18 лютага памёр Канстанцін Вераб'ёў — сцэнарыст і кінапрадзюсар, член Саюза кінематаграфістаў РБ, акадэмік Еўразійскай акадэміі тэлебачання і радыё (Расія), паведамляе Саюз кінематаграфістаў Расіі.

Нарадзіўся Канстанцін Вераб'ёў 18 верасня 1970 года ў Калінкавічах Гомельскай вобласці. У 1991 годзе скончыў Беларускі ўніверсітэт культуры і Акадэмію кіравання ў 2002 годзе.

З тэлебачаннем і кіно ён быў звязаны з 1993 года. У якасці аўтара сцэнарыяў, рэдактара і прадзюсара на беларускім і расійскім тэлебачанні падрыхтаваў да эфіру звыш 1000 тэлевізійных праграм рознай тэматыкі. Аўтарская праграма «Відэа-тайм» на працягу 8 гадоў была адной з самых паспяховых і папулярных на Беларускім тэлебачанні. Быў прадзюсарам і аўтарам некалькіх дзясяткаў дакументальных фільмаў. Удзельнічаў у стварэнні пяці эфірных беларускіх тэлеканалаў і расійскага спадарожнікавага канала ТРО.

З кастрычніка 2007 года з'яўляўся прадзюсарам тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы (прадстаўніцтва ў Мінску).

За сваю кар'еру ён выступіў сцэнарыстам мноства тэлевізійных праграм, а таксама аўтарам або сааўтарам сцэнарыя наступных карцін: «Духоўная вайна» (серыял, 2006), «Тры талеры» (2006, пераможца Еўразійскага тэлекінафоруму), «Брэсцкая крэпасць» (2010, лаўрэат прэстыжных кінапрэмій: «Ніка», «Залаты арол» і «ТЭФІ», пераможца звыш 30-ці міжнародных кінафестываляў), «Крэпасць» (міні-серыял, 2011), «Скрасці Бельмандо» (2012, лаўрэат Сафійскага міжнароднага кінафестывалю), «Спыненыя ўспаміны» (2015, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Азербайджана) і інш.

У ліку самых прыкметных работ сцэнарыста — праца над сцэнаром расійска-беларускага ваенна-гістарычнага драматычнага фільма рэжысёра Аляксандра Кота «Брэсцкая крэпасць» (2010), які атрымаў мноства намінацый і ўзнагарод на міжнародных фестывалях, а таксама наступнай тэлевізійнай версіяй фільма — «Крэпасць» (міні-серыял, 2011).

З 2014 па 2017 год вёў сцэнарную майстэрню ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце культуры. У 2016 годзе быў в.а. загадчыка кафедры кінамастацтва.

Чытайце таксама:

Памёр Лявон Цімохін

У Маскве памерла мастацтвазнаўца, якую кахаў Караткевіч. Яна пакінула дарагую калекцыю ў спадчыну Пуціну

Памёр Міхаіл Фейман

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
0