Падчас маніторынгу арляцоў на Сярэдняй Прыпяці 21 ліпеня ў адным з гнёздаў нечакана знайшлі зусім маленькае арляня, 2-3 дні ад нараджэння. У такім узросце не тое што кальцаваць, але і падыходзіць да дрэва не варта, але хто ж ведаў. Арнітолаг Дзмітрый Шамовіч хутка пакінуў гняздо, зрабіўшы толькі фота птушаняці.

«За ўсю больш чым 20-гадовую практыку вывучэння арляцоў такіх позніх выпадкаў гнездавання яшчэ не было, — кажа Валер Дамброўскі. — Дагэтуль найпазнейшы выпадак размнажэння вялікага арляца адзначаны ў 2008 годзе на Альманскіх балотах. Тады самка пачала наседжваць паўторна адкладзенае яйка 30 траўня».

У пачатку верасня прыйшоў час адведаць птушаня. Арнітолаг Станіслаў Верталь паставіў фотапастку і закальцаваў арляня, яно было ў добрым стане. 

Але першыя непрыемнасці ў яго ўжо пачаліся — на гняздо ўпала суседняе дрэва. Толькі нейкім цудам птушаня не пацярпела. Далейшыя падзеі вядомыя ўжо з фотапасткі.

Птушаня пачало лётаць 22 верасня і часта вярталася на гняздо, куды часам дарослыя прыносілі ежу. 

Але роднае гняздо стала і смяротнай небяспекай, калі праз тыдзень на ім замест бацькоў нечакана з’явіўся… дарослы арлан-белахвост. 

«Гартаючы фота далей, я не мог даць веры вачам, — кажа Валер. — Вось малады арлец пікіруе на гняздо проста да арлана нібы з патрабаваннем ежы. А вось дзіва дзіўнае — арлан уцякае ад арляца! Верагодна, арлан не чакаў такой нахабнасці і вельмі разгубіўся.

Далей было яшчэ больш дзіўна. Праз 10 хвілін арлан ачуняў і зноў паспрабаваў «захапіць» гняздо. Здавалася б, зараз ён увап’ецца моцнымі кіпцюрамі ў арляца — і таму канец. Але арлец ізноў атакуе арлана, і той… ізноў адступае. Неверагодна!

Раней я бачыў некалькі разоў, як арлан выхоплівае з гнязда даволі буйных арлянят і нясе прэч без аніякіх праблем. А тут такое! Два разы запар адбіцца ад драпежніка, утрая буйнейшага за цябе, — гэта вельмі крута нават для дарослага арляца, не кажучы пра птушаня».

Праз яшчэ 6 хвілін арлан зрабіў апошнюю атаку на гняздо і, здаецца, амаль схапіў арляца. Але не, на шчасце, толькі здалося. Арлец удала выслізнуў з жахлівых капцюроў.

Болей арлан не з’яўляўся.

Бацькі гадавалі малога аж да 9 кастрычніка, а потым усё сямейства разам зляцела. Вельмі паспрыяла незвычайна цёплае восеньскае надвор’е, праз якое значная частка арляцоў сёлета спазнілася з пачаткам міграцыі амаль на 2 тыдні.

Вядома, маладому арляцу прыйдзецца цяжка падчас міграцыі. Малавата часу было, каб навучыцца добра здабываць сабе ежу. Але можна быць амаль упэўненым, што птушка, якой шмат у чым ужо пашанцавала, якая так мужна ды ўдала адбівалася ад арлана, здолее таксама перажыць усе далейшыя нягоды і вернецца наступнай вясной да свайго роднага Палесся.

За зімовай міграцыяй беларускіх вялікіх арляцоў можна, дарэчы, сачыць анлайн.

Чытайце таксама:

Чаму беларуская птушка штогод ляціць на зімоўку на адзін і той жа лапік зямлі на поўдні Афрыкі?

Павярталіся з выраю вялікія арляцы. Але не ва ўсіх гэтых рэдкіх у нас птушак усё добра 

У Дубровенскім раёне не паляцеў у вырай цалкам здаровы бусел. Вінавацяць людзей

У Пінску зафіксавалі першы доказ гнездавання ў нас адной з найменшых птушак у Еўропе

Клас
35
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
1