Пазашлюбнае дзіця

Пазашлюбных дзяцей на захадзе і поўдні беларускіх зямель нашы продкі называлі байструкамі.

На тэрыторыі сучасных Магілёўскай, Віцебскай абласцей і паўднёвай часткі Міншчыны пазашлюбных дзяцей называлі крапіўнікамі. А яшчэ на Віцебшчыне і Міншчыне распаўсюджанымі назвамі былі бансюк, багдан, бэнсь і банкарт.

На тэрыторыі Віцебскай вобласці, амаль на межах з Расіяй, было распаўсюджанае слова выбледак.

На Гомельшчыне яшчэ былі назвы бенок і баркан.

А побач з Магілёвам пазашлюбных дзяцей звалі і бязбацькавічамі.

Радня

Амаль па ўсёй тэрыторыі радню так і называлі радня. Аднак ёсць і адрозненні.

Каля Гродна, Брэста, Гомеля сустракаецца назва свае. Гэтая назва дамінавала на тэрыторыі Мёршчыны, Шаркаўшчыны і часткова Глыбоччыны і Полаччыны.

А яшчэ была назва крэўныя. Так называлі радню часам на паўночна-заходняй частцы Міншчыны. Там жа сустракаліся і адзінкавыя назвы свае.

Айчым

Асноўныя адрозненні ў назве — на захад ці на ўсход ад Мінска. У заходняй частцы краіны айчымаў так і называлі — айчымамі. А ва ўсходняй — отчымамі.

На Палессі быў свой варыянт — атчым.

На Расоншчыне айчымаў называлі войчымамі.

Пасынак

Пасынкаў так і называлі — пасынкамі. На ўсходзе Магілёўскай і Гомельскай абласцей — амаль на мяжы з Расіяй — выкарыстоўвалі назву несын.

На самым захадзе Беларусі — пасерб.

На тэрыторыі Драгічынскага і Кобрынскага раёнаў сустракалася і назва сыновец.

Падчарка

Назва падчарка сустракаецца ва Усходняй Беларусі.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі быў шэраг назваў, якія азначалі падчарку. У асноўным дамінавала слова падчарыца.

На Палессі — панчэрыца, пасэрба, падчарка, пасярбіца, дочанка.

Стрыечныя браты і сёстры

Дваюраднымі і дваюроднымі называлі кузэнаў ва Усходняй Беларусі. Першы варыянт дамінаваў на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Другі — на Палессі.

У адзінкавых выпадках назва дваюрадныя сустракалася на тэрыторыі Гродзеншчыны, але там, як і на Брэстчыне, у асноўным выкарыстоўвалі — стрыечныя браты ці сёстры.

У Заходняй Беларусі была і назва збрадзеці. Яна была шырока распаўсюджанай на Шаркаўшчыне і Глыбоччыне.

Продкі

А як жа называлі продкаў нашы продкі? Амаль па ўсёй тэрыторыі — дзяды.

У Заходняй Беларусі была яшчэ назва прадзяды.

Прэдкамі называлі на Палессі і Магілёўшчыне. Назва продкі была распаўсюджана на Міншчыне.

А яшчэ сустракаліся радзіцелі — так называлі продкаў на мяжы Віцебшчыны і Магілёўшчыны з Расіяй.

Нашчадкі

Вядомае нам слова нашчадкі раней шырока ўжывалі на Гродзеншчыне.

У асноўным у Беларусі дамінавала слова патомства і патомкі.

Слова пакаленне бытавала ля Брэста, Гомеля і Гродна.

На Міншчыне выкарыстоўвалі словы наследнікі і наследства.

У сённяшнім Маларыцкім раёне нашчадкаў называлі праўнукі.

А на Полаччыне і Ушаччыне — адроддзя.

Чытайце таксама:

«Хай хто-небудзь ужо нарэшце скажа: трэба вывучаць беларускую як замежную мову»

Любіце гульні і беларускую мову? Глядзiце, якi «Праграмісцкі кут» стварыў aйцішнік

Каго з беларускіх пісьменнікаў найбольш выдавалі за савецкім часам? Не ўсіх вы ведаеце

Клас
26
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
4