На думку Лукашэнкі, Беларусь у вышэйшай адукацыі захавала найлепшыя савецкія традыцыі. 

«Самае важнае — мы захавалі пераемнасць і якасць класічнай адукацыі. Была рызыка кінуцца ў рэформы і эксперыменты. Нас вельмі актыўна спрабавалі ўцягнуць у іх дзеячы розных замежных фондаў. Гэта рабілася не выпадкова», — сказаў ён.

Паводле яго, і зараз у Беларусь едуць вучыцца, «таму што мы захавалі лепшыя савецкія традыцыі».

Але тут жа Лукашэнка паказаў на нізкую якасць беларускай адукацыі. Паводле яго, «ледзь не палова» студэнтаў сёння незадаволены якасцю адукацыі.

«Дакладваюць, вы не паспяваеце за тэхналогіямі, маладыя спецыялісты давучваюцца на вытворчасці. Каму патрэбныя такія «спецыялісты»?» — сказаў ён.

А выпускнікі, па словах Лукашэнкі, «павінны дакладна ўсведамляць і разумець, што наша ВНУ адукацыя ў Беларусі лепшая». 

«Многія ўцяклі туды [за мяжу] за адукацыяй, хутка пачынаюць разумець розніцу. Многія вяртаюцца, але не ўсе.

Гэтага хістання быць не павінна. А гэта — праграмы, гэта выкладанне, выкладчыкі і якасны вынік. Як вы будзеце гэта рабіць — гэта ваша праблема. Але да верасня, папярэджваю ўрад, адміністрацыю і міністра, мы, як па школе, збяромся і спытаем з кожнага», — сказаў Лукашэнка.

«Як вы за іх змагаецеся? — працягнуў Лукашэнка тэму міграцыі маладых людзей. — Канкрэтнае пытанне, на якое я хацеў бы пачуць канкрэтны адказ.

Вядома, яны могуць вярнуцца, але з цалкам перавернутай свядомасцю». 

Ідэалагічную і выхаваўчую працу з моладдзю Лукашэнка назваў нездавальняючай.

«Адукацыя ніколі не была і не можа быць па-за палітыкай. Вы не проста даяце прафесію, вы фарміруеце светапогляд маладых людзей. Скажу прама: вы першыя адказваеце за нацыянальную бяспеку і несяце адказнасць за захаванне суверэнітэту краіны.

Калі сярод вас дагэтуль працуюць людзі, якія не падзяляюць нашы падыходы і нашу палітыку, дзяржаўную ідэалогію, калі вы працаўладкоўваеце ўчорашніх хістальнікаў «рэжыму», то якія высновы я павінен рабіць пра вас? Пытанне для разважання і прыняцця рашэнняў», — сказаў ён. 

Але, паводле слоў Лукашэнкі, у адукацыі ўжо навялі парадак, засталося «дашліфаваць».

«Прынялі канчатковыя рашэнні па арганізацыі ўступнай кампаніі ў ВНУ, разабраліся са школьнай адукацыяй. У гэтай тэме паставілі кропку. Цяпер трэба дашліфаваць канкрэтныя падыходы. Сёння перад намі стаіць задача страсянуць ВНУ: адукацыю, навуку ў ВНУ — усё, чым займаюцца ВНУ».

Лукашэнка даручыў стварыць рабочую групу на ўзор той, што стварылі ў ахове здароўя, і праверыць сістэму адукацыі.

«Трэба іх страсянуць. Закасцянелі да неймавернасці!» — сказаў ён. 

Клас
2
Панылы сорам
14
Ха-ха
21
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
12