Павел Мартынаў не належыць ні да якіх партый і вылучаецца кандыдатам на Чапаеўскім выбарчым участку ў Віцебску. Канкурэнцыю там яму павінна скласці намесніца дырэктара віцебскай «Гімназіі № 3» Ганна Каспяровіч.

Мартынаў задэклараваў 410 953 рублі (паводле тагачаснага курсу каля 157 000 даляраў) даходу за 2022 год. Гэта значыць, кожны месяц ён атрымліваў 34 246 рублёў (каля 13100 даляраў).

Аднак важна адзначыць, што гэтыя грошы ён зарабіў у асноўным не на пасадзе гендырэктара «Марка». Топ-менеджарам холдынгу цяперашні кандыдат у дэпутаты стаў толькі ў кастрычніку 2022-га. А да гэтага ён узначальваў прадпрыемствы сямейнага холдынгу: фабрыкі «Сан-Марка» (ліквідаваная ў сакавіку 2020 года) і «Чырвоны Кастрычнік».

Ва ўласнасці бізнэсмена знаходзяцца шматлікія аб'екты нерухомасці: кватэра ў Віцебску плошчай 74,5 кв. м.; дамы ў Бешанковіцкім (55,4 кв. м.), Сенненскім (59,8 кв. м.) і Віцебскім (92 кв. м.) раёнах з прылеглымі зямельнымі ўчасткамі; «спецыялізаваны будынак» у Сенненскім раёне (201,9 кв. м.); два гандлёвыя аб'екты (агульная плошча 2457 кв.м.) і будынак для апрацоўкі драўніны (1268 кв. м.) у Віцебску.

Акрамя таго, Мартынаў, мяркуючы па ўсім, калекцыянуе аўтамабілі. Ён валодае 16 Mercedes-Benz розных мадэляў, якія выпускаліся ў перыяд паміж 1970 і 1990 гадамі. Таксама ў гаражы ў яго — дзевяць аўто маркі BMW, некалькі пазадарожнікаў (у тым ліку Hummer H1 2001 года выпуску) і матацыкл Harley Davidson VRS CDX 2014 года.

Звесткі пра даходы і маёмасць гендырэктара «Марка» Паўла Мартынава. Фота: нумар газеты «Витебские вести» ад 2 лютага 2024 года

Звесткі пра даходы і маёмасць гендырэктара «Марка» Паўла Мартынава. Фота: нумар газеты «Витебские вести» ад 2 лютага 2024 года

Павел Мартынаў — сын былога генеральнага дырэктара і саўладальніка «Марка» Мікалая Мартынава (ён заснаваў кампанію па вытворчасці абутку ў 1991 годзе і назваў па першых літарах прозвішча). Гэты бізнесмен двойчы рабіўся дэпутатам Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў (апошні раз у 2010 годзе) і чатыры разы — членам Савета Рэспублікі (апошні раз у 2016 годзе). Выданне Office Life сцвярджала, што так часта ў гэты орган больш не абіраўся ніводзін бізнэсмен.

Павел Мартынаў (другі злева) з жонкай Вольгай і дзецьмі Анастасіяй і Мікітам. У цэнтры — ягоная маці Валянціна Міхайлаўна. Справа ад яе — дачка Раіса са сваім мужам Браянам, сынам Нікаласам. Віцебск, 2016 год. Фота: «Комсомольская правда в Белоруссии»

Павел Мартынаў (другі злева) з жонкай Вольгай і дзецьмі Анастасіяй і Мікітам. У цэнтры — ягоная маці Валянціна Міхайлаўна. Справа ад яе — дачка Раіса са сваім мужам Браянам, сынам Нікаласам. Віцебск, 2016 год. Фота: «Комсомольская правда в Белоруссии»

«Марка» — холдынг з шасці прадпрыемстваў, які вырабляе абутак, галантарэю, футравыя вырабы. Асноўны рынак збыту — Расія. У холдынгу працуе каля 4 тысяч чалавек.

Кампанія прыватная, але цесна супрацоўнічае з дзяржавай. Статус холдынгу яна атрымала спецыяльным указам Аляксандра Лукашэнкі ў 2013 годзе. У склад «Марка» тады ўключылі дзяржаўны «Віцебскі футравы камбінат». Тады ж холдынг атрымаў дзяржпазыку на суму 40 мільярдаў рублёў (сума да дэнамінацыі, цяпер гэта 4 мільёны рублёў). Таксама банкам «рэкамендавалі» выдаць кампаніі крэдыты на 50 мільёнаў даляраў.

Акрамя таго, указ гарантаваў «Марка» шэраг мытных і падатковых ільгот. У 2016 годзе ўрад Беларусі ўзяў на сябе выплаты па крэдыце, раней узятым холдынгам у «Белаграпрамбанку».

Чытайце таксама:

Стала вядома, колькі зарабляе кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі

Кіраўнікі «Беларуськалія» пайшлі на выбары і апублікавалі дэкларацыі. Якія ў іх заробкі?

Колькі зарабляюць лукашэнкаўcкія дэпутаты ў правінцыі? Іх даходам пазайздросцяць многія

Клас
5
Панылы сорам
7
Ха-ха
2
Ого
7
Сумна
0
Абуральна
21