М'янма Мьянма Myanmar

М'янма. Фота: Wikimedia Commons

1 лютага 2021 года ў Мʼянме адбыўся дзяржаўны пераварот. Вайскоўцы ўзялі пад варту прэзідэнта краіны Віна Мʼіна, дзярждарадцу Аун Сан Су Чжы і іншых лідараў кіроўнай партыі «Нацыянальная ліга за дэмакратыю». Камандуючы ўзброенымі сіламі генерал Мін Аунг Хлайн стаў часовым прэзідэнтам.

Дзяржаўны пераварот перарваў дзесяцігадовы працэс пераходу Мʼянмы да дэмакратыі і вярнуў краіну ў статус ізгоя. А ў самой краіне распачалася новая грамадзянская вайна. Вайскоўцам супрацьстаяць паўстанцы на чале з Урадам нацыянальнай еднасці.

У навагоднім звароце часовы кіраўнік урада Мʼянмы Дува Лашы Ла (Duwa Lashi La) заявіў, што канец хунты ў краіне блізкі:

«Мы бачым беспрэцэдэнтнае масавае дэзерцірства і здачу ў палон салдат ваеннага савета (хунты — «НН»). Гледзячы на гэта, можна сказаць, што канец ваеннага савета блізкі»,

цытуе словы Дува Лашы Ла Radio Free Asia.

М'янма Мьянма Myanmar

Сітуацыя ў М'янме на 1 студзеня 2024 года. Крыніца: @ThomasVLinge / Х (Twitter)

Наступ абʼяднаных сіл паўстанцаў (вядомых як «Альянс трох брацтваў») пачаўся 27 кастрычніка 2023 года. Ён атрымаў назву «аперацыя 1027». Апазіцыі ўдалося ўзяць пад кантроль шэраг гарадоў у паўночным штаце Шан (Shan), некалькі ключавых пераходаў на мяжы з Кітаем, а таксам захапіць дзясяткі ваенных блокпастоў і лагераў хунты. У выніку падраздзяленні хунты былі фактычна заблакаваныя ад адпраўкі падмацавання.

Аб тым, што поспехі паўстанцаў сапраўды істотныя, сведчыць іх прызнанне лідарам хунты Мінам Аунгам Хлайнам (Min Aung Hlaing) у сваім выступленні пры канцы лістапада 2023 года.

Three Brotherhood Alliance Альянс трёх братств Альянс трох брацтваў Three Brotherhood Alliance

Паўстанцы на фоне захопленай зброі і палонных. Скрын відэа aljazeeraenglish / YouTube

Міжнародныя назіральнікі адзначаюць ролю Кітая як ключавога фактару ў рэалізацыі «аперацыі 1027». Яны звяртаюць увагу на той факт, што Кітай зацікаўлены ў ліквідацыі цэнтраў кібермахлярства, размешчаных на тэрыторыі краіны, ахвярамі якіх у першую чаргу становяцца кітайцы.

Акрамя гэтага, паўстанцы атрымалі зброю ад Абʼяднанай арміі дзяржавы Ва (самаабвешчанай дзяржавы на тэрыторыі паўночнага штата Шан). Аналітыкі адзначаюць, што гэта стала магчыма таксама дзякуючы Кітаю, які аслабіў абмежаванні адносна самаабвешчанай дзяржавы. Абʼяднаная армія дзяржавы Ва налічвае каля 30 тысяч чалавек і лічыцца самым магутным недзяржаўным фармаваннем рэгіёна. На ўзбраенні ў яе, акрамя ўсяго іншага, знаходзяцца нават сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Поспехі ў штаце Шан не адзіныя. Назіраецца рост актыўнага супраціву ў суседнім з Індыяй штаце Чын (Chin). Як паведамляецца, 29 снежня пасля бітвы ля пасёлка Палетва ў гэтым штаце звыш 80 ваеннаслужачых войск хунты ўцяклі ў індыйскі штат Мізарам. За апошнія два месяцы гэта быў чацвёрты такі выпадак.

Прасоўванне паўстанцаў назіраецца і ў іншых штатах краіны — Качын (Kachin), Ракхайн (Rakhine), Кая (Kayah), Сагайн (Sagaing).

 Арміі вызваленне Та-анг Ta'ang National Liberation Army Армия освобождения Та-анг

Вайсковец з нашыўкай Арміі вызваленне Та-анг (TNLA), якая ўваходзіць у Альянс трох брацтваў. Скрын відэа aljazeeraenglish / YouTube

Як пішуць карэспандэнты IndyStar, якія пабывалі ў раёне баёў, паўстанцы выйшлі з джунгляў і набылі вопыт у гарадскіх бітвах, актыўна выкарыстоўваюць беспілотнікі для скідвання бомбаў на пазіцыі праціўніка і ўстанаўліваюць пасткі з дапамогай самаробных выбуховых прыстасаванняў.

Па падліках аналітыкаў, на пачатку 2024 года пад кантролем паўстанцаў знаходзяцца 33 гарады па ўсёй краіне, за 15 гарадоў ідзе барацьба. Яшчэ тры месяцы назад паўстанцы кантралявалі толькі 8 гарадоў. Паводле ацэнак, толькі за апошні месяц было адваявана звыш 14 тысяч квадратных кіламетраў тэрыторыі.

Такім чынам, на пачатку 2024 года кіроўная хунта мела кантроль толькі над 40% тэрыторыі М'янма.

Урад нацыянальнай еднасці сцвярджае, што хунта згубіла кантроль над гандлёвымі шляхамі з Кітаем і Індыяй — асноўнымі крыніцамі даходу ва ўмовах санкцый, а яе войскі вымушаны абараняцца адначасова ў розных рэгіёнах краіны.

Чытайце яшчэ:

Нобелеўская лаўрэатка Аун Сан Су Чжы часткова памілаваная ўладамі М'янмы. А разам з ёй яшчэ 7700 палітвязняў

Расія прыйшла на падтрымку хунце М’янмы

У М'янме падчас пратэстаў за адзін дзень забілі больш за 100 чалавек. Сярод ахвяраў ёсць дзеці

Клас
77
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
8
Сумна
1
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?