаму хапае непрыемных мне людзей, але іншыя хутчэй усё ж пачынаюць браць верх.

Хай многія цяпер раз'ехаліся, ратуючы свае здароўе і жыццё, пасля змены рэжыму многія з іх вернуцца — і цяпер я цалкам дапускаю, што магу быць сярод іх. У Германіі я асвоіў нядрэнную прафесію, якая дазваляе мне нядрэнна забяспечваць маю сям'ю і ўносіць свой уклад у павелічэнне прадукцыйнасці буйных нямецкіх прадпрыемстваў. Калі беларусы вырашаць арыентавацца на ЕС, то мае веды і вопыт цалкам могуць паслужыць на карысць краіне, такі ў мяне ход думак.

Жонка і дзіця, думаю, таксама маглі б сабе гэта ўявіць. Сын быў з мамай у Беларусі кожны год і кожны раз вяртаўся ў поўным захапленні. Хоць ён нарадзіўся і вырас у Германіі, якраз такі сам лічыць сябе беларусам.

У нас няма ніякага кантакту з беларусамі, не лічачы парачкі ТГ-чатаў, дзе палова ўдзельнікаў піша па-беларуску. У сына іх няма і пагатоў. Але такая вось у яго самаідэнтыфікацыя.

Сяргей, ужо больш за 10 гадоў жыве ў Эдынбурзе (Шатландыя)

Беларуская мова мне заўседы падабалася, але вы ж ведаеце, як гэта ў Беларусі. Я заўсёды кажу брытанцам, адкуль я. І маё кола ведае розніцу паміж рускімі, беларусамі і ўкраінцамі. Гэта людзі, якія цікавяцца сітуацыяй. Шмат хто даў прытулак украінцам. 

Эдынбург — не Варшава. Ва ўсёй Шкоцыі жыве можа 100-200 беларусаў. Для варушняку трэба, каб быў вольны час і супадалі інтарэсы.

З аднадумцамі спрабуем праводзіць беларускае Купалле ў Эдынбурзе ўжо трэці год запар. Гэткая спроба сабраць нашую кволую дыяспару. Выбіраем зручную дату і месца. Запрашаем людзей сустрэцца, каб запаліць вогнішча на пляжы. Апошнім разам прыехала 12 ці 15 чалавек — гэта шмат для Шатландыі. Хачу, каб гэта традыцыя працягвалася. 

Цяпер з’явілася шмат кантэнту па-беларуску. Напрыклад, кнігі і пераклады вядомых твораў і новае. Набываю беларускія кнігі ў выдавецтве Янушкевіча ў Варшаве, калі там бываю. Часам замаўляю анлайн. Слухаю аўдыякнігі ў праекце «Кніжны воз», напрыклад, аповесці пра Шэрлака Холмса. 

Чытаю навіны па-беларуску, слухаю інтэрв’ю з цікавымі людзьмі. Гляджу інтэрв’ю Мікіты Мелказёрава і Настассі Роўды, яны запрашаюць цікавых людзей.

І вось ужо праз паўгода я адзначыў, што пачаў у вольны час думаць па-беларуску! Быў вельмі ўражаны і шчаслівы. Было адчуванне, што нічога не атрымаецца. 

Мае дзеці ніколі не вывучалі беларускую мову і зусім яе не разумеюць. Яны аднолькава добра пераходзяць з ангельскай на рускую і наадварот. Я не хачу адпраўляць іх у беларускую анлайн-школу, ствараць дадатковы стрэс. Але калі яны лянуюцца і размаўляюць са мной па-ангельску, то я ім адказваю па-беларуску. І неяк пачынаюць разумець. 

Мне падабаецца мадэль Ірландыі. Ангельская мова там дамінуе, але ірландская — мова парламенту. І гэта цудоўна. 

Чытайце таксама:

Кацярына Хольцапфэль-Варажун: У Аўстрыі перавучыла сына на беларускую за паўгода

«Я баялася і саромелася». Ціханоўская прыгадала, як пачынаўся яе шлях да беларускасці

«Родная мова — мова майго роду і маёй краіны». Ці можа ў чалавека быць роднай тая мова, на якой ён не размаўляе?

Клас
13
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
0