Амерыканскае консульства і вайсковыя аб'екты ў іракскім горадзе Эрбіль трапілі пад абстрэл балістычнымі ракетамі з боку Ірана, паведаміла агенцтва Mehr са спасылкай на Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР).

«У адказ на нядаўнія тэрарыстычныя злачынствы ворагаў ісламскага Ірана, штаб-кватэра шпіёнаў<…> была атакаваная балістычнымі ракетамі КВІР і знішчаная», — гаворыцца ў паведамленні вайскоўцаў.

Па іх словах, іранскія вайскоўцы нанеслі ўдары не толькі па консульстве, але і па амерыканскіх вайсковых базах, піша РБК.

ABC News са спасылкай на крыніцу ў іракскіх службах бяспекі паведамляе, што ў Эрбілі спынена паветранае злучэнне, а ўдары былі «вельмі жорсткімі». Усяго нападу падвергліся восем аб'ектаў каля консульства ЗША. Паводле звестак суразмоўцы тэлеканала, загінулі чатыры чалавекі, сярод іх няма амерыканцаў. Сілы кааліцыі збілі тры беспілотнікі каля аэрапорта ў Эрбілі.

Адказнасць за ўдары ўзяў на сябе Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР).

Паведамляецца пра двух загінулых і пяць параненых.

Разам з тым амерыканскія СМІ са спасылкай на двух чыноўнікаў ЗША пішуць, што «ніводны з амерыканскіх аб'ектаў у Эрбілі не падвяргаўся ракетным нападам».

Акрамя таго, як паведамляе Al Jazeera, былі атакаваныя аб'екты ў Сірыі.

У ноч на 12 студзеня ўзброеныя сілы ЗША і Вялікабрытаніі нанеслі ўдары па аб'ектах еменскіх хусітаў у адказ на атакі на гандлёвыя судны ў Чырвоным моры. Хусіты называлі свае дзеянні рэакцыяй на «агрэсію» ЗША і Ізраіля ў сектары Газа.

Афіцыйны прадстаўнік іранскага МЗС Насэр Канані Чафі назваў атаку самаўпраўнасцю, парушэннем суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Емена. Ён падкрэсліў, што такія дзеянні ўзмоцняць нестабільнасць у рэгіёне.

Клас
6
Панылы сорам
5
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
31