Ян Рачынскі

Ян Рачынскі

— Незалежна ад канкрэтнай фармальнай прычыны смерці, гэта, безумоўна, палітычнае забойства. Усе папярэднія пераследаванні Навальнага, усе гэтыя бессэнсоўныя хлуслівыя абвінавачванні, гэтыя бясконцыя змяшчэнні ў ШЫЗА, дзе ён правёў ужо больш за 300 дзён, — гэта, безумоўна, імкненне ўладаў ізаляваць яго і пазбавіць яго магчымасці камунікаваць. Ну і, безумоўна, гэта ўплывала на стан здароўя. У любым выпадку без намаганняў улады Аляксей Навальны сёння быў бы жывы. 

— Ці сапраўды смерць Навальнага зараз не выгадная ўладам Расіі? 

— Любая аўтарытарная ўлада паводле сваёй прыроды баязлівая. Яна баіцца пачынаць спрэчкі, дыскусію з апанентамі. Яна аддае перавагу іншым метадам. І мы чулі ўжо і з нагоды забойства Анны Паліткоўскай, што сказаў прэзідэнт Пуцін тады — цалкам аналагічны тэзіс вылучыў.

І зараз мы бачым, што рабіла ўлада. Гэта не была ініцыятыва цэлага шэрагу судоў, каб выстаўляць фальшывыя абвінавачванні, гэта не была ініцыятыва асобных турэмшчыкаў, каб усё горшыя і горшыя ўмовы ствараць для Навальнага. Не выпадкова і адвакаты Навальнага зараз апынуліся ў зняволенні. Гэта паслядоўныя дзеянні ўладаў. І спробы зараз сказаць, што яны ні пры чым — мала хто можа ў гэта паверыць.

— Ці можа смерць Навальнага падштурхнуць расейцаў да больш актыўнага супраціву ўладзе? 

— На гэтых выбарах супрацьдзеянне мала магчымае. Чатыры кандыдаты, з якіх аніводны не з’яўляецца ніякім праціўнікам Пуціна ані ў найменшай ступені, ці праціўнікам цяперашняга палітычнага курса. Таму пратэснае галасаванне нейкае магчымае, але прадказаць ягоныя маштабы цяжка. 

Вядома нават з афіцыйных апытанняў, што прынамсі 20% расійскага насельніцтва не падтрымліваюць цяперашнюю палітыку. Але ў гэтых 20% няма аніводнага прадстаўніка ў так званым парламенце. І гэта характарызуе «прадстаўнічасць» гэтай прадстаўнічай улады.

Ну і, зноў жа, варта не забывацца, што, адрозна ад балтыйскіх краін ці ад заходняй Украіны, Расія ўсё ж такі 70 гадоў поўных была пад савецкай уладай. Усялякія навыкі самаарганізацыі грамадства былі знішчаныя. І так хутка яны не аднаўляюцца, тым больш што ўлада не надта гэтаму спрыяла, скажам мякка. 

Таму нейкія праявы пратэсту ёсць і будуць. Наколькі яны ўзмацняцца, цяжка сказаць, нават нягледзячы на гэтую жахлівую трагічную падзею. 

— Ці будзе нейкая рэакцыя сусветнай супольнасці, на якую змушаны будзе рэагаваць Крэмль? 

— Рэакцыя ўжо была. Ужо выказаў пазіцыю ЕС, ужо выказалі сваю рэакцыю яшчэ цэлы шэраг сусветных палітыкаў.

Але да сваёй рэпутацыі расійскія ўлады ўжо даўно ставяцца без цікавасці, бо сапсаваць рэпутацыю ўжо нельга. Яна ўжо сапсаваная да апошняга ўскрайку. Рэагаваць наўрад ці яны будуць.

І зноў жа, для сусветнай супольнасці пасля выказванняў Пуціна ў апошнім інтэрв’ю пра патрыятычных забойцаў, наўрад ці нешта з’явілася новае для ацэнкі перспектыў супрацоўніцтва. 

Чытайце таксама:

Цела Навальнага не аддадуць сваякам яшчэ 14 дзён

«Мы ведаем, за што канкрэтна Пуцін забіў Аляксея. Мы хутка вам раскажам». Юлія Навальная запісала зварот да расіян

Пяскоў заявіў, што Крэмль «не займаецца» справай Навальнага

Маці і адвакатаў Навальнага не пускаюць у морг, дзе, імаверна, знаходзіцца цела палітыка

Расійскія журналісты знайшлі відэа з картэжам, у якім маглі перавозіць цела Навальнага

Клас
5
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
8