Фота: vecteezy.com

 Фота: vecteezy.com

Аб пераходзе да адстрэлу бадзяжных сабак паведаміла газета Гомельскага райвыканкама, куды звярнуўся жыхар Зябраўкі з пытаннем пра вялікаую колькасць у пасёлку бадзяжных сабак.

«Вырашаць пытанне традыцыйным адловам аказалася неэфектыўна, таму яшчэ летась вырашыліся на кардынальныя меры», — паведаміла ў адказ выданне — цяпер «па дамоўленасці з Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў патэнцыйна небяспечныя жывёлы адстрэльваюцца».

Прадставіўшыся мясцовым жыхаром, «Флагшток» патэлефанаваў у Зябраўскі сельвыканкам з просьбай указаць прававыя падставы. Старшыня Яўген Нікіцін паведаміў, што такое рашэнне прынята на ўзроўні раёна: 

«Калі парушаецца нейкая бяспека грамадзян, то гэта дазволена. … Ёсць рашэнне [Гомельскага] райвыканкама. Як у нас было ў Цагельні, чалавека сабакі да смерці загрызлі…. Гэта было 4 гады ці 5 таму».

 У Нацыянальным рэестры прававых актаў такое рашэнне Гомельскага райвыканкама або Савета дэпутатаў знайсці не ўдалося.

Сітуацыю з правамернасцю адстрэлу безнаглядных сабак «Флагшток» папрасіў пракаментаваць спецыяліста арганізацыі «Экадом»: «Мне здаецца, пад неэфектыўнасцю адлову старшыня схавала нежаданне вазіцца з прытулкамі, усыпленнем, ды і адсутнасцю нармальных прытулкаў у рэгіёнах. І што значыць «патэнцыйна небяспечныя»?

У Беларусі кантроль колькасці жывёл рэгулюе закон — палажэнне «Аб парадку дзейнасці арганізацый па адлове, адстрэле, утрыманні і эўтаназіі безнаглядных жывёл». У выключных выпадках па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў дапускаецца адстрэл безнаглядных жывёл у адпаведнасці з пунктам 14 «Правілаў утрымання свойскіх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь».

Але тут не падобна на выключны выпадак. Яны проста вырашылі ў сваім раёне забіць на правілы. Але нават у выключным выпадку гэтым не можа займацца нехта пабочны, нават БТПР».

Па словах спецыяліста, брыгады па адлове безнаглядных жывёл ствараюцца ў населеных пунктах пры арганізацыях, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. У невялікіх населеных пунктах адлоў безнаглядных жывёл можа рабіцца брыгадамі з іншых гарадоў на дагаворнай аснове. 

«У палажэнні ёсць пра агрэсіўных і падазраваных у шаленстве жывёл, але нават іх не адстрэльваюць, а часова ўсыпляюць!»

 Суразмоўца ўдакладняе, што ў адпаведнасці з пунктам 13 тых жа правілаў, агрэсіўных безнаглядных жывёл, якія падазраюцца ў шаленстве, а таксама ў месцах, дзе немагчыма прымяніць пасткі і іншыя спосабы адлову, дазваляецца іх часовае ўсыпленне з дапамогай спецыяльных стрэльбаў са стрэламі. Дозы лекавых прэпаратаў вызначаюцца ветэрынарным работнікам. Работнікі брыгад па адлове жывёл павінны прайсці абавязковае навучанне па абыходжанні са спецыяльнымі стрэльбамі. 

«БТПР зноў шмат на сябе бярэ, яны зараз і колькасць мядзведзяў кантралююць, і сабак», — кажа суразмоўца.

Чытайце таксама:

«Выкарыстанне паляўнічых у якасці магчымага снайперскага прыкрыцця». Шуневіч знайшоў у сваіх падначаленых новы патэнцыял

«Гэта чалавек, які не баіцца крыві». Шуневіч распавёў, як збіраюцца выкарыстоўваць паляўнічых

«Колькасць мядзведзяў галапуе ў нашай краіне». Шуневіч прапанаваў шляхі вырашэння праблемы

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
8