Аляксандр кажа, што не меў ілюзій наконт настрояў у грамадстве — і з Украіны бачна, што падтрымка беларускіх ваяроў ужо не такая, як раней. Але ўсё роўна быў шакаваны тым, што пабачыў сярод беларусаў замежжа:

«Думаў, што падтрымка добраахвотнікаў і валанцёраў, якія дапамагаюць Украіне змагацца супраць імперскай Расіі, складае працэнтаў 20 ад максімуму. Але не чакаў, што насамрэч яна акажацца такая маленькая: па маіх назіраннях, падтрымка складае працэнтаў пяць, а то і імкнецца да нуля.

І гэта не толькі падтрымка, а і ўвогуле памяць пра добраахвотнікаў, пра тое, што яны змагаюцца і ім трэба тыя ці іншыя рэчы, каб захаваць сваё жыццё і лепш выканаць задачу. Гаворка і пра маральную падтрымку — ёсць уражанне, што вайны быццам бы няма, яна вельмі далёка. А пра добраахвотнікаў узнікаюць пытанні: што яны там робяць, навошта яны паехалі? Маўляў, калі б яны змагаліся за Беларусь, мы б іх падтрымалі, але ж яны там сапраўды за яе змагаюцца». 

Аляксандр разважае, што ваяры мусяць быць на слыху, каб тыя, хто можа, падтрымлівалі іх матэрыяльна, а хто не можа — хаця б добрым словам, вестачкай у інтэрнэце або папяровым лістом, бо любая падтрымка важная. Беларусы пішуць лісты палітвязням, але рабіць тое ж самае для добраахвотнікаў чамусьці не ў трэндзе.

Былы каліновец расказвае, што яму некалі дасылалі перадачу праз Беларускі дом у Варшаве. Адтуль перадача трапляла ў штаб палка Каліноўскага ў Кіеве, а потым — да ваяра. Клачко мяркуе, што такім жа чынам можна пісаць і іншым каліноўцам, галоўнае — каб было жаданне.

Адкуль з’явілася ўражанне, што вайна для беларусаў — нешта далёкае? «Праз гутаркі з беларусамі, перапіску ў нейкіх беларускіх чатах. Гэта не зусім аб’ектыўныя даныя, але ўсё ж такі пэўны сацыяльны зрэз я бачу, і па Вільні гэта сумная карціна. Ды нават у Кіеве людзі кажуць, што стамляюцца ад вайны і пераключаюцца, перастаюць чытаць навіны пра вайну. Аднак найлепшы сродак забыцца на вайну — гэта яе скончыць, то-бок выгнаць ворага і вызваліць сваю зямлю.

Калі я быў у палку, мы няшмат гутарылі пра настроі людзей у тыле, бо мелі іншыя клопаты. Але маю асабістыя назіранні пра гэта.

Запомнілася, як недзе вясной 2023-га я прачытаў у адным з беларускіх чатаў, як нашых добраахвотнікаў называюць наймітамі, быццам бы гэта чужая вайна, і я быў шакаваны». 

Такую думку, расказвае Аляксандр, у чаце транслявалі адзін-два чалавекі, яе падтрымлівалі яшчэ некалькі суразмоўцаў, але ў чаце было 400 чалавек. І мужчыну больш за ўсё здзівіла, што амаль усе яны прамаўчалі ў адказ на моцную абразу ў бок добраахвотнікаў:

«Не ведаю, на якім яны баку насамрэч, але яны маўчалі. Дык чаму маўчаць 390 чалавек, калі ідзе такая абраза ў бок тых, хто змагаецца ва Украіне? Мы не найміты! Замест падтрымкі пратэсныя беларусы даюць негатыўную ацэнку тваім дзеянням. Калі ты чуеш такое ад пратэсных беларусаў, хочацца спытацца — што ў вас у галаве, чаму вы ўвогуле з’ехалі з Беларусі?» 

Ёсць тры тыпы паводзінаў, разважае Аляксандр. Першы — меркаванне, што трэба падтрымаць патэнцыйную беларускую армію ў барацьбе супраць імперскай Расіі, якая сёння адбірае нашу незалежнасць. Другі — гэта калі чалавек паважае дабраахвотнікаў, але мае свае клопаты і таму не падтрымлівае іх актыўна. І трэці — гэта крытыка ваяроў: маўляў, вайна — гэта ваш выбар, я вас не прасіў туды ехаць. 

Як патлумачыць такія погляды? Нават у тых беларусаў, якія ў 2020-м выйшлі на пратэст, ёсць розныя каштоўнасці і прыярытэты, а таксама рознае стаўленне да Расіі, разважае Аляксандр. Нехта можа быць супраць Лукашэнкі, але яму блізкія наратывы ці каштоўнасці рускага свету. Такія людзі не разумеюць, што беларусы цяпер робяць ва Украіне, што ад аслаблення Расіі як імперыі залежыць магчымасць для нас вярнуцца ў Беларусь або час ад часу туды прыязджаць. Яны думаюць, што калі Лукашэнка памрэ, у Беларусі нешта само сабой зменіцца, але так не будзе, пакуль няма перамен у Расіі. Толькі калі Расія з яе імперскімі наратывамі перастане існаваць, у нас будзе шанец.

«Беларусам, якія змагаюцца, трэба разумець сваю канчатковую мэту, а таксама шанаваць каштоўнасці беларушчыны. Калі іх у цябе няма і ты іх не разумееш, такі чалавек хутка стоміцца, складзе рукі і стане звычайным працоўным мігрантам. Рэжымы Лукашэнкі і Пуціна разумеюць важнасць такіх каштоўнасцей, бо яны гэта ўсё вынішчаюць — гістарычную памяць, беларускую мову і культуру. Трэба, каб беларусы гэта таксама разумелі і баранілі сваё, чужога нам не трэба.

Важна падтрымліваць палітвязняў і ветэранаў, але на першым месцы мусіць быць падтрымка той сілы, якая можа гэта ўсё спыніць. Зрабіць так, каб выйшлі ўсе палітвязні, каб не з’яўлялася больш новых ветэранаў. Гэта могуць зрабіць добраахвотнікі і тыя беларусы, якія таксама гатовыя ўзяць у рукі зброю і наблізіць вызваленне Беларусі. А калі мы будзем падтрымліваць толькі ахвяр, мы самі становімся ахвярай, і ўсё гэта будзе доўжыцца бясконца. Выглядае, што для Еўропы тэма добраахвотнікаў у нечым табуяваная, то мы мусім самі дапамагаць нашым добраахвотнікам», — падсумоўвае Аляксандр.

Чытайце таксама:

«Прыйдзе дзень — і ад Лукашэнкі пабягуць». Кіраўнікі Палка Каліноўскага сустрэліся з беларусамі Вільні

Чаму Зяленскі хоча зняць Залужнага? Чатыры прычыны

Выйшаў каляндар з партрэтамі беларускіх ваяроў, якія загінулі ва Украіне. Іх намалявалі ўкраінскія дзеці

Клас
25
Панылы сорам
12
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
10
Абуральна
8

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?