Вольга Маёрава

Вольга Маёрава

Паводле інфармацыі Hrodna.life, у асуджанай па справе Аўтуховіча Вольгі Маёравай ёсць праблемы з горлам, але яе не абследуюць. Таксама ёй не даходзяць пераводы і лісты ад сына. 

Крыніца сцвярджае, што бухгалтэрыя не аддае грошы, якія ўжо паступілі на рахунак Маёравай. А новыя грашовыя пераводы ёй забароненыя, бо Вольга трапіла ў спіс «тэрарыстаў».

Вольга Маёрава — грамадская актывістка, раней — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яе затрымалі ўвечары 4 студзеня 2021 года ва ўласным доме ў вёсцы Нача Крупскага раёна па «справе Аўтуховіча». 17 кастрычніка 2022 года Гродзенскі абласны суд прызначыў ёй 20 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Яе этапавалі ў ПК № 4 Гомеля.

У гэтай жа калоніі адбывае пакаранне Марыя Калеснікава. Вядома, што яна знаходзіцца ў ПКТ. Падчас паходу ў санчастку яе суправаджалі шэсць супрацоўнікаў калоніі. Марыя схуднела да 42-га ці 44-га памеру. Яе чорныя валасы адраслі да стрыжкі карэ. Але Марыя, нягледзячы ні на што, усміхаецца, перадала крыніца Hrodna.life.

Марыя Калеснікава на судзе

Марыя Калеснікава на судзе

Адна з найбліжэйшых паплечніц Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава была выкрадзеная 7 верасня 2020 года ў Мінску і разам з яшчэ двума сябрамі Каардынацыйнай рады, Антонам Раднянковым і Іванам Краўцовым, яна была гвалтоўна прывезеная на беларуска-ўкраінскую мяжу для выдварэння з краіны. Аднак, парваўшы свой пашпарт на памежным пераходзе і выскачыўшы з аўтамабіля, Марыя Калеснікава перашкодзіла рэалізацыі спецаперацыі сілавікоў. 6 верасня 2021 года Мінскі раённы суд прысудзіў яе да 11 гадоў пазбаўлення волі. 28 лістапада 2022 года Марыю даставілі ў хірургічнае аддзяленне гомельскай бальніцы хуткай дапамогі і прааперыравалі з прычыны прабадной язвы і перытаніту.

Таксама крыніца Hrodna.life сцвярджае, што ёсць факты, калі палітвязняў у ПК № 4 цяпер наўмысна заражаюць каростай праз іншых зняволеных. Медыкі калоніі называюць яе «алергіяй».

Чытайце таксама:

У калонію, дзе сядзяць Калеснікава і Золатава, прывезлі салодкія падарункі ад Лукашэнкі

«Яны схапілі мяне ў дзень няшчасця майго». Зміцер Дашкевіч прабыў паўгода ў бетоннай клетцы

У наваполацкай калоніі вязням дазволілі акунуцца ў купель

Клас
5
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
12
Абуральна
63