Трэба сказаць, што гэта вельмі рэдкі кірунак творчасці. У Гродзенскай вобласці, напрыклад, такіх майстроў больш няма. Мабыць, гэта з-за незвычайнай спецыфікі гэтай справы, да таго ж і попыт на іх яшчэ не вельмі шырокі. І ўсё ж да падобных аксесуараў паступова з’яўляецца цікавасць.

Як расказала сама майстрыха, галоўным штуршком да гэтай справы паслужыла суседства з вядомай сядзібай Агінскага. Пасля маштабнага рамонту, які працягваўся некалькі гадоў, сядзібны комплекс цалкам аднавіўся. Тут сталі праходзіць балі, фестывалі, імпрэзы, якія адпавядалі мінулай эпосе.

У Доме рамёстваў прапанавалі дапоўніць старадаўнія касцюмы прыгожымі парасонамі, якія таксама сугучныя тым часам і таму ладу жыцця. Такім чынам спецыяльна для музея было выраблена восем рознакаляровых аксесуараў — у тон шляхецкаму адзенню.

Яшчэ каля дзясятка парасонаў раз’ехаліся па свеце. Адзін набыў сталічны фотасалон, два прыдбалі сёстры з Ізраіля, якія гасцявалі ў Залессі, яшчэ адзін стаў падарункам ад бабулі на вяселле ўнучцы, што жыве ў ЗША, яшчэ адзін парасон паехаў у далёкі расійскі Хабараўск. Маюць такі парасон і беларускія модніцы.

Дарэчы, і самі работнікі дома рамёстваў бяруць іх падчас летніх паездак на фестывалі і кірмашы. Прыгожы парасон абавязкова прыцягвае ўвагу да павільёна, у якім яшчэ могуць прапанаваць і іншыя вырабы залескіх майстроў: саломку, вышыўку, кераміку, вязаныя цацкі. Па словах Ніны, яна такіх парасонаў яшчэ ніколі на кірмашах не бачыла.

«Як вы заўважылі, амаль кожны парасон мае свой адметны ўзор. Мне, напрыклад, вельмі падабаецца ўзор з кветкай у цэнтры, пялёсткі якой вязаныя ажурнай клеткай. Такіх парасонаў у маёй калекцыі некалькі.

Калі вызначаць самы папулярны колер, то большасць аддаюць перавагу беламу, я яго таксама люблю, белы парасон стварае асаблівую лёгкасць, пяшчоту», — заўважае суразмоўца.

У справе «хэндмэйд», ці проста ручнога майстэрства, складана абысці бокам пытанне: як жа пачалося захапленне ніткамі? Аказалася — з дзяцінства.

Як некаторыя творчыя асобы спяваюць ці малююць колькі сябе памятаюць, так і Ніна пачала працаваць рукамі з пачатковай школы. Спярша маці навучыла вязаць на спіцах, потым сястра прывучыла да кручка. Аказалася, не дарма. Навыкі сталі не толькі хобі, але і прафесійнай справай. 

Першы парасон добра памятае, бо ён быў зроблены на старой аснове і хутка зламаўся. З тае пары ў ход ідуць толькі новыя канструкцыі. Купляецца парасон, здымаецца тканіна, а замест яе прыкладаецца ажурны купал. Зразумела, што такія парасоны не аўтаматы і існуюць, што называецца, «у поўны рост». Але для іх выбіраюцца меншыя канструкцыі.

«Выраб аднаго парасона займае больш за тыдзень, калі толькі гэтым займацца. Затым трэба аздобіць край карункамі, якіх патрабуецца да пяці метраў. У самой аснове пераважна карыстаюся акрылавымі ніткамі слонімскай фабрыкі. Гэты матэрыял эластычны, мяккі, ён лягчэй мыецца.

Таксама вязала і з баваўняных нітак, а нядаўна паспрабавала лён. Такі парасон выглядае прыгожа, але невядома, наколькі ён практычны, бо нітка цяжэйшая і можа з цягам часу зламаць металічную канструкцыю. Тым не менш, такія парасоны ў трэндзе», — расказвае Ніна.

Яна лічыць, што распрацаваная лінія апрабаваная і мае падмурак для далейшага развіцця. Цяпер Дом рамёстваў рыхтуецца да ўдзелу ў чарговым Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, які адбудзецца ў чэрвені.

Мяркуецца, што разам з іншымі творамі дэкаратыўнага-прыкладнога мастацтва ў экспазіцыі будуць прысутнічаць і прыгожыя парасоны ад Ніны Кенько. Майстрыха збіраецца пачаць працу над імі ў сакавіку.

Гісторыя сведчыць, што ў Кітаі гэты аксесуар сталі выкарыстоўваць у XI стагоддзі. Парасоны рабілі з паперы, насычанай воскам. А вось палатняныя парасоны першымі з’явіліся ў Францыі ў XVII стагоддзі: яны абаранялі ад сонца і атрымалі адпаведную назву — «парасоль», што азначае «супраць сонца». Канструкцыя рабілася з кітавага вуса, аснову складалі шоўк, аксаміт, тафта і карункі, упрыгожвалі іх паўлінавыя пёры, каштоўныя камяні. Гэта былі прадметы раскошы.

А вось наш сённяшні парасон, які выратуе ад дажджу, прапанаваў англічанін Джон Хенвей у 1772 годзе. У якасці пакрыцця ён ужыў шчыльную тканіну і хадзіў з ім па Лондане пад дажджом. Напачатку XIX стагоддзя такі парасон таксама атрымаў шырокае распаўсюджванне ў Еўропе. На працягу XX стагоддзя канструкцыя яго пастаянна ўдасканальвалася, ён станавіўся больш лёгкім і кампактным, з аўтаматычным механізмам.

Чытайце таксама:

«Уражваюць сваёй рэалістычнасцю». Жанчына з-пад Баранавіч стварае дзівосныя інтэр'ерныя лялькі

У вёсцы пад Рагачовам адраджаюць традыцыю перадкаляднага ўпрыгажэння хаты саламянымі павукамі

«Ніколі двух аднолькавых вырабаў не звязала». Маладая мама зарабляе на жыццё прыгожым вязаннем

Жанчына з Баранавічаў кінула працу ў школе і стала зарабляць на тыльдах

Клас
7
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1