Калаж: «Наша Ніва»

Калаж: «Наша Ніва»

Як паведамляе буйная амерыканская газета Variety, кампанія Universal Music Group не змагла дамовіцца аб працягу супрацоўніцтва з платформай TikTok, якое скончваецца 31 студзеня. 

На практыцы гэта азначае забарону платформе на карыстанне тысячамі кампазіцый розных выканаўцаў.

«Кампаніі разышліся па пунктах новага пагаднення і не ўзгаднілі яго, таму па сканчэнні тэрміну дзейнага супрацоўніцтва Universal Music Group, уключаючы Universal Music Publishing Group, спыніць ліцэнзаванне свайго кантэнту для TikTok і TikTok Music», — заявіла кампанія Universal Music Group.

Паводле Variety, бакі пасварыліся з-за трох пунктаў новага пагаднення: абарона правоў выканаўцаў ад штучнага інтэлекту, анлайн-бяспека карыстальнікаў тыктока і належная кампенсацыя для выканаўцаў за выкарыстанне іх кампазіцый платформай.

Як сцвярджае Universal Music Group, «тыкток прапанаваў плаціць артыстам толькі частку ад стандартнай працэнтнай стаўкі за выкарыстанне іх трэкаў (менш, чым плацяць у іншых сацсетках), падаючы гэта яшчэ і як выдатную паслугу за магчымасць прасоўвацца бясплатна на платформе з мільярдам карыстальнікаў». 

«Тыкток спрабуе пабудаваць музычны бізнэс, не плацячы справядлівую цану за музыку. Мы заўсёды будзем змагацца за нашых артыстаў і аўтараў, адстойваючы творчую і камерцыйную каштоўнасць музыкі», — адзначылі прадстаўнікі Universal Music Group.

Акрамя гэтага, кампанія паскардзілася, што «тыкток належным чынам не абараняе выканаўцаў ад капіявання іх творчасці штучным інтэлектам, а таксама практычна не змагаецца з кантэнтам, які прапагандуе нянавісць, фанатызм, здзекі і дамаганні на платформе».

«Замест таго, каб вырашыць гэтыя праблемы, кіраўніцтва тыктока, наадварот, пачало нас запалохваць, выбарачна выдаляючы з платформы творчасць тых нашых артыстаў, якія яшчэ толькі пачынаюць набываць папулярнасць.

Тыкток таксама прасоўвае падаўжэнне супрацоўніцтва з намі з куды меншай аплатай нашага кантэнту. Мы на гэта не пойдзем і выдалім усе нашыя песні з платформы», — прыгразіла кампанія Universal Music Group.

У адказ на скаргі кампаніі прадстаўнікі тыктока заявілі, што іх «расчароўвае прагнасць Universal Music Group і яе адыход ад магутнай падтрымкі платформы з больш чым мільярдам карыстальнікаў, якая служыць бясплатным рэкламным інструментам і сродкам выяўлення таленту яе артыстаў». 

«Мы змаглі дасягнуць такіх ж пагадненняў з усімі іншымі лэйбламі і выдаўцамі. Відавочна, што эгаістычныя дзеянні Universal не ў інтарэсах артыстаў і іх прыхільнікаў», — адказалі прадстаўнікі тыктока.

Лэйбл Universal Music Group валодае правамі на творчасць такіх выканаўцаў, як Тэйлар Свіфт, Bad Bunny, Sting, The Weeknd, Alicia Keys, SZA, Steve Lacy, Дрэйк, Billie, Білі Айліш, Kendrick Lamar, Rosalía, Гары Стайлз, Арыяна Грандэ, Джасцін Бібер, Adele, U2, Элтан Джон, J Balvin, Brandi Carlile, Coldplay, Pearl Jam, Боб Дылан і Post Malone.

Усе яны могуць знікнуць з каталога тыктока ўжо заўтра.

Чытайце таксама:

Мова наша. Чаму Тыкток лепшы за Цікток?

Як надзейна пачысціць акаўнт у TikTok — падрабязны гайд

Кампанія-ўладальнік TikTok грае ключавую ролю ў вайскова-прамысловай сферы Кітая — справаздача

«Беларусы — тыя ж рускія, проста не ўсе яшчэ зразумелі». Як беларусы пад бел-чырвона-белым і расійскім сцягамі ўдзельнічаюць у тыкток-батлах

Клас
9
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
0