Фота: Getty Images

Фота: Getty Images

Вось і скончыўся час папулярнасці разгульнага ладу жыцця. Калі надыходзіць вечар, моладзь часцей за ўсё выбірае пачытаць кніжку і заснуць. Так, прынамсі, у ЗША — а амерыканскія трэнды часцей за ўсё распаўсюджваюцца на ўвесь свет.

Сёння людзі ад 18 да 35 гадоў кажуць, што яны разумеюць сувязь паміж сном і здароўем і адчуваюць доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя перавагі доўгага спання. Моладзь таксама сцвярджае, што знаходзіць задавальненне ў тым, каб трымацца сваіх улюбёных вячэрніх рытуалаў і адмаўляцца ад позняй вячэры.

Як піша WSJ, згодна з данымі апытання, праведзенага RentCafe, у 2022 годзе моладзь да 20 гадоў паведаміла, што спіць у сярэднім 9 гадзін 28 хвілін. Гэта на 8% больш, чым 8 гадзін і 47 хвілін, якія, паводле іх слоў, яны спалі ў 2010 годзе. У людзей, якім 30 і 40 гадоў, назіралася меншае павелічэнне.

Вечарынка, але пры дзённым святле

Замест таго каб у выхадныя цягацца па барах да світанку, моладзь усё часцей аддае перавагу імпрэзам а 5-й і а 6-й вечара. Некаторыя кажуць, што гэта эканоміць ім сотні даляраў на ежы і напоях, якія яны набываюць, калі бавяць час у барах да самага рання.

Гэта ўплывае і на працу ўстаноў: у ЗША колькасць браніраванняў у перыяд з 18 гадзін да паўночы скарацілася, тады як браніраванне з 16-ці да 18-ці зараз складае 31%.

Таксама з’явілася шмат дзённых імпрэз, сярод якіх «ранішнікі» з нагоды Хэлоўіна (які звычайна святкуецца ўначы) і ранняя сустрэча Новага года — калі ўдзельнікі прыходзяць а 8-й, каб пасля адразу пасля поўначы накіравацца ў бок ложка.

Новы трэнд

Для некаторых прадстаўнікоў моладзі магчымасць рана класціся спаць азначае таксама адмову ад мітусні сучаснай культуры і прызнанне таго, што дзевяць гадзін на адпачынак — гэта не лянота, а патрэба твайго арганізма.

«Я заўсёды думала, што праз сваю патрэбу ў сне выглядаю лянівай, і спрабавала змагацца з гэтым», — кажа 32-гадовая Келі Баскін, актрыса агучвання з Лос-Анджэлеса.

Сёння яна імкнецца класціся спаць з 8 да 9 гадзін вечара і сцвярджае, што матываваць сябе да такой традыцыі ёй дапамагла дэстыгматызацыя ранняга адыходу да сну ў сацыяльных сетках.

Гаворка пра трэнд #SoftGirl у тыктоку, які культывуе павольную хатнюю актыўнасць, такую як вядзенне дзённіка, піццё гарбаты ці заспакаяльныя рытуалы перад сном. Відэаролікі з гэтым хэштэгам у тыктоку прагледжаныя агулам 2,9 мільярда разоў.

Медыкаў цешыць, што ўсё больш людзей сур'ёзна ставяцца да свайго сну, але часам людзі робяць гэта занадта сур’ёзна. «Яны становяцца крыху неўротыкамі з гэтай нагоды», — звяртае ўвагу кіраўнік праграмы клінічных даследаванняў парушэнняў сну ў Масачусецкай бальніцы ў Бостане Джон Вінкельман.

Ён прызнае перавагі не надта позняга, а галоўнае — рэгулярнага адыходу да сну, але не бачыць нейкай звышкарысці ў тым, каб класціся спаць раней увесь час — «толькі калі вам не трэба ўставаць а 3-й гадзіне ночы».

Чытайце таксама:

19 лайфхакаў для добрага сну

Вывучэнне сноў: навукоўцы адкрываюць новыя каналы сувязі са спячымі людзьмі

Як маладыя людзі шукаюць сяброў у сучасным свеце

Клас
13
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
7
Сумна
3
Абуральна
1