Ірына Такарчук

Ірына Такарчук

«У 7.30 раніцы да мяне ў кватэру прыйшлі два кэгэбэшнікі ў грамадзянскай форме адзення,— кажа Вольга Такарчук. — Быў павярхоўны ператрус, самі яны былі культурнымі і ветлівымі, нават разуліся. Забралі мой тэлефон, паклікалі панятых, склалі пратакол. Дзеці (дачцэ — 6 гадоў, сыну —10) напалохаліся».

Вольгу Такарчук забралі на допыт у КДБ, дзе пыталіся пра е-дастаўку.

«На пытанне: «Вы нешта ведаеце?» я сказала: «Не ў курсе, я блогер, у мяне ёсць падпісчыца, яна вырашыла дапамагчы — вось дапамагала. Нічога больш я не ведаю». Паглядзелі тэлефон, выпісалі дастаўкі, якія былі ў мяне. Бліжэй да абеду сказалі: «Мы зараз паедзем да мамы».

Дазволілі ёй патэлефанаваць па гучнай сувязі, сказаць, што да яе едуць. І яны прыехалі да яе ўжо цалкам падрыхтаваныя. Задавалі канкрэтныя пытанні, папрасілі напісаць яўку з павіннай. Маму забралі ў КДБ, я таксама яшчэ была там. Мяне папярэдзілі, што прывезлі маму.

Мне таксама прапанавалі напісаць яўку з павіннай, я кажу: «У чым мне вінаваціцца? Што мне падпісчык дапамагаў каўбасой?» Яны: «Напішы чыстасардэчнае прызнанне, што ты раскайваешся і больш не будзеш браць каўбасу ў падпісчыка».

У мяне забралі тэлефон з сім-картай і дзесьці а палове дзявятай вечара адпусцілі. Мама засталася там. Потым ужо сказалі, што мама затрыманая. Маму каталі з Акрэсціна ў СІЗА належныя тры дні. Нам удалося перадаць ёй нейкія рэчы».

На наступны дзень следчы патэлефанаваў тату Вольгі Такарчук і сказаў прыехаць у якасці сведкі па справе яго жонкі Ірыны Такарчук. Бацька Вольгі адмовіўся ад дачы ўсіх паказанняў. У яго забралі тэлефон.

«На трэці дзень мамінага арышту і мяне выклікалі сведкам па маме. Я таксама адмовілася ад дачы паказанняў. Спыталася: «Дзе мой тэлефон?» Сказалі, што яшчэ ў следчага», — расказвае Вольга.

У гэты ж дзень мы даведаліся, што на маму распачалі крымінальную справу. Няма гарантыі, што і на мяне з бацькам не завядуць крымінальных спраў».

Ірына і Вольга Такарчук

Ірына і Вольга Такарчук

За суткі было прынята рашэнне адносна выезду: Вольга Такарчук з дзецьмі і бацькам цяпер у бяспецы.

«У мяне ў Беларусі засталася адна сястра, а на ёй — бабуля з інваліднасцю (татава мама) і мама, якая на дадзены момант у турме Жодзіна.

Калі я яшчэ пасля свайго вызвалення ўсё ж такі маральна рыхтавалася да таго, што, можа быць, трэба будзе бегчы (і тое, у выніку, я аказалася маральна не гатовая), то для таты свет паваліўся раптоўна. Ён пакінуў усё: кватэру, машыну, сабаку, сваю маму, сяброў і, галоўнае, сваю жонку, якая ў турме «за каўбасу і макароны». Цяпер ён у такім стане, што складана перадаць».

На сённяшні дзень Ірыне Такарчук выставілі абвінавачванне па частцы 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

«Мама заўсёды рабіла так, каб я не знікала з парадку дня і была на слыху ў людзей [падчас майго зняволення], і мне вельмі важна, каб людзі ведалі і пра яе. Яна — наш герой!!! Чалавек, які ўсё жыццё жыў і рабіў па сумленні! Мы ёй вельмі ганарымся і бясконца яе любім!», — кажа Вольга Такарчук.

Чытайце таксама:

«У мяне гематома ў мозгу засталася з таго часу». Ахвяра сілавікоў расказала, што ў яе цяпер з жыццём і здароўем

Дзвюх жанчын з Ліды аштрафавалі за атрыманне дапамогі ад INeedHelpBY. Дзяржава забірае сабе і суму дапамогі

Былому палітвязню Аляксею Раманаву, які адбыў 15 сутак, суд даў чарговыя

Клас
4
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
18
Абуральна
58